ДРЭВА – МАТЭРЫЯЛ МЯККІ, А ДУХ МАЙСТРА - ЦВЁРДЫ

Нават у тым выпадку, калі чытачу не знаёмае імя Фёдара Рыгоравіча Шклярава, то амаль што, напэўна, кожны што-небудзь ды чуў пра Веткаўскі музей народнай творчасці.

ДРЭВА – МАТЭРЫЯЛ МЯККІ, А ДУХ МАЙСТРА - ЦВЁРДЫ

Нават у тым выпадку, калі чытачу не знаёмае імя Фёдара Рыгоравіча Шклярава, то амаль што, напэўна, кожны што-небудзь ды чуў пра Веткаўскі музей народнай творчасці.

Веткаўшчына — адзін з найцікавейшых рэгіёнаў Гомельшчыны, ды, бадай, і ўсёй Беларусі. У 1680 — 1770-я гады Ветка апынулася ў цэнтры пасадскага расколу. З’яўляючыся, па-сутнасці, сталіцай прыхільнікаў старой веры, старавераў, яна карысталася вялікім аўтарытэтам. У культуры Веткі па-свойму былі перапрацаваны і захаваны традыцыі Русі. Унікальная калекцыя і своеасаблівая экспазіцыя, якая аб’яднала разнародныя прадметы, — ад старажытных ікон і кніг да сучасных узорных ручнікоў, — вабяць шматлікіх турыстаў. Дык вось, заснавальнікам музея і быў Фёдар Рыгоравіч Шкляраў (1925 – 1988), ураджэнец і жыхар Веткі, страсны аматар і прапагандыст мясцовай культуры. У 1960 – 1970-х гадах ён сабраў калекцыю, якая выклікала вялікую цікавасць грамадскасці. Менавіта яго калекцыя паклала пачатак музею, які месціцца ў былым купецкім доме Веткі. Экспазіцыя мае раздзелы: ткацтва, вышыванка, іконы, чаканка, пацеркі, гарадскі быт, старадрукаваныя кнігі, народны касцюм, прадметы ўжытку  і — увага — разьбярства па дрэве.

А ў нашым раёне, а дакладней, у Будагоўскай школе працуе настаўнікам працы чалавек, малой Радзімай якога з’яўляецца Ветка. Больш за тое, ён выдатна ведаў заснавальніка музея Шклярава і яго сям’ю. Звыш таго, ён тут, на смалявіцкай зямлі працягвае традыцыі старажытнага веткаўскага майстэрства. Майстэрства, якім прафесійна валодаў і Фёдар Рыгоравіч Шкляраў — разьбярства па дрэве. Знаёмцеся: Уладзімір Васільевіч Журын.

Уладзімір Васільевіч — ужо сталага, але яшчэ не пажылога веку чалавек. Па ўсім, а ў першую чаргу па вачах, бачна, што пабачыў і перажыў нямала. Гэта пацвярджаецца і ў гутарцы. З вялікем болем успамінае Уладзімір Васільевіч, як, ратуючы дзяцей ад чорнага ценю Чарнобыля, яго сям’я пераехала ў Жодзіна. І трэба ж было здарыцца такой недарэчнасці: любімы сынок, такі разумны— ўжо ў дзіцячым садку чытаў дзецям казкі, такі таленавіты, такі прыгожы, недарэчна загінуў у двары дома. Вось такія парадаксальныя грымасы лёсу. А яшчэ раней — памёр брат. Ды і сам Журын перанёс няпростую аперацыю. І тым не меней, Уладзімір Васільевіч не зламаўся. Знаходзіць сілы не толькі з годнасцю пераносіць ўсе ўдары року, клапаціцца пра сям’ю, але яшчэ і для работы, для творчасці. Бо без радасных імгненняў стварэння нечага ўласнага, цудоўнага, не ўяўляе існавання.

Людзі веруючыя пра такіх, як Журын, кажуць, што “ …ў каго Бог шмат забірае, то шмат і дае”. Сапраўды, талентаў і ўменняў Уладзіміру Васільевічу ці то Богам, ці то прыродай дадзена нямала. Ён і рэжа па дрэве, ён і малюе. Але першым захапленнем была музыка. У часы неверагоднай папулярнасці ВІА — вакальна-інструментальных ансамбляў — ён быў удзельнікам і адным з заснавальнікаў такіх ВІА, як “Гусляры” і “Крэда” ў Ветцы, “4В” у Браславе. Тады ж пачаў пісаць песні, сам жа і выконваў іх. Адным словам — бард.

І ў Будагове спачатку працаваў настаўнікам музыкі. Ды толькі аднойчы, а дакладней, у 1994 годзе ў школе чакалі чарговую праверку, і трэба было аформіць стэнд. Педагогі раіліся, меркавалі, як гэта лепш зрабіць, а Журын вазьмі ды і скажы: “А давайце я паспрабую!” Вось так і “выдаў” свой чарговы талент перад калегамі. Тут ужо было не адвярцецца ад гуртка разьбярства, а пазней абставіны склаліся так, што прыйшлося і ўрокі працоўнага навучання ўзяць.

Разьбярства — адзін з самых старажытных і найбольш распаўсюджаных відаў дэкаратыўнага мастацтва. Відаў разбярства існуе вялікае мноства, а яшчэ больш — нацыянальных тэхнік разьбы, школ. Ёсць разьба плоскарэльефная, геаметрычная, контурная і іншыя. У сваю чаргу плоскарэльефная падзяляецца на разнавіднасці па тэхніцы выканання. Ёсць і іншыя класіфікацыі: плоскавыемная, рэльефная, ажурная, скульптурная і г.д.

Сам Уладзімір Васільевіч пра ўласнае майстэрства разьбярства гаворыць сціпла. Маўляў, да таго ж Шклярава, і, тым больш, да майстроў старажытнасці сціпламу настаўніку працы далёка. “І тэхніка маёй разьбы — зусім не Шклярава”. Сапраўды, узоры творчасці веткаўскіх майстроў — унікальныя. Напрыклад, разная брама, якую выканалі супрацоўнікі музея пад кіраўніцтвам Ф.Р.Шклярава, працягвае традыцыі упрыгожваць дамы разьбой. “Дамы на Ветцы прынята ўпрыгожваць вельмі адметнай разьбой” — пісаў этнограф Абрамаў у пачатку мінулага стагоддзя. Раслінны арнамент разьбы прынесены стараабрадцамі, якія бралі ўзоры са старажытных кніг. А для творчасці  Уладзіміра Васільевіча Журына больш характэрна, па нашых назіраннях, разьба плоскарэльефная, геаметрычная, з зааваленнымі контурамі. І, разам з тым, і старажытныя веткаўскія, і сучасныя работы Журына ствараюць адчуванне лёгкасці, цеплыні. І гэта зразумела, бо мастацтва разьбы — адзін са сродкаў, пры дапамозе якіх мастак перадае свае ўяўленні аб прыгажосці. Сярод работ Уладзіміра Васільевіча ёсць і бытавая, і мастацкая разьба. І выканана яна аднолькава віртуозна — што карціны, што рэзаныя лыжкі. Уявіце сабе, звычайны бытавы прадмет — лыжка — узор густу і вытанчанасці. Маленькі шэдэўр.

З 1994 года ў Будагоўскай школе дзейнічае гурток разьбярства па дрэве пад кіраўніцтвам Уладзіміра Васільевіча Журына. На працягу шаснаццці гадоў майстар некалькім пакаленням школьнікаў здолеў прывіць любоў да прыгажосці, даў навыкі, якія многім, ужо пасталеўшым, вучням спатрэбіліся ў жыцці. Ёсць выпускнікі гуртка, якія працуюць тут жа, у Будагове, на вытворчасці мэблі. А ёсць і нетыповы выпадак: былы вучань школы патрапіў у месцы, як кажуць, не вельмі аддаленыя, і ўжо пасля вызвалення сказаў “дзякуй” педагогу за навуку разьбярства. Уменне не дало юнаку, які аднойчы аступіўся, згубіць чалавечае аблічча, утрымала яго ад працягу крымінальнай “кар’еры”. Відаць, справа тут не толькі ў фізічных уменнях, а ў тым, што прывучаў Уладзімір Васільевіч выхаванцаў сваіх адчуваць прыгажосць, не скарацца перад цяжкасцямі. Характэрны прыклад: калі прыносіў на заняткі магнітафон, каб дзеці працавалі пад класічную музыку або бардаўскія песні, то напачатку выхаванцы імкнуліся паставіць свае, сучасныя запісы. Але з цягам часу ім пачынала падабацца сапраўдная музыка. А гэта — вялікі крок да фарміравання высокіх маральных ідэалаў. На жаль, прыходзіцца канстатаваць, што апошнія гады цікавасць да разьбярства падае. Куды прасцей падлетку пасядзець за камп’ютэрнымі “стралялкамі”, чым карпатліва, з дня ў дзень “будаваць” малюнкі ў вырабах з дрэва. Тым не меней, на занятках, дзе мы прысутнічалі, дзеці аддаваліся справе з вялікім стараннем і захапленнем.

З гонарам паказвае Уладзімір Васільевіч граматы сваіх вучняў. За паўтара дзесятка гадоў і вучні, і сам Уладзімір Васільевіч не раз выходзілі ў пераможцы на разнастайных конкурсах, удзельнічалі ў выставах, прапаноўвалі свае работы на кірмашах. Але галоўны здабытак гурткоўцаў — не граматы і дыпломы, а бясцэнны жыццёвы вопыт пасціжэння прыгажосці і пераадолення цяжкасцей, цярплівасці і старання.

Уладзімір  МІХАЙЛОЎСКІ.

НА ЗДЫМКАХ: У.В.Журын на занятках з гурткоўцамі;  работы майстра і гурткоўцаў на школьнай выставе.

Фота  Аляксандра  ВАЛАДЗЬКО.