Напярэдадні знамянальнай даты — 17 верасня, калі наша краіна ўпершыню адзначыць новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства, у горадзе Маладзечна адбыўся Мінскі абласны рэгіянальны форум «Беларусь адзіная»

Прадстаўнікі ўсіх раёнаў Міншчыны, а іх было больш за 800 чалавек, сабраліся разам, каб абмеркаваць надзённае і будучае Беларусі. Работнікі і кіраўнікі райвыканкамаў, прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскія дзеячы, ідэалагічныя работнікі, палітолагі, рэдактары рэгіянальных сродкаў інфармацыі, дэпутаты актыўна далучаліся да абмеркавання.

Тон мерапрыемству задавалі прафесіянальныя эксперты краіны — намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вадзім Гігін, эканамічны эксперт Анастасія Баброва, палітычны аглядальнік, член камісіі па выпрацоўцы паправак да  Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шпакоўскі, філосаф і публіцыст Аляксей Дзермант, эканамічны аглядальнік Аляксей Аўдонін.

Усімі экспертамі было адзначана, што бягучы год стаў для краіны выпрабавальным. Але нягледзячы на складанасці, эканамічныя санкцыі, Беларусь паступальна развіваецца, рухаецца наперад. Зразумела, што Захад імкнецца прыпаднесці ўсё новыя і новыя сюрпрызы, ніяк не хоча супакоіцца. І нам, беларусам, патрэбна спадзявацца толькі на свае сілы.

— Да гэтага часу Беларусь спраўлялася і спраўляецца, — выказалася Анастасія Баброва.

— Мы выстаялі дзякуючы кансалідацыі, грамадзянскай пазіцыі, людзі па-новаму адчулі сваю датычанасць да супольнасці, аб’яднання, — канстатаваў Вадзім Гігін і прызваў прысутных да адкрытай, шчырай размовы.

І такая размова адбылася. Удзельнікаў форуму хвалявалі  розныя пытанні: палітыка, эканоміка, санкцыі, пандэмія, праект Канстытуцыі. Шмат выказванняў прысутных было наконт партыйнага будаўніцтва, рэгістрацыі партый.

Член Канстытуцыйнай камісіі Аляксандр Шпакоўскі канстатаваў, што не варта хвалявацца, рыхтуецца новы закон аб палітычных партыях.

Актыўна ўдзельнікі мерапрыемства абмяркоўвалі і тэму патрыятычнага выхавання, яго ўдасканалення. К слову, з першага верасня ў агульнаадукацыйных школах краіны з’явяцца кіраўнікі ваенна-патрыятычнага выхавання. У цяперашні час распрацавана праграма патрыятычнага выхавання, вядзецца работа па стварэнні Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання.

Шмат гаварылася пра патрыятызм, пра любоў да роднай зямлі, пераемнасць пакаленняў, традыцыі, сямейныя каштоўнасці. Але агульным матывам гучала, што мы — адзіныя, а таму моцныя, і Беларусь у нас адзіная. Нам жыць у нашай краіне і ад нас залежыць яе будучыня.

М.Меркуль

Фото аўтара.