Жыве і квітнее сёння наша краіна. Жыве беларуская вёска. Будуюцца новыя дамы, гуляюць вяселлі юнакі і дзяўчаты, нараджаюцца дзеткі.Свята вёскі Куркава Усяжскага сельсавета адбылося дванаццатага чэрвеня.

Жыве і квітнее сёння наша краіна. Жыве беларуская вёска. Будуюцца новыя дамы, гуляюць вяселлі юнакі і дзяўчаты, нараджаюцца дзеткі.Свята вёскі Куркава Усяжскага сельсавета адбылося дванаццатага чэрвеня.

Нездарма дзень вёскі быў прымеркаваны да  Сёмухі: вяскоўцы ж ў  святочны дзянёк вольныя і могуць добра адпачыць! 

Зранку на вуліцы гучала музыка. Каб паўдзельнічаць у святочным мерапрыемстве,  жыхары збіраліся ля сельскага Дома культуры.

Канешне ж, арганізатары паклапаціліся аб тым, каб на свяце асаблівую ўвагу надалі старэйшым, найбольш паважаным у вёсцы людзям. Адной з іх была Ніна Іванаўна Свідоўская. Ніна Іванаўна, як  некалі і яе бацькі, нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў Куркаве.   Жанчына распавяла аднавяскоўцам пра тое, што ёй давялося бачыць у дзяцінстве, у юнацтве. Як цяжка жылося тут падчас Вялікай Айчыннай вайны, якія  цяжкасці давялося пераадолець, каб аднавіць разбураную гаспадарку. 

Сваімі ўспамінамі падзяліўся і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Фаміч Бацяноўскі. Падчас фашысцкай навалы яму было дваццаць гадоў, таму і давялося трываць усе цяжкасці на сабе, як і іншым мужчынам краіны. Рыгор Фаміч распавёў пра свае вогненныя ваенныя вёрсты, якія прывялі яго да сцен Берліна, пра вяртанне ў родны раён, пра далейшую працу настаўнікам у Курскаўскай школе.

Не абыйшлі ўвагай арганізатары мерапрыемства і тых, чыё дзяцінства прыйшлося на гады ваеннага ліхалецця. Адным з тых, хто ў малым ўзросце зведаў жахі, з’яўляецца Леанід  Фядосавіч Маліноўскі. Леанід Фядосавіч таксама падзяліўся з землякамі сваімі ўспамінамі. Імёны ўсіх дзяцей вайны з вёскі Куркава былі названы, у іх гонар гучала песня.

Па імёнах былі названы і тыя шаснаццаць чалавек, якія пайшлі з гэтага месца на вайну і ніколі ўжо не вярнуліся дадому. Іх светлую памяць нашчадкі ўшанавалі хвілінай маўчання.

Але ж не толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны куркаўцы з гонарам аддавалі воінскі абавязак Айчыне.  Завітаць на свята і расказаць вяскоўцам пра выпрабаванні, якія выпалі на яго лёс,  запрасілі  Міхаіла Васільевіча Бароўскага. Некалі, у часы сваёй маладосці, яму давялося служыць на Кубе.

 Асаблівую ўвагу падчас святкавання надалі тым сямейным парам, якія, даючы добры прыклад для моладзі, пражылі ў шлюбе пяць і больш дзесяткаў гадоў. Гэта Рыгор Фаміч і Вольга Іванаўна Бацяноўскія,  Іван Іванавіч і Алімпіяда Варфаламееўна Шымановічы, Іван Арсенцьевіч і  Ліна Мікалаеўна Касцяневічы. Але ж і маладыя сем’і, бясспрэчна, маюць права на ўвагу аднавяскоўцаў! На свяце ўшаноўвалі і віншавалі Дзмітрыя і Наталлю Шырочыных: зусім нядаўна, два тыдні таму, у гэтых бацькоў нарадзіўся сынок.

На працягу ўсяго свята весялілі куркаўцаў удзельнікі мастацкай самадзейнасці з вёскі Арэшнікі, гучала шмат песень і нават праводзілася бяспройгрышная латарэя. 

Агульны здымак, які быў зроблены  напрыканцы свята, будзе упрыгожваць фае Куркаўскага сельскага Дома культуры.

Р. S. Вялікую ўздзячнасць жыхары вёскі Куркава выказваюць Усяжскаму сельсавету і асабіста старшыні Уладзіміру Дзям\’янавічу Лютко за дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні свята вёскі.

Л.А.ГІВОЙНА, дырэктар Куркаўскага сельскага Дома культуры.

Информацию читайте в номере 140 – 141  от 22.06.2011 г.