Дзіўная рэч – турызм! Як і любы від спорту, ён вучыць нас цярплівасці, вытрымцы, самастойнасці і, што вельмі важна ў выхаванні сталага характару, – абавязкова даводзіць пачатую справу да канца. Так, неспадзяваныя перашкоды не спынілі нашых заўзятых клянніцкіх турыстаў напярэдадні адказнага мерапрыемства – традыцыйнага жнівеньскага перасоўнага турыстычнага лагера.

Дзіўная рэч – турызм! Як і любы від спорту, ён вучыць нас цярплівасці, вытрымцы, самастойнасці і, што вельмі важна ў выхаванні сталага характару, – абавязкова даводзіць пачатую справу да канца. Так, неспадзяваныя перашкоды не спынілі нашых заўзятых клянніцкіх турыстаў напярэдадні адказнага мерапрыемства – традыцыйнага жнівеньскага перасоўнага турыстычнага лагера.

Сёлета кіраўнікі турклуба “Выток” Клянніцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Вікторыя Аляксандраўна і Канстанцін Якімавіч Юрчукі планавалі са сваімі выхаванцамі велапаход па Віцебскай вобласці – чарговы этап распрацаванай ім самімі турыстычнай праграмы “Замкі Беларусі”. (Варта ўзгадаць, што “вытокаўцы”пабывалі ўжо ў такіх паходах па Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях). Але на турыстаў пасыпаліся непрыемнасці і перашкоды: захварэлі двое ўдзельнікаў, у некаторых папсаваліся веласіпеды, ды і надвор’е другой паловы жніўня ніяк не спрыяла бестурботнаму адпачынку на прыродзе. Самы час адчаіцца і… адмяніць мерапрыемства. Ды не тут было! Дзеці ж з такой нецярплівасцю чакалі гэтага пахода! Таму было прынята змяніць… не, не маршрут, а тэхніку пахода: вырашылі ехаць не на веласіпедах, а ісці пешшу! А гэта ж больш сотні кіламетраў!..

Такім чынам, ранак 15 жніўня даў пачатак маршруту нашых турыстаў: Кляннік – Пліса – Орша – Лепель – Ушачы – Варонічы – Полацк – Віцебск – Орша – Жодзіна – Зялёны Бор – Кляннік. Як ні дзіўна, але найбольш дзецям чамусьці запомніліся тыя мясціны і тыя дарогі, дзе яны ішлі пешшу, а не пад’язджалі на электрычцы ці цягніку. Узгадваючы нядаўнія прыгоды, яны з радасцю і імпэтам каменціруюць фота з пахода: “… вось тут мы пераходзім лясны ручай уброд, а вось – гаць, а тут – пераадольваем сур’ёзную перашкоду – балота…” Хто б сумняваўся, што Вікторыя Аляксандраўна і Канстанцін Якімавіч, як дбайныя і руплівыя кіраўнікі, абавязкова да апошняй дробязі не прадумаюць і маршрут пахода, і спосаб баўлення вольнага часу, і тую ці іншую экскурсію. Па словах Вікторыі Аляксандраўны, актыўнай турысткі і арганізатара многіх паходаў і спаборніцтваў, галоўная задача турыстычнага лагера (будзь то пешы, вела і г.д.) – не толькі развіваць і ўдасканальваць турыстычныя навыкі, але і арганічна, з карысцю спалучаць працу і адпачынак, гульні і заняткі, увесь час чаму-небудзь вучыцца, увесь час рабіць адкрыцці, умець здзіўляцца і захапляцца. Як кажуць, спорт – для здароўя, навука – для розуму, мастацтва – для душы…

А для шырокай дзіцячай душы паўсталі на шляху непаўторныя віцебскія краявіды, і самабытныя, аўтэнтычныя помнікі архітэктуры і драўлянага дойлідства паўночнай Беларусі, і мноства іншых помнікаў прыроды і гісторыі нашай кріны. Кожны дзень, кожны прывал, кожны начлег – гэта новы населены пункт, новыя непаўторныя ў сваёй красе рэкі і азёры, новыя храмы і палацы, новыя людзі і знаёмствы. Так, Ушачы сустрэлі нашых турыстаў мемарыяльным комплексам “Прарыў”, што ў чарговы раз нагадаў пра падзеі Вялікай Айчыннай. Варонічы – руінамі старога замчышча. Легендарны Полацк – безліччу святынь, музеяў, скульптурных і архітэктурных помнікаў. Віцебск – сваім абноўленым выглядам, звонам несупынных трамваяў, панарамай летняга амфітэатра, гарадской ратушай, мастамі над Дзвіной… І ўсюды рэкі і азёры, азёры і рэкі: Лучоса, Палата, Заходняя Дзвіна, Варонь, Лепельскае…

Гэтыя назвы застануцца ў памяці дзяцей назаўсёды, бо ўзяты яны не з “сумных” падручнікаў, а з самой гісторыі. Як і застануцца ў памяці сумна-пранікнёныя вочы Святой Ефрасінні са старажытнай фрэскі на сцяне. Як і застанецца пах спелых антонавак, пакаштаваных на Спас на святой полацкай зямлі. Як і застануцца лічбы, выгравіраваныя на пліце ў “Прарыве”, – 25 тысяч вызваленых партызанамі з блакады…

Дзіцячая несфармаваная існасць параўнальная, бадай, з пчалінымі сотамі, дзе ячэйкі яшчэ пустыя: запоўніш іх дабрынёй, праўдай, справядлівасцю – вырастуць сапраўдныя пчолкі; запоўніш неістотным, брыдкім – трутні. Вырастайце ж, дзеці, добрымі, справядлівымі, разумнымі! А мы, настаўнікі – апантана-ўлюбёны школьны народ, – ужо пастараемся арганізаваць ваш вучэбны і вольны час. Як падзяліліся планамі Вікторыя Аляксандраўна і Канстанцін Якімавіч, наперадзе ўсё ж будзе велапаход па Віцебскай вобласці, толькі з падоўжаным маршрутам – да Браслава. Што ж, пажывём – убачым. Браслаў!

У. КАМАРОЎСКІ, настаўнік пач. кл. і бел. мовы і літ. Клянніцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы.

Информацию читайте в номере 200 201  от 31.08.2011 г.