Ваенная прысяга — воінскі рытуал з удзелам асабістага складу воінскай часці, у час якога маладое папаўненне прымае ўрачыстую клятву на вернасць Радзіме. Салдаты тэрміновай службы прысягу прымаюць пасля засваення імі асноўных абавязкаў салдата, значэння ваеннай прысягі, баявога сцяга часткі і воінскай дысцыпліны.
Ваенная прысяга — воінскі рытуал з удзелам асабістага складу воінскай часці, у час якога маладое папаўненне прымае ўрачыстую клятву на вернасць Радзіме. Салдаты тэрміновай службы прысягу прымаюць пасля засваення імі асноўных абавязкаў салдата, значэння ваеннай прысягі, баявога сцяга часткі і воінскай дысцыпліны.
Прыняцце Ваеннай прысягі — рытуал, які паўтараецца ў вайсковых частках кожны раз пасля чарговага прызыву на тэрміновую ваенную службу і праходжання “курсу маладога байца”. І ўсё-такі кожны раз гэта — хвалюючая падзея і свята для ўсіх: камандзіраў, сваякоў, сяброў і сябровак маладых салдат, але галоўнае, — для іх саміх. Самыя блізкія людзі салдат асенняга прызыву-2011 з’ехаліся ў суботу, 24 снежня, у в/ч 3310 Унутраных войск МУС Рэспублікі Беларусь, што ў ваенным гарадку Аколіца пад Мінскам, каб падзяліць з навабранцамі агульную радасць.
Пад гукі аркестра на пляц быў вынесены баявы сцяг часткі і праваслаўная харугва Унутраных войск. Камандзір вайсковай часткі палкоўнік Аляксандр Дзмітрук ў кароткай прамове нагадаў навабранцам пра значэнне ваеннай прысягі і абавязкі, якія на іх ускладаюцца ў сувязі з прыняццем урачыстай клятвы.
Пасля растлумачальнай прамовы камандзір вайсковай часткі загадаў камандзірам падраздзяленняў прыступіць да прыняцця Ваеннай прысягі.
Камандзіры дзвюх вучэбных рот і іншых падраздзяленняў па чарзе выклікалі са строю ваеннаслужачых, якія прымалі Ваенную прысягу. І загучалі над пляцам словы ўрачыстай клятвы:
— Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь … урачыста клянуся быць адданым свайму народу…
Кожны ваеннаслужачы, які прымаў Ваенную прысягу, чытаў яе тэкст ўслых перад строем падраздзялення, пасля чаго ўласнаручна распісваўся ў спецыяльным спісе ў графе насупраць свайго прозвішча і становіўся на сваё месца ў страі.
Па заканчэнні цырымоніі прыняцця Ваеннай прысягі спісы з асабістымі подпісамі прыняўшых прысягу камандзіры падраздзяленняў уручылі камандзіру вайсковай часткі. Камандзір вайсковай часткі павіншаваў навабранцаў з прыняццем прысягі, а ўсю вайсковую частку — з новым папаўненнем. Павіншавалі ваеннаслужачых таксама і прадстаўнікі ветэранскіх і грамадскіх арганізацый. З блаславеннем да воінаў звярнуўся настаяцель палкавога храма айцец Віктар.
Пасля выканання дзяржаўнага гімна воінская частка прайшла ўрачыстым маршам.
Пасля прыняцця прысягі адбыліся паказальныя выступленні роты спецыяльнага прызначэння. Свае навыкі прадэманстравалі і вайскоўцы новага папаўнення. А госці, павіншаваўшы сваіх салдат са знамянальнай падзеяй у іх жыцці, маглі атрымаць асалоду ад «салдацкай кашы», паглядзець выставу ўзораў узбраенняў і спецыяльных сродкаў абароны, невялікі канцэрт.
Нагадаем, што ваеннаслужачыя в/ч 3310 аказваюць садзейнічанне тэрытарыяльным аддзелам унутраных спраў ў ахове грамадскага парадку. Патрульныя падраздзяленні нясуць службу ў наваколлі Мінска (у Ждановічах, Заслаўі, Бараўлянах, Мачулішчах), у раённых цэнтрах Мінскай вобласці — у Барысаве, Слуцку, Маладзечна, Жодзіна, Салігорску, Лагойску і Смалявічах. Таксама вайсковыя нарады сочаць за парадкам у Нацыянальным аэрапорце «Мінск».
Нямала нашых землякоў праходзіла і праходзіць службу ў Аколіцы. Сярод тых, хто прымаў тут 24 снежня Ваенную прысягу, жыхар пасёлка Усяж Смалявіцкага раёна Васілій Меркуль. Васілій скончыў Усяжскую сярэднюю школу, дзе актыўна займаўся спортам і турызмам. Да прызыву працаваў на ААТ “ТБЗ Усяж”. Галоўнай задачай на бліжэйшы час Васіль бачыць для сябе дастойнае служэнне Радзіме, а што будзе пасля арміі — пакажа час.
Сапраўдным навагоднім падарункам для салдат маладога папаўнення і іх блізкіх і сваякоў стала кароткатэрміновае звальненне. Выхадныя навабранцы мелі магчымасць правесці дома.
Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.
На здымку: Васілій Меркуль пасля прыняцця воінскай прысягі.
Фота аўтара.
Информацию читайте в номере 1 – 2 от 4.01.2012 г.