Мне ўспамінаецца далёкае дзяцінства і людзі, якія пакінулі глыбокі след у памяці маёй.
Ішоў 1949 год, мне было 10 гадоў. Бацька мой загінуў на фронце яшчэ ў 1941-ым. Мы з маці і меншай сястрычкай жылі ў невялікай вёсцы Машаніца, што ў Бярэзінскім раёне. Як і ўсе мае аднагодкі, я ўмеў рабіць усю сялянскую работу, умеў і касіць, але накляпаць сваю касу не мог, бо і не кожны дарослы ўмеў як след навастрыць касу.
Мне ўспамінаецца далёкае дзяцінства і людзі, якія пакінулі глыбокі след у памяці маёй.
Ішоў 1949 год, мне было 10 гадоў. Бацька мой загінуў на фронце яшчэ ў 1941-ым. Мы з маці і меншай сястрычкай жылі ў невялікай вёсцы Машаніца, што ў Бярэзінскім раёне. Як і ўсе мае аднагодкі, я ўмеў рабіць усю сялянскую работу, умеў і касіць, але накляпаць сваю касу не мог, бо і не кожны дарослы ўмеў як след навастрыць касу.
І вось аднойчы спякотным ліпеньскім днём пайшоў я да свайго суседа дзядькі Уладзі папрасіць, каб накляпаў мне касу. Ён быў на гэта вялікі майстар і дапамагаў у гэтай справе не толькі мне, але і многім іншым аднавяскоўцам.
З вайны дзядзька Уладзя вярнуўся без адной нагі, якую пасля ранення аднялі па калена, а другая ў яго была пасечана асколкамі. Некалі ўпрасіў ён дактароў, каб яе не адымалі, бо як жа жыць – дома чацвёра дзяцей малых. Так і жыў-мучыўся. Працаваў ён у калгасе, рабіў граблі, рамантаваў збрую для коней, а за гэта яму налічвалі працадні, на якія яго сям’я атрымлівала па 200 грамаў зерня на працадзень. А яшчэ выдзялялі ўчастак сенакосу. Заробкі невялікія, але што ты зробіш? Жыць было ўсім цяжка, але сям’і «аднаногага», як без злосці за вочы клікалі Уладзю, проста даводзілася галадаць. Сям’я была вялікая: сам дзядзька, яго жонка Міхаліна, цяжарная пятым дзіцём, трое малых – адзін пад адзін – хлапцоў і чатырохгадовая дзяўчынка ды яшчэ адзінокая цётка Агата, сястра дзядзькі Уладзі і мая хросная маці.
Вось і нёс я ў той ліпеньскі дзень за пазухай паўбохана хлеба, які дала мне маці, каб аддаў яго Уладзю за работу. Калі я падыйшоў да іх хаты, то пачуў, што там хтосьці галосіць. Узняўся на ганак, асцярожна адчыніў дзверы і, як кажуць, аслупянеў ад убачанага. Дзядзька Уладзя ляжаў на палатках – гэта дошкі, пакладзеныя паміж сцяной і печчу. Яго драўляная нага валялася на падлозе, натружаная кульця выглядала з-пад кароткай посцілкі. Дзядзька быў выпіўшы. Усе трое яго хлапчукоў стаялі перад ім у радочак і гучна плакалі. А дзядзька Уладзя кідаў у рукі Янку, майму аднагодку, зрэбную торбу і крычаў:
— Усё, няма ў мяне ўжо сілы вас карміць, ідзі жабраваць!
Янка прасіўся, плакаў, адмаўляўся, а бацька настойваў на сваім. Гэтак ён прымушаў сыноў аднаго за другім.
І раптам дзядзька згледзеў у хаце мяне.
— А табе што трэба?
— Касу хачу пакляпаць, — сказаў я і выцягнуў хлеб з-за пазухі.
— Хлеб хлопцам аддай, няхай падзеляць пароўну. А касу прынясі заўтра.
Я ўжо хацеў пайсці, як дзядзька Уладзя пачаў ужо іншым голасам:
— Пагодзь, Генік, бачыш, у якой галечы я жыву. Была б нага, то пайшоў бы лес сплаўляць, як да вайны было, там і заробак ёсць, і муку, крупы даюць. Эх, вайна праклятая…
Дзядзька ваяваў кулямётчыкам, першым нумарам. Я ўжо забыўся, дзе яго параніла, можа, у Польшчы ці ў Венгрыі, альбо ў Чэхіі. Разам з іншымі воінамі Чырвонай Арміі нёс ён свабоду народам Еўропы. Ішлі праз агонь і пекла, паліваючы сваёй крывёю чужыя землі…
… Я падрос, паступіў вучыцца ў тэхнікум, потым пайшоў служыць у армію. Праз год мне далі водпуск. У войску я камандаваў разлікам танка, меў званне старшы сяржант. Калі салдату выдавалі па тры рублі ў месяц на асабістыя патрэбы, то сяржанты атрымлівалі па дзесяць рублёў. Я збіраў грошы, і да водпуска ў мяне сабралася амаль сто рублёў. Нарэшце дабраўся я да сваёй вёскі, маці ўжо чакала мяне і прама на парозе сказала:
— Сынок, дзядзьку Уладзю сёння хаваюць, схадзі развітайся.
Як быў у шынялі, накіраваўся да знаёмай хаты, каля якой сабраліся аднавяскоўцы. Дзядзька Уладзя ляжаў у труне, як жывы, у картовым пінжачку, чыстай кашулі, са сваёй драўлянай нагой, прыкрытай саматканым рушніком. Каля грудзей ляжаў медаль “За адвагу”. Прайшло больш дзесяці гадоў, а ў хаце нічога не змянілася, было чыста, але з кожнага кутка выглядала беднасць.
Сэрца ў мяне закамянела, я падыйшоў да цёткі Міхаліны і паклаў ёй у руку палову тых грошай, што вёз сваёй маці. Цётка не хацела іх браць: “Ты ж салдацік, табе самому трэба,” – плачучы гаварыла яна. І такой ўдзячнасці, што была ў яе паглядзе, я ніколі не бачыў.
Дзядзьку Уладзю пахавалі на могілках роднай вёскі. Яму было яшчэ не шмат гадоў, але разбітае вайной цела, цяжкае паўгалоднае жыццё зрабілі сваю справу. Божа, бяры ў рай толькі такіх людзей, якія так многа нацярпеліся на гэтай зямлі, так многа гора зведалі! Успамінаючы дзядзьку Уладзю, я думаю: калі б усе салдаты Вялікай Перамогі ўсталі з заўчасных магіл, яны ніколі не дапусцілі б такога глумлення над ваеннымі помнікамі, як у Эстоніі, Грузіі і іншых месцах. Яны пастаялі бы за сябе!
Напісаў я пра чалавека, якога даўно ўжо няма на гэтым свеце. Гэта быў мой сусед , які меў гэтакае ж прозвішча, як і ў мяне, — Шукан Уладзімір Пятровіч.
Генадзій Міхайлавіч ШУКАН, ветэран працы, інвалід па зроку.
Вёска Зарэчча Пліскага сельсавета.