Лепшым святам ураджаю можна лічыць традыцыйны для беларусаў кірмаш. Падчас яго правядзення хтосьці атрымлівае магчымасць паказаць і прадаць свой тавар, іншыя — набыць тое, што спадабалася. 

 

Лепшым святам ураджаю можна лічыць традыцыйны для беларусаў кірмаш. Падчас яго правядзення хтосьці атрымлівае магчымасць паказаць і прадаць свой тавар, іншыя — набыць тое, што спадабалася. 

У кастрычніку  восеньскі кірмаш “Багатуха” шумеў у Азярыцкаслабадской сярэдняй школе. Вучні 2-5 класаў былі заняты ў правядзенні свята ўраджаю.

З раніцы ў школе гучала вясёлая музыка, якая прыцягвала сюды больш і больш наведвальнікаў.

— Такі вялікі кірмаш мы праводзім не ўпершыню, — расказвае дырэктар Азярыцкаслабадской сярэдняй школы Вольга Васільеўна Чушанкова. — Нашы школьнікі з задавальненнем і адказнасцю рыхтаваліся да кірмашу: гатавалі дома з бацькамі прысмакі, стваралі вырабы з дароў восені, рыхтавалі прыгожыя дэкарацыі, сталы з пачастункамі.  Каманды  артыстаў, прадстаўнікоў класаў, падчас тэатралізаванага выступлення паказалі выдатныя вынікі зладжанай сумеснай работы бацькоў, настаўнікаў і дзяцей, здолелі развесяліць і зацікавіць гасцей, “заразіць” іх святочным настроем.

Кожны клас радаваў гасцей забаўляльнай праграмай, трапнымі жартамі і багаццем прысмакаў, якія можна было набыць па даступнай цане. Школьныя калідоры напоўніліся святочным настроем, шчырым і радасным смехам, гоманам прадаўцоў і пакупнікоў.

Для стварэння мастацкіх кампазіцый у працу ішло ўсё: гарбузы, буракі, кабачкі, рэдзька, бульба, кукуруза і морква, перцы і рабіна, лісце клёнаў і кветкі. Словам, усю гэту прыгажосць перадаць вельмі складана. Зрабіць жа яе, відавочна, было яшчэ больш складана. А назвы мастацкіх кампазіцый! Мілагучныя, лаканічныя, з гумарам і, што, бадай, самае важнае, —  трапныя!

На кірмаш “Багатуха” завітала  метадыст раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Міхайлаўна Дастанка. Яна павіншавала гасцей, бацькоў і дзяцей са святам Пакроваў. Гліняныя званочкі, зробленыя рукамі Таццяны Міхайлаўны, атрымалі   самыя актыўныя вучні і бацькі.

Складана  членам журы было вызначыць пераможцаў на лепшую восеньскую кампазіцыю.   Кожны з твораў меў свае вартасныя якасці. Але ж перамога  знайшла сваіх гаспадароў! Імі былі названы  4 “А” і 4”Б” класы. Але і другія класныя калектывы не засталіся без увагі журы.  

Нават пасля падвядзення вынікаў удзельнікі восеньскага кірмашу — рабяты і дарослыя — не спяшаліся  разыходзіцца дахаты. Яшчэ  доўга звонкі смех і гоман напаўняў сцены школы.

Марына БАЧЫЛА, педагог-арганізатар  Азярыцкаслабадской сярэдняй школы.

 На здымку: гліняны званочак атрымала  вучаніца   2-га  “А”  класа  Ангеліна  Міхайлоўская. 

Фота з архіва ДУА.

Информацию читайте в номере 244 – 247  от 22.10.2011 г.

 

<!—EndFragment—>