“Мой радзімы куток” – пад такой назвай праходзіла свята вёскі Калюга, якое адбылося ў адзін з ліпенькіх дзён. Дзень мерапрыемства быў назначаны, рознакаляровыя афішы сардэчна запрашалі ўсіх жыхароў і гасцей вёскі, а сіноптыкі аб’явілі, што чакаецца дождж. “Усе мы прасілі ў Бога добрага надвор’я”, — гаворыць Галіна Васільеўна Макарчык, жыхарка вёскі. І дзень, наперакор прагнозам выдаўся цёплы і сонечны.

 

 

 

“Мой радзімы куток” – пад такой назвай праходзіла свята вёскі Калюга, якое адбылося ў адзін з ліпенькіх дзён. Дзень мерапрыемства быў назначаны, рознакаляровыя афішы сардэчна запрашалі ўсіх жыхароў і гасцей вёскі, а сіноптыкі аб’явілі, што чакаецца дождж. “Усе мы прасілі ў Бога добрага надвор’я”, — гаворыць Галіна Васільеўна Макарчык, жыхарка вёскі. І дзень, наперакор прагнозам выдаўся цёплы і сонечны.

Кожная вёска мае сваю гісторыю. Калюга – невялікая вёсачка, якая знаходзіцца побач з аўтамагістраллю “Мінск – Масква”,  у 5 кіламетрах ад Смалявічаў. На пачатку 20-га стагоддзя – засценак у Смалявіцкай воласці Барысаўскага павета, які налічваў 16 двароў і 119 жыхароў. У 1920 годзе тут была створана працоўная школа першай ступені, дзе вучыліся 35 хлопчыкаў і дзяўчынак. На пачатку 30-х гадоў у вёсцы была праведзена калектывізацыя.

Шмат выпрабаванняў выпала на долю беларускага народа. Войны і ліхалецці, нястачы і голад, страты родных і блізкіх людзей. 57 воінаў Чырвонай Арміі, партызан і мірных жыхароў вёскі Калюга загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У пачатку 1996 года тут знаходзілася ферма буйной рагатай жывёлы, клуб і магазін. Шкада, але на сённяшні дзень ніводзін з гэтых аб’ектаў не працуе. І ўсё ж галоўнае багацце гэтай маленькай вёсачкі – яе жыхары, працавітыя, гасцінныя і добразычлівыя.

У пачатку свята перад аднавяскоўцамі і гасцямі выступіла Любоў Арсенцьеўна Кункевіч.

— Калі мне было няпоўных чатыры гады, пачалася вайна, — з горыччу ўспамінае жыхарка, — але я ніколі не забуду лістапад 1942 года, калі немцы спалілі палову вёскі. Меншага браціка мама несла на руках, а я бегла побач і трымалася за спадніцу. Нас усіх сагналі да магістралі, але нейкім чынам наша сям’я ўцякла. Назаўтра мы аказаліся ў вёсцы Плішчына. Памятаю, як нас кармілі блінамі. Тата з фронта прыйшоў інвалідам. Гэта быў асаблівы дзень. Я гуляла на вуліцы і ўбачыла, як да вёскі набліжаецца чалавек на кастылях, а замест нагі прывязана палка. Ад хвалявання я забегла ў хату і крычу: “Мама, Асенцій ідзе!”

Так, “дзяцінства апаленае вайной”, — гэта пра іх. Але не ўсім дзецям давялося перажыць вайну побач з матуляй у сваёй роднай хаце. Яшчэ дзяўчынкай Таццяна Якаўлеўна Лук’яненка трапіла ў канцэнтрацыйны лагер і стала яго вязнем. Той жах, які ёй давялося перажыць, без болю ў сэрцы яна не можа ўспомніць. Яшчэ адну дзяўчынку, Любачку (цяпер гэта Любоў Сцяпанаўна Астроўская), немцы разам з палоннымі прыгналі аж да Польшчы, дзе яна доўгі час працавала на польскага пана. Калі  вярнулася дадому, то яе, як і многіх у той час, аб’явілі “ворагам народа”. А пасля вайны быўшы “вораг народа” ўдзельнічала ў будаўніцтве Жодзінскай ЦЭЦ у якасці брыгадзіра бетоншчыкаў. Потым працавала ў калгасе даяркай, на працягу дваццаці гадоў выбіралася дэпутатам у мясцовы і гарадскі Саветы.

Калюжанцы могуць заслужана ганарыцца сваімі аднавяскоўцамі, якія нястомна працавалі на палетках, на фермах. Ветэранамі працы, якія прайшлі праз усе выпрабаванні лёсу, аддаючы свае сілы і здароўе, адраджаючы разбураную вайной гаспадарку. Хочацца назваць сёння іх імёны. Гэта Любоў Сцяпанаўна Астроўская, Лідзія Цімафееўна Кункевіч, Тамара Пятроўна Філіповіч, Валянціна Ігнацьеўна Турончын, Соф’я Аляксандраўна Надумовіч, Надзея Аляксандраўна Ананчанка, Таццяна Якаўлеўна Лук’яненка, Марыя Мікалаеўна Мерка, Таццяна Віктараўна Сушко, Рэгіна Антонаўна Гошка, Ніна Іосіфаўна Любецкая, Ірына Ільінічна Альшэўская, Ала Пятроўна Кірпанава, Кляменцій Іванавіч Кірпанаў, Лідзія Аляксандраўна Шаўцова. Шмат гадоў добрасумленна працавалі на Смалявіцкай птушкафабрыцы Ганна Васільеўна Макарчык і Любоў Арсенцьеўна Кункевіч.

Валянціна Ігнацьеўна Турончык амаль трыццаць радоў адпрацавала ў гаспадарцы начальнікам вытворчага ўчастка вёскі Калюга. Выбіралася дэпутатам Мінскага абласного Савета народных дэпутатаў. Узнагароджвалася ордэнам “Знак пашаны” ў 1976 годзе, двойчы атрымлівала бронзавыя медалі на ВДНГ СССР у 1977 і 1982 гадах і медалі “Пераможца спаборніцтва” (1974 г. і 1975 г.). Мае шмат грамат і падзяк. І вельмі часта з вялікай павагай успамінае тых, з кім ёй даводзілася працаваць разам.

Бацькі Ганны Васільеўны Макарчык загінулі ў вайну і дзяўчынку гадавала бабуля. Пасля вайны Ганна Васільеўна трапіла ў дзіцячы дом №1 г.Смалявічы. Потым выйшла замуж, нарадзіла дачку, а калі сямейнае жыццё не склалася, вярнулася ў вёску Калюга да роднай цёткі. Так і засталася тут жыць.

Праскоўя Дзмітрыеўна Сіз – самая старэйшая жыхарка вёскі Калюга, ёй ужо 91 год. Чарнобыльская трагедыя заставіла  жанчыну пакінуць родную Украіну, дзе пачынаўся яе працоўны стаж. Спачатку, у васемнаццаць гадоў, пайшла працаваць на трактар. “Сеяла, арала, усё рабіла добрасумленна, — гаворыць Праскоўя Дзмітрыеўна, —  а калі па-другому, дык нічога добрага не атрымаецца. На фронце загінуў мой першы муж. Пасля вайны мяне паставілі працаваць загадчыцай фермы. Прывезлі дзве каровы, чатырох парсючкоў і дзесяць курэй – вось і ўся гаспадарка. Потым мне даручылі дзве тысячы куранят, а на другі год – два мільёны. Ляніцца не было калі, ды і сорамна. У Чарнігаўскай вобласці  я стала на той час пераможцам спаборніцтва па вытворчасці  яек, за што атрымала ордэн. Потым пра мяне напісалі кнігу”. У 1988 годзе  Праскоўя Дзмітрыеўна пераехала ў вёску Калюга, але хоць і мела ўжо 66 гадоў, пайшла працаваць у саўгас. Працавітыя рукі заўсёды былі патрэбны. Перабірала бульбу, садзіла капусту і хадзіла на работу пакуль дазвалялі сілы. Выгадавала траіх дзяцей, мае сем унукаў і адзінаццаць праўнукаў. “Сакрэт даўгалецця, — дзеліцца яна, — у працавітасці, шчырасці і дабраце”.

Але для любога чалавека галоўнай апорай і падтрымкай у жыцці з’яўляецца яго сям’я. Любоў Арсенцьеўна і Уладзімір Пятровіч Кункевічы пражылі разам 56 год. Вырасцілі  трох дзетак, маюць пяцёра ўнукаў і двух праўнукаў. Працавітымі рукамі гаспадара хата заўсёды была ў парадку, а шыкоўныя кветнікі, утульнасць і чысціня – заслуга гаспадыні.

Галоўнае багацце кожнай сям’і – дзеці. А калі іх шмат, то сям’ю наогул можна лічыць самай багатай і шчаслівай. Софь’я Аляксандраўна Надумовіч – маці шасці дзетак і бабуля пяці ўнукаў. Ёсць і маладая мнагадзетная сям’я – Людмілы і Аляксандра Самок, у якіх ўжо трое дзяцей.

Самаму малодшаму жыхару вёскі – Дзяніску Размоўку, споўніўся сёлета адзін гадочак.

А каго заўсёды з асаблівым нецярпеннем чакаюць у кожнай вясковай хаце? Канешне, паштальёна. Шаснаццаць гадоў штодня абыходзіла кожную хату Раіса Якаўлеўна Шыпава. Яна таксама жыве ў вёсцы Калюга, але за столькі гадоў добрасумленнай працы яна накрочыла не адну тысячу кіламетраў. Гэта жанчына карыстаецца асобай павагай у аднавяскоўцаў.

І якое ж свята без гасцей, без песень і танцаў? А першымі гасцямі заўсёды бываюць суседзі. І тут усю адказнасць за арганізацыю і правядзенне канцэрта ўзялі на сябе творчы тэатральны калектыў “Пацешнікі” і ансамбль народнай песні “Родны напеў” Жажэлкаўскага сельскага клуба. Вельмі прыемна, што дапамагала і актыўна ўдзельнічала ў свяце і моладзь. Да калюжанцаў у гэты дзень завіталі танцавальны ўзорны калектыў  “Ніка” Барсукоўскага СДК і загадчык Красназнаменскага сельскага клуба Юрый Аляксандравіч Сапёраў, якія на працягу ўсёй канцэртнай праграмы дарылі гледачам добры настрой. Радавалі вока на свяце работы настаўніцы Жажэлкаўскай сярэдняй школы Ніны Мікалаеўны Ляховіч (вышыўка стужкамі) і выстава ткацкіх вырабаў  “З глыбінь жыватворных” Юліі Лявонаўны Дравіла з вёскі Жажэлка.

Ад імя ўсіх жыхароў вёскі Калюга хочацца выказаць шчырую падзяку прафсаюзнаму камітэту ААТ “Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка” і асабіста Сяргею Міхайлавічу Лінчыку за набытыя падарункі ветэранам працы, а таксама старшыні Жодзінскага сельсавета Андрэю Мікалаевічу  Бараўцову, за матэрыяльную падтрымку свята. Асаблівы дзякуй хочацца сказаць усім жыхарам вёскі за дабрадушны прыём, за шчырыя ўсмешкі, кветкі і апладысменты. За працу, за самаадднасць, за тое, што праз усё жыццё збераглі і пранеслі любоў да роднай вёскі, якая будзе жыць, пакуль ёсць такія людзі.

Загадчыца Жажэлкаўскім сельскім клубам Ніна Чаславаўна КАЗЛОЎСКАЯ.

На фота: П.Д. Сіз

Фота аўтара.

Подробную информацию читайте в номере 177 – 180  от 03.08.2013 г.