Сёння праблемы экалогіі знаходзяцца ў шэрагу самых важных, вызначаючы ўзровень дабрабыту ўсёй міравой цывілізацыі. Зберагчы родную прыроду, зберагчы чыстае паветра і карысныя выкапні для наступных пакаленняў – гэта наша агульная задача. У Зямлі няма другіх рук і сэрцаў акрамя нашых,  і нам неабходна несці адказнасць за стварэнне якаснага жыцця для ўсіх.

Бібліятэкар Зеленаборскай сельскай бібліятэкі Таццяна Гусева разам з супрацоўнікамі Дома культуры добра разумеюць неабходнасць экалагічнай асветы. Яны часта з’яўляюцца ініцыятарамі акцый па навядзенні парадку на тэрыторыі адпачынку за насельным пунктам. Сёлета быў падрыхтаваны шэраг мерапрыемстваў для наведвальнікаў аздараўленчай пляцоўкі мясцовай школы. Дзяцей запрасілі на гутарку-папяраджанне “Час збіраць смецце”, дзе ім прадэманстравалі відэафільм аб экалагічных катастрофах планеты. Выкарыстоўваючы кнігі экалагічнага напрамку, якія знаходзяцца ў бібліятэцы,  бібліятэкар распавяла пра віды смецця, тэрміны раскладання цвёрдых бытавых адыходаў. І канешне, ішла размова пра другаснае выкарыстанне ЦБА. З вялікім задавальненнем дзеці разглядалі дыванкі, зробленыя з пластыкавых пакетаў і абрэзкаў тканіны. Гэтыя вырабы падала пажылая чытачка бібліятэкі Лідзія Паўлаўна Аноп. А яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі  паспрабавалі раздзяліць смецце і вызначыць, што можна адправіць на перапрацоўку. На літаратурнай гадзіне “Мы –  жыхары Зямлі” адбылася прэзентацыя кніжнай выставы з аднаіменнай назвай. Бібліятэка ў сваім распараджэнні мае вялікую колькасць выданняў, якія паказваюць прыгажосць нашай краіны. Гэтыя маляўнічыя кнігі выклікалі вялікую зацікаўленасць наведвальнікаў, а відэафільм на гэтую тэму дадаў самых станоўчых эмоцый. І на пытанні віктарыны, якія тычыліся жывёл, раслін, агародніны, хутка знаходзіліся адказы.

Антуан дэ Сэнт-Экзюперы пісаў: “Мы ўсе імчымся ўдалячынь на адной і той жа планеце – мы экіпаж аднаго карабля”. Дык давайце берагчы наш Зялёны карабель, і тады наша падарожжа будзе незабыўна цудоўным.

Таццяна  АНОП.