8 сакавіка абсалютная большасць жанчын будзе адзначаць цудоўнае вясновае свята. Але многім з іх прыйдзецца сустрэць гэты дзень на працы. У прыватнасці, раненька, яшчэ да ўзыходу сонца, як і ў любы іншы дзень, на малочнатаварныя фермы прыйдуць аператары машыннага даення. Хаця слова “аператар” і мужчынскага роду, прафесія гэта — пераважна жаночая. Найчасцей мы чуем азначэнні “даярка”, “даярачка” і толькі зрэдку — “дояр”. Менавіта з-пад жаночых рук бяруць пачатак крынічкі, якія потым зліваюцца ў малочныя рэкі.


8 сакавіка абсалютная большасць жанчын будзе адзначаць цудоўнае вясновае свята. Але многім з іх прыйдзецца сустрэць гэты дзень на працы. У прыватнасці, раненька, яшчэ да ўзыходу сонца, як і ў любы іншы дзень, на малочнатаварныя фермы прыйдуць аператары машыннага даення. Хаця слова “аператар” і мужчынскага роду, прафесія гэта — пераважна жаночая. Найчасцей мы чуем азначэнні “даярка”, “даярачка” і толькі зрэдку — “дояр”. Менавіта з-пад жаночых рук бяруць пачатак крынічкі, якія потым зліваюцца ў малочныя рэкі.

Непасрэдна на малочнатаварных фермах сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нашага раёна працуюць больш за семсот чалавек рабочых і спецыялістаў. Напэўна, не памылюся, калі скажу, што пераважную большасць з іх складаюць прадстаўніцы лепшай паловы чалавецтва. Сярод іх — аператар машыннага даення МТФ “Бярозавіца” ДП “ЖодзінаАграПлемЭліта” Галіна Валянцінаўна Сабалеўская. У мінулым годзе Галіна Валянцінаўна надаіла ў сваёй групе, у сярэднім, 9981 кілаграм малака ад каровы, пераважна гатункам “Экстра”. Гэта — не толькі яе ўласны рэкорд, але і найлепшы вынік у гаспадарцы. Калектыў МТФ “Бярозавіца” адносна невялікі — крыху больш за дваццаць чалавек. І большасць — жанчыны. У мінулым годзе тут мелі па 9520 кілаграмаў малака ад каровы, што сведчыць аб стараннасці літаральна кожнай працаўніцы.

Намеснікі дырэктара ДП “ЖодзінаАграПлемЭліта” па жывёлагадоўлі Марыя Іванаўна Лапотка і па ідэалагічнай рабоце Раіса Міхайлаўна Навумкіна з вялікай павагай разважаюць пра нялёгкі хлеб даярак, вельмі станоўча характарызуюць Галіну Валянцінаўну Сабалеўскую. Адзначаюць не толькі выдатны прафесійны ўзровень работніцы, але і яе высокія маральныя якасці.

Вось ужо дваццаць гадоў Г.В.Сабалеўская працуе на ферме гаспадаркі. Хаця і вучылася ў юнацтве на кандытара, і нават працавала пэўны час па спецыяльнасці, але ж так склаўся лёс. Нарадзілася каханне, выйшла замуж за Сяргея Яўгенавіча Сабалеўскага, які, дарэчы, таксама працуе ў ДП “ЖодзінаАграПлемЭліта” механізатарам, і пераехала да яго ў вёску Барсукі. Яшчэ калі была ў водпуску па догляду за першым дзіцем, бегала падпрацоўваць на ферму “Бярозавіца”, два разы на дзень даіла кароў. Маленькую дачушку пакідала на апеку бабулі. Сюды ж, на ферму з мілагучна-рамантычнай назвай, уладкавалася пасля “дэкрэтнага”. Дзеці для любой маці — асаблівы гонар. Старэйшая дачка працуе бухгалтарам на ААТ “БелАЗ”і вучыцца завочна на эканаміста. Малодшы сын — навучэнец Клічаўскага аграрнага каледжа, будзе працягваць сямейныя традыцыі.

Упэўнены, што 8 сакавіка Галіна Валянцінаўна будзе атрымоўваць шмат віншаванняў: ад мужа, дзяцей, на рабоце. І, нягледзячы на стомленасць, адчуе сябе шчаслівай, як і іншыя жанчыны. Ва ўсялякім разе, мы на гэта вельмі спадзяёмся, бо без шчасця жанчына, як птушка з падбітым крылом – здаецца і жыве, але не заспявае вясёлай песні і лунаць у небе не зможа.

Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.

На здымку: Г.В.Сабалеўская.

Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.

Информацию читайте в номере 53 – 56  от 7.03.2013 г.