У ПСУП «Азярыцкі – Агра” адбыўся чарговы Дзень жывёлавода. Карэспандэнт раённай газеты разам з выконваючай абавязкі намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі па жывёлагадоўлі Нінай Сямёнаўнай Сасноўскай, галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Таццянай Мікалаеўнай Скобля і старшынёй РК прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Пятровічам Сцепуценкам пабываў на малочнатаварнай ферме “Слабада” і ферме па ўзнаўленні статка і адкорму буйной рагатай жывёлы “Масцішча”.
У ПСУП «Азярыцкі – Агра” адбыўся чарговы Дзень жывёлавода. Карэспандэнт раённай газеты разам з выконваючай абавязкі намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі па жывёлагадоўлі Нінай Сямёнаўнай Сасноўскай, галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Таццянай Мікалаеўнай Скобля і старшынёй РК прафсаюза работнікаў АПК Уладзімірам Пятровічам Сцепуценкам пабываў на малочнатаварнай ферме “Слабада” і ферме па ўзнаўленні статка і адкорму буйной рагатай жывёлы “Масцішча”. Разам з названымі спецыялістамі падводзілі вынікі і акрэслівалі перспектывы калектываў “Слабады” і “Масцішчаў” намеснік дырэктара ПСУП “Азярыцкі – Агра” Юлія Барысаўна Ігнатовіч, а таксама галоўны заатэхнік і галоўны эканаміст гаспадаркі — Ганна Віктараўна Ступакова і Валянціна Іванаўна Рудзік адпаведна. Работнікам фермаў было цікава і карысна ўдзельнічаць у аналізе сваёй работы з пункту гледжання спецыялістаў гаспадаркі і ў параўнанні з вынікамі раёна і вобласці, якія агучыла Н.С.Сасноўская. Ніна Сямёнаўна, сярод іншага, адзначыла, што ПСУП “Азярыцкі – Агра” ўваходзіць у тройку лідараў сельгасвытворчасці раёна. А Смалявіцкі раён, у сваю чаргу, займае верхнія радкі ў аналізе вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі Мінскай вобласці. Да таго ж, усе ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць пытанні па аплаце, умовах і бяспецы працы, перспектывах развіцця вытворчых аб’ектаў.
МТФ “Слабада” — далёка не самая сучасная ферма ў гаспадарцы, а таму яе вынікі, вядома ж, ніжэй, чым на тым жа комплексе “Вішня”. Але ж стараннасць работнікаў, увага кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадаркі дазволілі мець і тут добрыя вынікі. На малочнатаварнай ферме “Слабада” працуюць 35 чалавек, утрымліваецца больш за васемсот галоў жывёлы. За дзесяць месяцаў у “Слабадзе” валавы надой склаў 2443 тоны малака, у заліковай вазе — 2372 тоны. Высокая таварнасць малака — 93,3 працэнты, тлустасць малака — 3,75 працэнта — таксама прыкметна вышэй за базісную. Асаблівы гонар калектыву і бясспрэчнае пацверджанне строгага выканання усіх тэхналагічных патрабаванняў — той факт, што з пачатку года ўсё малако з фермы здаецца толькі вышэйшым гатункам і гатункам “Экстра”. Удой ад каровы за дзесяць месяцаў бягучага года склаў па “Слабадзе” больш за пяць тысяч кілаграмаў малака. У цэлым жа ПСУП “Азярыцкі – Агра” па выніках 2012 года разлічвае пераадолець сямітысячны рубеж па надою ад каровы.
Добрыя поспехі і на ферме “Масцішча”. Прынамсі, сярэднесутачныя прывагі жывёлы па выніках дзесяці месяцаў склалі 628 грамаў. Памяшканні тут далёка не новыя, але на ферме заўсёды парадак і чысціня. Удзельнікі Дня жывёлавода з найбольш сталых і вопытных успаміналі, што тут яшчэ за савецкім часам утрымліваліся волаты – быкі на адкорме, паглядзець на якіх прыязджалі з усёй рэспублікі. Адпаведна, пад адкорм быкоў на прывязі ферма і была абсталявана. Аднак сёння тут спецыялізуюцца на ўтрыманні цёлак злучнага і перадзлучнага ўзросту, а таму ў кароткі тэрмін — за некалькі месяцаў — правялі рамонт і мадэрнізацыю аднаго памяшкання з пераводам цёлак на бяспрывязнае ўтрыманне. Мадэрнізацыя другога памяшкання запланавана на наступны год. Тое, што ўжо зроблена, і тое што запланавана, накіравана і на павышэнне прадукцыйнасці, і на паляпшэнне ўмоў, адыход ад ручной працы. Спецыялісты гаспадаркі і тут падзякавалі работнікам фермы за высокі ўзровень дысцыпліны, стараннасць.
На абедзвюх наведаных фермах да работнікаў звярнуўся старшыня Смалявіцкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК У.П.Сцепуценка. Ён пацікавіўся ўмовамі працы, нагадаў аб неабходнасці прытрымлівацца правілаў тэхнікі бяспекі, паведаміў, куды можна звяртацца па праблемных пытаннях. Таксама Уладзімір Пятровіч уручыў выконваючай абавязкі загадчыка МТФ “Слабада” Тамары Сяргееўне Васілёнак і загадчыку ТФ “Масцішча” Тамары Антонаўне Зіміной невялікія падарункі, якія дапамогуць палепшыць бытавыя ўмовы на фермах.
У фінале сустрэч калектывы фермаў чакаў прыемны сюрпрыз: выступленне народнага ансамбля народнай песні “Смаляначка”. Нячаста даводзіцца жывёлаводам “ужывую” паслухаць выступленні творчых калектываў такога высокага ўзроўню, а таму сустрэлі артыстаў вельмі прыязна і доўга не адпускалі апладысментамі.
Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.
НА ЗДЫМКУ: старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК У.П.Сцепуценка ўручае падарунак загадчыцы фермы “Масцішча” Т.А.Зіміной.
Фота аўтара.
Информацию читайте номере 281-282 от 05.12.2012 г.