Сёння большасць насельніцтва нашай краіны жыве ў гарадах. Хто ў сталіцы, хто ў абласным цэнтры,  хто ў раённым гарадку. У наш час з’явілася яшчэ такое паселішча як аграгарадок. Атрымліваецца, што  мы сёння амаль усе сталі гараджанамі.

І лічбы Белстата падцвярджаюць гэтую выснову. Калі ў 2000 годзе  гарадское насельніцтва складала 6 млн.967 тыс. чалавек, а сельскае – 3 млн.035 тысяч,  то на пачатку 2017 года колькасць гарадскога насельніцтва ўзрасла да  7 млн.400 тысяч чалавек,  лічба сельскіх насельнікаў зменшылася да  2 млн. 103 тысяч чалавек.

Але ж быў час, калі ў сельскай мясцовасці ў невялічкіх вёсачках і на хутарах пражывала асноўная колькасць жыхароў і толькі нязначная —  у гарадах і мястэчках.  Хутар з’яўляўся тыповым паселішчам беларусаў з даўніх часоў.  Гэта было традыцыйнае месца жыхарства нашых продкаў, дзе яны стагоддзямі жылі  ў атачэнні дрымучых лясоў і топкіх балот.

Асаблівы размах хутарызацыя набыла пасля 1861 года, калі было скасавана прыгоннае права. Людзі пачалі выкупляць надзелы зямлі і сяліліся там, дзе ім быў адведзены ўчастак, і пачыналі гаспадарыць. Жывучы ў такіх паселішчах, людзі душой і сэрцам прырасталі да роднай зямлі. Хутар быў для іх родным домам.  Вада, лес,  палі, дарогі,  пагоркі, балоты, азёры, палянкі,  жывёльны і раслінны свет —  усё было родным, дыхала разам з жыхарамі тых паселішчаў.

Суквецці паэтычных, чароўных назваў былі рассыпаны і па нашай смалявіцкай зямлі. “Спіскі населеных месц і паштовых аддзяленняў Мінскай губерніі ў 1920 годзе” – гэта дакумент з Нацыянальнага архіву Беларусі, з якога бачна, што на той час у Смалявіцкай воласці існавалі наступныя хутары:  Бярозаўка, Белая Лужа, Горкі,  Дзімітраўка,  Чорны Лес,  Дубовы Лог,  Рабіннікі,      Хлебны Бор,  Чэрчань, Яськаў Лес,  Зялёная Хвоя, Пятрычкі, Станок, Вадапой, Праходы, Папоўскі Фальварак.

Перапісныя лісты за 1926 год зафіксавалі не менш цікавыя назвы: Сухі Востраў, Азёрны Востраў,  Стары Калодзеж. Гэтыя паселішчы знаходзіліся ў Юр’еўскім сельсавеце. У Жажэлкаўскім сельсавеце на той час існавалі хутары  Карпаў Востраў, Падасіннік. Чытаеш гэтыя назвы і быццам разглядаеш геаграфічную карту і адначасова атрымліваеш апісанне той мясцовасці, дзе сяліліся людзі.

Прыцягваюць сваёй незвычайнасцю і нават таямнічасцю назвы хутароў  Левінгоф,  Жыдава Навіна,  Дзямідава Жэсць,  Пабрацімаўка. Нельга пакінуць без увагі назвы, якія ўказваюць на асноўны промысел насельнікаў нашага краю з даўніх часоў. Гэта быў лясны промысел, а дакладней,  выганка смалы. Нават да сярэдзіны 19 стагоддзя лясы ў Мінскай губерніі складалі 60 працэнтаў агульнай тэрыторыі. Лес быў галоўным багаццем і  Смалявіцкага краю.

Земляробства, хоць і лічылася  асноўным заняткам нашых жыхароў,   але добры ўраджай не кожны год радаваў селяніна. Бо зямля Смалявіччыны  не вызначалася ўрадлівасцю, ды і засухі прыводзілі да вялікіх страт. Таму людзі вымушаны былі займацца  лясным промыслам, які быў добрым падспор’ем для сялянскай сям’і.

Старая Смалакурня,  Смалярня, Смольня,  Смаляная Яма —  усе ад той жа духмянай смалы атрымалі сваю назву.

У назвах паселішчаў часта сустракаецца слова “яма”. Тлумачыцца гэта тым,  што гналі смалу ў спецыяльных ямах, якія капалі на схіле ўзгорка, адкуль смала сцякала ў ёмістасці. Промысел гэты быў сезонным – у цёплую пару года.

На тэрыторыі  былога Емяльянаўскага сельсавета  таксама было мноства хутароў. Такія назвы як  Копанкі,  Садкі,   Ліставая, Жаўніно, Жызнеўшчына, Бароўшчына,  Путное, мне даводзілася чуць і ў дзяцінстве, і ў больш позні час.

Нам трэба памятаць, што гісторыі многіх такіх маленькіх паселішчаў былі цесна звязаны з гісторыяй краіны або з асабістымі гісторыямі  людзей. Хутар Копанкі  знаходзіўся паблізу вёскі Шпакоўшчына. Па  стану на 1926 год там пражывалі 12 гаспадароў, сярод якіх была і сям’я сястры нашага дзеда – Марыі Міхайлаўны Казак (па мужу Мурашка). Назву “Копанкі” хутар атрымаў ад таго пабочнага промыслу, якім займаліся жыхары, —  капалі  вапну і яе прадавалі.  Муж Марыі Міхайлаўны Міхаіл Вікенцьевіч Мурашка быў вядомым на ўсё наваколле кавалём. Працаваў не толькі для калгаса “Будзёнавец”, які быў створаны ў  нашай вёсцы ў 1929 годзе,  але і вырабляў мноства рэчаў для мясцовага насельніцтва. У яго гаспадарцы была добра абсталяваная кузня. Але для працы  Міхаілу Вікенцьевічу патрэбна было жалеза. Таму ён капаў вапну, пастаўляў яе смалявіцкім рамеснікам, а яны  ўзамен прапаноўвалі жалеза. Міхаіл быў і майстрам добрым,  і за свае вырабы з людзей многа не браў. Сваякі расказвалі, што калі  ў 1933 годзе Міхаіла Вікенцьевіча па даносу арыштавалі, то яго жонка хадзіла па навакольных вёсках і прасіла жыхароў падпісацца за яго вызваленне. І ніхто ёй не адмовіў. Вызваліць мужа ўсё роўна не ўдалося. Пасля некалькіх гадоў зняволення Міхаіл вярнуўся зусім хворы і хутка памёр. А хутар Копанкі быў далучаны да вёскі Шпакоўшчына.

У 30-я гады мінулага стагоддзя гістарычныя падзеі ўнеслі вялікія змены ў  звыклы лад жыцця сялян.  Калі пачалася калектывізацыя, перад кіраўніцтвам Смалявіцкага раёна была пастаўлена задача як мага хутчэй  сцягнуць хутары ў пасёлкі. Па стану на  канец 1938 года ў раёне мелася каля 2 тысяч хутароў.  Многія людзі не хацелі  пакідаць абжытыя мясціны і перасяляцца. У  архіве Мінскай вобласці мне сустрэўся дакумент, які сведчыў аб катэгарычнай адмове калгасніцы калгаса  “Прагрэс” Емяльянаўскага сельсавета Праскоўі  Раманкевіч ад перасялення з хутара.

Але нягледзячы на  многія адмовы перабірацца ў большыя пасяленні,  у 1939 годзе спыніла свае існаванне  асноўная маса хутароў. Апошнія хутаранцы пакінулі сваё пасяленні ў 50-х гадах.

З хутарам  Пабрацімаўка, які адносіўся да саўгаса “Пятровічы”, мясцовым уладам давялося змагацца аж да 60-х гадоў мінулага веку. У 1961 годзе 1 чэрвеня ў газеце “Советская Белоруссия” быў змешчаны артыкул, у якім апавядалася, як пасяленцы хутара не спяшаліся пакідаць свае абжытыя хаты. Дарэчы,  назва “Пабрацімаўка” існуе і цяпер, але мясціна лічыцца нежылой. Такім чынам захавалася памяць аб былым паселішчы.

Узнаўляючы мінулае сваіх продкаў,  мне пашчасціла адшукаць у шэрагу дакументальных крыніц звесткі аб  іх пражыванні і дзейнасці. На геаграфічнай карце даваеннай пары мне сустрэлася назва  хутара Казачча Яма. Знаходзіўся гэты хутар дзесьці паміж вёскамі  Дубовікі і Ізбіцкае, непадалёк ад вёскі Высокае. І падумалася, што мясціна гэтая можа мець прамое дачыненне да нашага роду Казакоў. Па-першае, прозвішча Казак ў нашай мясцовасці насілі толькі прадстаўнікі нашага роду. Па-другое,  Казаччая Яма знаходзілася паблізу першага месца жыхарства нашых продкаў —  вёсак Трубічына і Шпакоўшчына.

Сёння я ведаю,што з’явіліся Казакі ў нашай мясцовасці ў пачатку 18-га стагоддзя. Наш продак Астап Казак хрысціў  сваіх дзяцей: дачку Магдалену,  сыноў  Кандрата, Фёдара, Амяльяна ў сямідзесятыя гады васямнаццатага стагоддзя ў  Смалявіцкай ўніяцкай царкве імя Святога Мікалая. У 1844 годзе  яшчэ адзін наш продак  Якуб Казак быў прызначаны панскім цівуном у маёнтку Гарадок, у склад якога ўваходзілі вёскі  Трубічіна, Высокае. Яго родны брат Сымон працаваў млынаром у панскім млыне ў вёсцы Навасёлкі, куды пераехаў з Трубічына.

На пачатку дваццатага стагоддзя на хутары  Казачча Яма жылі ўжо іншыя людзі. І праіснаваў ён да 1939 года, а потым яго, відаць, напаткаў той жа лёс, што  і іншыя паселішчы.

Кожны хутар меў свае звычкі,  традыцыі і хоць чым-небудзь адрозніваўся адзін ад другога. Людзі тут нараджаліся, працавалі, ладзілі вяселлі,  выраблялі розныя прылады працы, разам весяліліся, разам гора гаравалі. Але ж жыццё на месцы не стаіць. Кожны новы час уносіць штосьці сваё адметнае. І ўсім нам варта помніць гісторыю свайго роднага краю, роднай мясціны.

АД РЭДАКЦЫІ:  Было б вельмі добра, каб і іншыя нашы чытачы падзяліся на старонках  газеты аповедамі аб сваёй малой радзіме, аб звычаях і ўстоях, аб  цікавых падзеях і людзях. Пэўна ж, у многіх ёсць што ўспомніць. А мы будзем чакаць пісем і тэлефонных званкоў – 22-331.

Валянціна Мікалаеўна КАЗАК.

Вёска Шпакоўшчына.

Информацию читайте в номере 21-24 от  24.01.2018 г.