МАЦУЮЦЬ БЕРАГІ, НАБІРАЮЦЦА ВОПЫТУ
   Ініцыятыва аддзела па справах моладзі райвыканкама і РК ГА “БРСМ” аб стварэнні моладзевых будаўнічых атрадаў знайшла падтрымку ў кіраўніцтва РКУП “Смалявіцкая ЖКГ”.

           

МАЦУЮЦЬ БЕРАГІ, НАБІРАЮЦЦА  ВОПЫТУ

Ініцыятыва аддзела па справах моладзі райвыканкама і РК ГА “БРСМ” аб стварэнні моладзевых будаўнічых атрадаў знайшла падтрымку ў кіраўніцтва РКУП “Смалявіцкая ЖКГ”.

Больш за дваццаць юнакоў ва ўзросце ад шаснаццаці да васемнаццаці гадоў маюць магчымасць у летні, вольны ад навучання час, папоўніць свой уласны бюджэт праз працу ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Сярод тых, хто на пэўны час змяніў парту і камп’ютар на пэндзаль і сякеру, ёсць школьнікі, як Павел Кудзін з СШ №3 горада Смалявічы,  студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі плісяне Антон Лаўрэцкі і Максім Панамарэнка, былы беспрацоўны Аляксей Пятроўскі, навучэнцы прафесійна-тэхнічных і срэдне-спецыяльных устаноў адукацыі.

І школьнікі, і навучэнцы, і студэнты дружна працуюць, падзеленыя на дзве брыгады. У абедзвюх брыгадах ёсць старэйшы з ліку інжынерна-тэхнічных работнікаў РКУП “Смалявіцкая ЖКГ”. Першая брыгада на чале з інжынерам па тэхніцы бяспекі Уладзімірам Уладзіміравічам Сабалеўскім займаецца ачысткай і афарбоўкай дэкаратыўных бетонных агароджаў па вуліцы Першамайскай райцэнтра. Уладзімір Уладзміравіч станоўча ацэньвае першы сумесны вопыт ЖКГ, аддзела моладзі і БРСМ па арганізацыі будаўнічых атрадаў. Ён расказаў, што работу хлопцы выконваюць якасна, “падганяць” іх не трэба, бо аплата працы — здзельная. А таму і наступным летам шэрагі камунальшчыкаў, напэўна, будуць папаўняцца за конт будатрадаўцаў. 

У другой брыгадзе, за якой замацаваны старшы майстар ЖЭУ Канстанцін Мікалаевіч Башчук, памер заробку таксама будзе залежыць ад аб’ёмаў выкананай працы. Дарэчы, узначаліў гэтую брыгаду юнакоў менавіта Канстанцін Мікалаевіч невыпадкова. Ён у мінулым меліяратар, а займаюцца хлопцы вельмі цікавай і карыснай, хоць адначасова складанай і даволі цяжкай працай — умацаваннем берагоў ракі Пліса. Праязджаючы днямі па вуліцы Сацыялістычнай, многія, напэўна, заўважылі цыліндрычныя вязанкі галля, нарыхтаваныя будатрадаўцамі і складзіраваныя за мастом, на беразе ракі. У гэтых вязанак ёсць прафесійная назва — фашыны. Такімі фашынамі ўмацоўваюць схілы берагоў.  Галоўная годнасць фашын, апроч нізкай цаны, тое, што дзякуючы доўгім прутам, якія добра ўкрываюць бераг ракі, ён не размываецца вадой, пакуль не згніюць і не разбурацца дубцы. Калі ж прыняць да ўвагі, што фашыны звычайна рыхтуюцца з парод, здольных прарастаць, то аказваецца, што прарослае галлё сваімі каранямі ўмацоўвае бераг на многія гады.

Мацуюцца берагі, прыгажэе горад, набіраюцца сілаў і жыццёвага вопыту юнакі – будатрадаўцы.

Як паведаміла нам першы сакратар Смалявіцкага РК ГА “БРСМ” Вераніка Ігараўна Няхайчык, намаганнямі галоўнай моладзевай арганізацыі гэтым летам будзе працаўладкавана больш за дзвесце маладых людзей. Раённы камітэт заключыў адпаведныя дамовы, апроч КУП “Смалявіцкая ЖКГ”, з ДУП “Смалявіцкае ПМС”, ААТ “Кіруючая кампанія холдзінга “Гарызонт”, РСУП “Пятровічы”, іншымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Акрамя таго, працаўладкаваннем сваіх навучэнцаў займаецца Смалявіцкі аграрна – тэхнічны прафесійны ліцэй. Прынамсі, некалькі ліцэістаў атрымалі працу ў ААТ “Смалявіцкі райаграсервіс”.

Маладыя людзі адпрацоўваюць “трэці семестр” на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, у сервісных атрадах дзіцячых аздараўленчых летнікаў, на будоўлях. Незалежна ад таго, якую прафесію яны абяруць на ўсё жыццё, набытыя навыкі стасункаў і ўзаемадзеяння ў працоўным калектыве ім абавязкова спатрэбяцца.

Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.

На здымках: маладыя людзі ўмацоўваюць берагі Плісы.

Фота А. ВАЛАДЗЬКО.

Информацию читайте в номере 169-172  от 28.07.2012 г.