Урачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод прайшла 6 сакавіка ў Палацы Рэспублікі.
Больш за сто прадстаўнікоў розных прафесій былі ўзнагароджаны медалямі, ганаровымі знакамі і падзякамі. Адным з адзначаных высокай узнагародай стаў Аляксандр Канстанцінавіч Тальчук — загадчык малочнатаварнага ўчастка “Ворат” філіяла ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючай кампаніі холдынгу «БЕЛАЗ-холдынг» СВК “Першамайскі”. Прадстаўнік Смалявіччыны быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі” за значныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы.
Урачыстая цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод прайшла 6 сакавіка ў Палацы Рэспублікі.
Больш за сто прадстаўнікоў розных прафесій былі ўзнагароджаны медалямі, ганаровымі знакамі і падзякамі. Адным з адзначаных высокай узнагародай стаў Аляксандр Канстанцінавіч Тальчук — загадчык малочнатаварнага ўчастка “Ворат” філіяла ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючай кампаніі холдынгу «БЕЛАЗ-холдынг» СВК “Першамайскі”. Прадстаўнік Смалявіччыны быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі” за значныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы.
Аляксандр Тальчук нарадзіўся ў 1956 годзе на Гомельшчыне. Дзяцінства прайшло ў вёсцы, а таму з малых гадоў хлопец быў прывучаны да нялёгкай сялянскай працы. Спецыяльнасць заатэхніка атрымаў у Рэчыцкім ветэрынарным тэхнікуме. Працоўны шлях у сельскай гаспадарцы, у жывёлагадоўлі Аляксандр Канстанцінавіч распачаў у 1975 годзе. І вось ужо амаль чатыры дзесяцігоддзі самаддана служыць справе свайго жыцця. На Смалявіччыну пераехаў ўжо даволі вопытным спецыялістам у 1986 годзе з Хойніцкага раёна пасля Чарнобыльскай катастрофы.
Сам Аляксандр Канстанцінавіч у размове перш-наперш са сціпласцю адзначае, што медаль — гэта заслуга ўсяго калектыву. Вядома ж, калі б не дэманстраваліся і малочнатаварным участкам “Ворат”, і ўсім СВК “Першамайскі” высокія вытворчыя паказчыкі, то наўрад ці была б уручана дадзеная ўзнагарода. На ўчастку, які ўзначальвае А.К.Тальчук, працуюць амаль пяцьдзесят чалавек. Калектыў пераважна жаночы, дружны, адносна малады, знітаваны не толькі сумеснай працай, але і сумеснымі буднямі і святамі. З вялікай павагай загадчык участка расказвае аб працы сваіх падначаленых. Асабліва адзначае цяжкую працу аператараў машыннага даення, разам з якімі прыходзіць на працу ў чатыры гадзіны раніцы, калі і пачынаецца першае даенне. Увогуле ж працоўны дзень загадчыка ўчастка доўжыцца каля дванаццаці гадзін, часта — без выхадных і святаў.
За мінулы год на малочнатаварным участку “Ворат” надаілі ад каровы, у сярэднім, 7300 кілаграмаў малака. Гэты паказчык з году ў год расце, і сёлета тут разлічваюць атрымаць не меней за 7,5 тоны малака ад каровы. Адна з важных для кіраўніка любога ўзроўню рыс у характары — жыццёвы і вытворчы аптымізм, уменне перадаць яго падначаленым. Аляксандр Канстанцінавіч упэўнены — усё запланаванае атрымаецца. І на тое ёсць падставы. Дзякуючы стараннай працы калектыву, усебаковай падтрымцы ААТ “БелАЗ”, на чале з вопытнейшым кіраўніком філіяла СВК “Першамайскі” Мікалаем Васільевічам Казловым у мінулым годзе была праведзена маштабная — з заменай дахаў і вокнаў — рэканструкцыя некалькіх вытворчых памяшканняў на ўчастку, заасфальтаваны ўсе пад’язныя шляхі. Тут жа, на “Вораце” вядзецца будоўля новага сучаснага памяшкання на дзвесце галоў жывёлы для ўтрымання сухастойнага статка. Будучыня жывёлагадоўлі, лічыць Тальчук, за будаўніцтвам новых, робатызаваных комплексаў, дзе фізічная праца будзе зведзена да мінімуму, дзе спатрэбяцца адукаваныя спецыялісты. Менавіта такі інавацыйны праект ужо на стадыі станаўлення і падрыхтоўкі пляцоўкі на ўчастку “Заказінец” у СВК “Першамайскі”
Сорак гадоў у сельскай гаспадарцы — вялікі шлях. За гэты час Аляксандр Канстанцінавіч не толькі стаў выдатным заатэхнікам, начальнікам вытворчага ўчастка, але і на практыцы асвоіў мноства іншых, сумежных спецыяльнасцей — ад аператара машыннага даення да ветэрынара. Выдатна памятае, як даілі ў вёдры, а ўжо вельмі хутка ў гаспадарцы гэтую працу будуць выконваць робаты. Падчас станаўлення Тальчука як спецыяліста за гадавы надой малака ў 4,5 тоны ад каровы ўручалі дзяржаўныя ўзнагароды, а сучасны арыенцір прадукцыйнасці — 8 – 10 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Дарэчы, медаль “За працоўныя заслугі” — не адзіная дзяржаўная ўзнагарода А.К.Тальчука. Яшчэ падчас тэрміновай службы ў памежных войсках ён быў узнагароджаны медалём “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы СССР”, знакам ЦК УЛКСМ “За воінскую доблесць”. На працягу працоўнай біяграфіі неаданаразова адзначаўся граматамі і падзякамі розных узроўняў.
Надзейнай падтрымкай і месцам, дзе можна адпачыць душой, для Аляксандра Канстанцінавіча заўсёды была сям’я. Спадарожніца жыцця таксама працавала ў сельскай гаспадарцы эканамістам. Разам выхавалі дастойных дзяцей. Сын служыць у раённай міліцыі, афіцэр. Дачка — педагог, працуе ў школе.
Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч, які ўручаў узнагароды ад імя Прэзідэнта, звярнуў увагу на тое, што дасягненне высокіх вынікаў магчыма ў адзінстве інтарэсаў дзяржавы і грамадства. На наш погляд, менавіта ў стараннай працы на карысць сваёй сям’і, гаспадаркі, раёна, дзяржавы і заключаецца сапраўдны патрыятызм і грамадзянская пазіцыя Аляксандра Тальчука.
Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.
На здымку: А.К.Тальчук і яго ўзнагарода.
Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.
Информацию читайте в номере 59 – 62 от 16.03.2013 г.