Сёння ў нас дзе трэба, а дзе і не вельмі да справы, казыраюцца новым словам “інавацыя”. Нешта трохі падкруцілі-падмазалі – інавацыя, з другога боку зайшлі – інавацыя. У сапраўднасці атрымліваецца звычайная прафанацыя.

Сёння ў нас дзе трэба, а дзе і не вельмі да справы, казыраюцца новым словам “інавацыя”. Нешта трохі падкруцілі-падмазалі – інавацыя, з другога боку зайшлі – інавацыя. У сапраўднасці атрымліваецца звычайная прафанацыя.

Спецыялісты падкрэсліваюць: інавацыя ці новаўвядзенне – гэта рэалізаваная навінка, запатрабаваны прадукт. А інавацыйная дзейнасць – гэта праходжанне распрацоўкі ад ідэі да яе рэалізацыі.

Дырэктар РУП “Шыпяны-АСК” Віталь Казлоў, відаць, не задумваўся, наколькі адпавядае гэтай формуле работа гаспадаркі, якую ён узначальвае не дужа даўно. А ёй наканавана быць своеасаблівым “правадніком ідэй у масы”, г.зн. дамагацца хутчэйшага ўкаранення, у поўным сэнсе слова, распрацовак жодзінскіх селекцыянераў на палях рэспублікі. Усё ж такі даччынае прадпрыемства РУП “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі по земляробству”. Іменна адсюль, з аграгарадка Алесіна, дзе пабудаваны першы ў краіне, без перабольшвання, інавацыйны аб’ект – завод па выпуску самай высокай якасці насення збожжавых, рапсу, некаторых іншых культур, вытокі багатых ураджаяў. Завод у нас асацыіруецца з гмахамі цэхаў, высачэзных комінаў і іншых прамысловых атрыбутаў. У нейкім сэнсе ён такі і ёсць. Яшчэ здалёку прыцягвае ўвагу сваёй “саліднасцю”.  Але ёсць у яго свая непаўторная адметнасць.

Перш чым ён загрукоча-зашуміць, ва ўнісон яму павінна шапацець буйным коласам ніва. І не якім-небудзь невядомага роду-племя, а што ні на ёсць элітнага паходжання. Толькі нядаўна “народжанага” доўгімі выпрабаваннямі селекцыянераў сорту жыта, пшаніцы ці таго ж рапсу. А на гэта патрэбна не меней 8-10 гадоў нястомных пошукаў вучоных аграрыяў. Потым з доследных дзялянак ён паступае  сюды, у “Шыпяны”, для прамысловага размнажэння.

Тутэйшыя землі тыповыя для Беларусі, на іх, як кажуць, добра не разгонішся. Тым больш важна заўважыць, што і на іх, пры ўдалым спалучэнні ўсіх складнікаў навукова абгрунтаванага раслінаводства, можна мець намалот не горшы, чым у замежных суседзяў, якія надзелены высокапрадукцыйнай глебай.

Летась гэта ўдалося зрабіць. Ураджайнасць збожжавых была лепшай у раёне: 60, 2 цэнтнера на круг, а валавы збор склаў 12,7 тысячы тон. Рэкорд за ўсю гісторыю гаспадаркі! Але не столькі ён важны сам по сабе, як тое, што большая колькасць сельгасарганізацый змаглі набыць высокаякаснае насенне перспектыўных сартоў зерневых айчыннай селекцыі, якія здольныя вытрымліваць канкурэнцыю са сваімі зарубежнымі аналагамі. Адкалібраванае, пратраўленае, зярнятка да зярняткі, затаранае ў мяхі рознай вагі па жаданню пакупніка, яно гарантуе дружныя ўсходы. А там пры выкананні ўсіх агратэхнічных норм і прыёмаў, багаты ўраджай. Патрачаныя грошы акупяцца добрым прыбыткам. Толькі восенню было рэалізавана 1 800 тон насення, з прыбыткам 8  мільярдаў 801 мільён рублёў. А ўсяго прададзена збожжа 10 855 тон на 20 726 мільёнаў рублёў.

А самай грашовай культурай аказаўся рапс. Рэнтабельнасць яго склала 59 працэнтаў. Існуе сярод аграрыяў такое няпісанае правіла: ураджайнасць рапсу павінна складаць не меньш паловы ад ураджайнасці збожжавых. Дык у гаспадарцы яго сабралі па 37, 1 цэнтнера з гектара, а вал склаў 1 993 тоны. Выручка ад яго продажу павялічылася ў 2,5 разы ў параўнанні з папярэднім 2011 годам, у касу гаспадаркі паступіла 6 мільярдаў 273 мільёны рублёў.

Яшчэ раз падкрэслім: усе збожжавыя, зернебабовыя, крупяныя культуры, рапс — селекцыі Цэнтра па земляробству. Яны найбольш адаптаваныя да нашых умоў, высокапрадуктыўныя, устойлівыя да хвароб і капрызаў надвор’я. Што і пацвердзіла сёлетняя анамальная ў многіх адносінах зіма. Рапс у “Шыпянах” вытрымаў яе без асаблівых праблем, пшаніцу і трыцікале толькі дзе-нідзе давялося перасеяць яравымі. Пасевы выглядаюць цяпер зусім няблага, бо за імі наладжаны належны догляд. Загадваць наперад справа няўдзячная, але ўраджай, думаецца, будзе адпавядаць свайму статусу. Значыць, будзе чым сеяць і ў сельгасарганізацыях.

Віталь Казлоў — кіраўнік яшчэ малады, але ўжо дастаткова вопытны, настойліва авалодвае сучаснымі метадамі гаспадарання. І, як бачым, небеспаспяхова. Амаль усе галіны вытворчасці прыбытковыя. Што дазваляе своечасова набываць мінеральныя тукі, сродкі аховы раслін, абнаўляць машынна-трактарны парк, будавацца, плаціць работнікам прыстойную зарплату. Ці магла яна быць большай, скажам, чатырох мільёнаў рублёў? Магла. Шмат яшчэ звенняў, якія стрымліваюць яе рост.

Побач з раслінаводствам гаспадарка паспяхова развівае жывёлагадоўлю. У “Шыпянах” маюць хоць невялікі “плюс” – звыш 20 літраў ад каровы ў суткі. Гэтаму спрыяе якасная кармавая база. Многія захапіліся кукурузай ва ўрон шматгадовым травам. Тут жа знайшлі аптымальнае спалучэнне. Сеюць “каралеву палёў”, якая патрабуе сапраўды каралеўскага догляду, але ў разумных межах. Сёлета яна заняла 250 гектараў на зерне. Разлічваюць намалаціць не меньш леташніх 2 362 тон пры ўраджайнасці 116 цэнтнераў з гектара. Сілас кукурузы таксама займе належнае месца ў кармавым рацыёне. Але ён не павінен быць стратным.

— Калі атрымліваеш зялёнай масы кукурузы меньш 300 цэнтнераў з гектара, то і сеяць яе не варта, — упэўнены Віталь Мікалаевіч. – Пацягнецца ланцужок страт, які зблытае ўсе планы і намаганні па зніжэнню сабекошту жывёлагадоўчай прадукцыі. Галоўнае – разумнае спалучэнне. Сена, сянаж з канюшыны, люцэрны, іншых траў – у тры-чатыры разы таннейшыя за кукурузны фураж. Збалансаваны на пажыўных рэчывах рацыён гарантуе высокую аддачу жывёлагадоўлі, а з ёю і рэнтабельнасць галіны.

Малочны статак гаспадаркі неўзабаве падвоіцца. Ужо “засяляецца” сучасны комплекс на тысячу кароў. Даіць у гэтым “палацы”, як і на звычайных фермах, проста сорам. Патрачаныя на ўвядзенне яго 300 мільярдаў рублёў – ніколі не акупяцца. Нават на ўзроўні 6 534 кілаграмы малака ад каровы – гэтулькі атрымалі летась на старых фермах. А на МТФ “Алесіна” 7 532 кілаграмы. Новая “фабрыка малака” разлічана “скарэкціраваць” гэтыя, увогуле, неблагія лічбы, да 10 тысяч кілаграмаў. Пры тым, у асноўным сортам “экстра”. База для гэтага створана.

Цяпер штодзень на рахунак гаспадарак паступае каля 53 мільёнаў рублёў за здадзенае малако. А калі ёсць “свежая капейка”, можна і своечасова зарплату выдаваць, і неадкладныя гаспадарчыя патрэбы аплочваць. Дарэчы, за мінулы год выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 50,9 мільярда рублёў, а чысты прыбытак — 6 мільярдаў 822 мільёны рублёў. Ужо ў бліжэйшы час, паводле слоў В.М. Казлова, мяркуюць давесці выпрацоўку на аднаго работніка ў год 40-50 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце.

Калі мы размаўлялі з Віталем Мікалаевічам, у яго зазваніў мабільнік. Ён паставіў яго на гучную сувязь. Галоўны аграном адной з гаспадарак Міншчыны загадзя “забіваў” чаргу на пшаніцу “Ода” і трыцікале “Антось”.

— Пераводзьце грошы ў жніўні і забірайце гатовае насенне, як і заказваеце, па 1,2 тоны куль. Не памыляецеся, сорты новыя, інтэнсіўнага тыпу. Будзеце ў выйгрышы.  Вясной рэалізавалі звыш тысячы тон яравых збожжавых. Прыязджалі з ўсіх куткоў рэспублікі. Яно і зразумела: элітнага поля без элітнага насення не бывае.

Мікалай ШЛОМА.   

 

Подробную информацию читайте в номере 141 – 144  от 22.06.2013 г.