Дзень поля

    5 верасня на базе дзвюх гаспадарак Смалявіцкага раёна — дзяржаўнай РДУП “Шыпяны – АСК” і прыватнай СФГ “Дружба і К” — праходзіў Дзень поля для зацікаўленых у вырошчванні зерневых і агародніны аграрыяў Мінскай вобласці. А гэта — прадстаўнікі Камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Мінаблвыканкама, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Смалявіцкага райвыканкама, кіраўнікі і аграномы сельгаспрадпрыемстваў, фермеры.

 

      Дзень поля

     5 верасня на базе дзвюх гаспадарак Смалявіцкага раёна — дзяржаўнай РДУП “Шыпяны – АСК” і прыватнай СФГ “Дружба і К” — праходзіў Дзень поля для зацікаўленых у вырошчванні зерневых і агародніны аграрыяў Мінскай вобласці. А гэта — прадстаўнікі Камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Мінаблвыканкама, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Смалявіцкага райвыканкама, кіраўнікі і аграномы сельгаспрадпрыемстваў, фермеры.

     Адразу адзначым, што Дзень поля — гэта найбольш удалы фармат для правядзення сельскагаспадарчага форуму. Як для непасрэдна вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, якія маюць магчымасць у нефармальнай абстаноўцы абмяняцца вопытам і ўласнымі напрацоўкамі, так і для тых, хто забяспечвае аграрыяў разнастайнай тэхнікай, удабрэннямі, хімікатамі. З дадзенага матэрыялу можна будзе даведацца, што айчынныя і замежныя прадпрыемствы і фірмы-вытворцы, пастаўшчыкі абсталявання для аграрыяў напоўніцу скарысталіся магчымасцю прадставіць усю вялікую гаму сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, сродкаў апрацоўкі раслін. Мэтавай аўдыторыі таксама цікава было назіраць, як максімальна поўна раскрываюцца магчымасці найноўшых дасягненняў навукі і вытворчасці на прыкладзе дзвюх гаспадарак. Адным словам, рэклама. Але рэклама не агрэсіўная, а такая, што ператварылася ў пляцоўку для абмену вопытам, прасоўвання і ўкаранення сучасных тэхналогій і інавацый на аснове ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

      ТЭХНАЛОГІІ — НА ВЫБАР

     Пра тое, як праходзіў Дзень поля на базе РДУП “Шыпяны – АСК”, карэспанндэнту расказаў непасрэдны ўдзельнік мерапрыемства першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Смалявіцкага райвыканкама Сяргей Пятровіч Смірноў. Ён паведаміў, што напачатку форуму дырэктар РДУП “Шыпяны – АСК” Віталій Мікалаевіч Казлоў расказаў пра гаспадарку, аб тым, якія тэхналогіі выкарыстоўваюцца тут пры вырошчванні зерневых. Віталій Мікалаевіч асабліва адзначыў перспектыўнасць супрацоўніцтва з РУП “НПЦ НАН Беларусі па земляробству”. Так, РДУП “Шыпяны – АСК” з’яўляецца вытворцам і рэалізуе насенне вышэйшых рэпрадукцый пшаніцы, трыцікале, жыта, ячменю, рапсу перспектыўных гатункаў селекцыі Цэнтра па земляробству. Гаспадарка з’яўляецца “пробным палігонам” для вырошчвання зерневых культур па навейшых тэхналогіях, распрацаваных у Цэнтры па земляробству, прымяненні макра- і мікраўдабрэнняў, сродкаў аховы раслін.

    Выступілі ў тэарэтычнай частцы таксама і прадстаўнікі РУП “НПЦ НАН Беларусі па земляробству”, якія расказалі аб найноўшых тэхналогіях вырошчвання рапсу, аптымальных тэрмінах высеву азімых культур. Лейтматыў выступленняў: у дадзены момант падрыхтоўку да сяўбы і сам пасеў азімых культур неабходна праводзіць хутка і якасна. А для гэтага трэба своечасова ўбраць з палёў салому.

    У сувязі з дадзеным накірункам размовы прадстаўнікі фірмы-вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі “KRONE” прадставілі і паказалі на практыцы працу рулонных прэс-падборшчыкаў з канстантнай камерай і іншай тэхнікі. Кампанія “Полымя” — адзін з лідэраў сярод беларускіх прадпрыемстваў па вытворчасці і продажы сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі і запасных частак на тэрыторыі краін СНД — таксама прадставіла абсталяванне. Прадстаўнік “Полымя” асабліва падкрэсліў, што для сваіх партнёраў і пакупнікоў прадпрыемства прапануе ўвесь спектр абсталявання для транспарціроўкі, ачысткі, сушкі і захоўвання зерня, перапрацоўкі маслічных культур і многае іншае.

    Шырокі выбар комплексных аграрных тэхналогій і абсталявання быў прадстаўлены вытворцам зерневых культур на Дні поля ў РДУП “Шыпяны – АСК”.

    ЦЫБУЛЯ І КАПУСТА Ў ФЕРМЕРА — ЗАГЛЯДЗЕННЕ

    Карэспандэнт “КС” пабываў на Дні поля ў сялянска-фермерскай гаспадарцы “Дружба і К”, стваральнікам і гаспадаром якой з’яўляецца вядомы ўжо не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі Уладзімір Аляксандравіч Крапіўка. Арганізацыйна структура мерапрыемства складалася з трох частак: тэарэтычнай, практычнай і экспазіцыйнай. У першай частцы, якая праходзіла ў актавай зале Дома культуры ААТ “Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка”, удзельнікі мерапрыемства разгледзелі пытанні, звязаныя з павышэннем ураджайнасці садавінаагароднінных культур, прымяненнем найноўшых сродкаў апрацоўкі, выкарыстаннем насенных матэрыялаў. Прадстаўнікі замежнага прадпрыемства “Агрыматка – 96”,  якое вось ужо шаснаццаць гадоў займаецца  пастаўкамі тавараў і паслуг для сельскагаспадарчых вытворцаў Беларусі, падкрэслілі, што на гэтым семінары яны на справе пакажуць вынікі супрацоўніцтва з аграрыямі.

    У сувязі з гэтым праца працягнулася на палетках “Дружба і К”, дзе ўдзельнікі семінару змаглі агледзець ураджай некалькіх гатункаў цыбулі і капусты, насенне, сродкі і тэхніку для апрацоўкі якіх У.А.Крапіўка набываў у “Агрыматка – 96”. Фермеры адзначылі, што, нават у не самы спрыяльны па ўмовах надвор’я для вырошчвання цыбулі год, гэтая культура на палях Крапіўкі дала ўраджайнасць у пяцьсот – шэсцьсот і болей цэнтнераў з гектара. Да таго ж, і якасць цыбулін — адменная.

    Напрыканцы мерапрыемства прадстаўнікі замежнага прадпрыемства прадэманстравалі ўзоры рэалізоўваемай тэхнікі і абсталявання, правялі вясёлы розыгрыш прызоў сярод фермераў.

    АД ПЕРШАЙ АСОБЫ

   Сяргей Анатольевіч Прымачэнка, начальнік ўпраўлення раслінаводства камітэта по сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама: «Сёння на семінар па вырошчванні агароднінных культур мы запрасілі людзей, якія сапраўды маюць намер займацца агароднінай. Гэта і фермерскія гаспадаркі, і буйнатаварныя прадпрыемствы. Асноўныя мэты мерапрыемства — паказаць правільнасць тэхналогіі вырошчвання з найменшымі затратамі, а таксама прадставіць той асартымент прадукцыі, якую можна вырошчваць на нашай беларускай зямлі». (Дарэчы, С.А.Прымачэнка пачынаў сваю працоўную дзейнасць у нашым раёне з пасады агранома ў ПСУП “Азярыцкі – Агра”, узначальваў РДУП “Зарэчча”, быў вядучым навуковым супрацоўнікам у Беларускім НДІ жывёлагадоўлі — аўт.)

    Дзмітрый Аляксандравіч Гунько, прадстаўнік кампаніі “Агрыматка – 96” па Мінскай вобласці: “Кампанія “Агрыматка – 96” на беларускі рынак пастаўляе шырокі спектр прадукцыі — ад насення да сельгастэхнікі. На рынку краіны мы ўжо амаль семнаццаць гадоў, і прывабліваем кліента тым, што забяспечваем пастаўленую намі тэхніку запаснымі часткамі. Насенне завозім як палявых, так і агароднінных культур ад сусветных вытворцаў. Наш лозунг — “Нельга не абхапіць неахопнае!”

    Міхаіл Генадзьевіч Толкач, начальнік аддзела раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі Смалявіцкага райвыканкама: “Менавіта ў рамках падобнага вытворчага семінара прасцей за ўсё наладзіць абмен вопытам, расказаць аб правільным ужыванні пестыцыдаў, параіць, як пазбегнуць памылак. Дзень поля з удзелам розных кампаній, сельгасвытворцаў усіх форм уласнасці — яркі прыклад супрацоўніцтва аграрыяў і вытворцаў, прадаўцоў тэхнікі, насення, хімікатаў”.

Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.

На здымках: У.А.Крапіўка дэманструе ўдзельнікам Дня поля цыбулю гатунку “Марка F1» .

Фота аўтара.

Информацию читайте в номере 205 – 208  от 8.09.2012 г.