Спрадвеку так было — чалавек песціў зямліцу, а яна, напітаная сонца цяплом і неба слязьмі, дзякавала за руплівы клопат сваімі дарамі. Да мазалёў шурпаціліся сялянскія рукі аб саху, плуг і, нарэшце, руль трактара. І як бы далёка не крочыў прагрэс, напэўна, у аснове асноў хлебаробскай справы застанецца тое ж, што і многія стагоддзі запар — цяжкая, парой знясільваючая фізічная праца. Праца, якая патрабуе загартаванасці, дысцыпліны, сілы цела і духу.

Усімі гэтымі якасцямі напоўніцу надзелены механізатар АССП “Першамайскі” ААТ “БелАЗ” Дзмітрый Клішэвіч. Яшчэ да тэрміновай службы ва Унутраных войсках Рэспублікі Беларусь атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. У 2001 годзе ўладкаваўся на працу ў “Першамайскі”. З таго часу і працягвае сваю працоўную сялянскую біяграфію. Гэта ў іншых сферах службовая лесвіца складаецца з прыступак-пасад. Прафесійнае ж майстэрства Дзмітрыя ацэньваецца не пасадамі, а тым, якую тэхніку давярала яму кіраўніцтва гаспадаркі. Пачынаў на старэнькім “МТЗ-82”, а сёння — за штурвалам магутнага “МТЗ 3022 ДВ”. На другім такім жа трактары ў гаспадарцы працуе Андрэй Асееў, якому таксама не займаць руплівасці. Разам яны сеялі азімыя, ці, як ласкава кажуць сяляне, “зімку”. Разам узорвалі зябліва пад будучую яравую сяўбу. Пад яравыя культуры ў АССП “Першамайскі” было адведзена 384 гектары, і, як паведаміў выконваючы абавязкі кіраўніка гаспадаркі Сяргей Лепяцёнак, гэты аб’ём ужо адолелі. Зараз на “павестцы дня” ў механізатараў “Першамайскага” — ворыва траў, апрацаваных прэпаратамі суцэльнага дзеяння пад перазалужэнне. Няма сумнення, што і тут справа пойдзе без затрымак.
Дзмітрый Клішэвіч у размове пакідае ўражанне чалавека, які ў разумнай меры задаволены жыццём. Ствараецца ўражанне, што тры “кіты”, на якіх трымаецца яго “планета”, гэта сям’я, праца і, хутчэй за ўсё, уменне адпачываць. Дома, у кватэры, якую выдзеліла гаспадарка, яго чакаюць любімыя жонка і дачушка. Да працы ляжыць душа, ды і зарабіць можна няблага. Калі ў сезон, без паломак і прастояў, працаваць на ворыве, падымаць 25 – 27 гектараў за дзень, то на тры мільёны рублёў можна разлічваць. А для адпачынку ў Слабадзе створаны ўсе ўмовы. Нездарма ж тут дзейнічае аграэкатурыстычны комплекс.
Гэта — выдатны прыклад дзейснасці дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Маладыя людзі маюць на сваёй малой радзіме дастойную працу, жыллё. Умовы — не горшыя, чым у горадзе. І, што важна, можна з упэўненасцю глядзець у будучыню.
Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.
На здымку: Дзмітрый Клішэвіч.
Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.
Информацию читайте в номере 241 – 242 от 20.10.2010 г.