Сёння на тэрыторыі Курганскага сельсавета жывуць дваццаць ветэранаў Вялікай Айчыннай, сярод якіх два інваліды вайны і дзесяць вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Сёння на тэрыторыі Курганскага сельсавета жывуць дваццаць ветэранаў Вялікай Айчыннай, сярод якіх два інваліды вайны і дзесяць вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Курганшчына — глыбінка Смалявіцкага раёна. Да райцэнтра — больш за дваццаць кіламетраў. Менавіта ў навакольных лясах, такіх вялікіх, што займаюць таксама і тэрыторыю Чэрвеньскага раёна, у гады ваеннага ліхалецця дзейнічалі партызанскія атрады брыгады “Разгром”. Амаль усе жыхары Забалоцця, Курганоў, Старынкі, Стрыева, Юраўкі, Жураўка, Пацічова так ці інакш былі звязаны з ляснымі мсціўцамі. Вось і Станіслаў Аляксандравіч Мурашка, што і цяпер жыве ў роднай вёсцы Забалоцце, трынаццацігадовым хлапчуком  амаль штодня хадзіў па заданні кіраўніцтва партызанскага атрада “Разгром” на сустрэчы з сувязнымі на станцыі “Смалявічы”, “Чырвоны Сцяг”, “Жодзіна” і нават у Барысаў, каб перадаць партызанам звесткі пра рух варожых эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай, харчаваннем. Збіраў зброю для лясных байцоў. Двойчы Станіслаў Аляксандравіч быў паранены, пры бамбёжцы нямецкай авіяцыяй партызанскага атрада — вельмі сур’ёзна, у галаву. Але ж, дзякуючы хірургу Міхейчыку ды медсястры Лідзе Гурыновіч з ляснога шпіталю застаўся жывы.Унёсак у Вялікую Перамогу падлетка адзначаны дзяржавай. Мурашка ўзнагароджаны медалямі “За перамогу над Германіяй”, Жукава, ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Ды і жонка яго, Кацярына Вікенцьеўна, у час вайны семнаццацігадовая, на свае ўласныя вочы бачыла шмат жахлівых падзей. У1943 годзе яна была схоплена немцамі на рынку горада Смалявічы, куды пайшла з роднай Старынкі за соллю. У  “цялячых” вагонах  і такіх самых, жывёльных умовах, без ежы, без вады, разам са шматлікімі іншымі ахвярамі ехала дзяўчынка шмат дзён…  Тая жудасная вандроўка скончылася ў нямецкім Франкфурце-на-Майне. На ліцейным заводзе працавала Кацярына Вікенцьеўна да вызвалення амерыканцамі. Пасля Перамогі вярнулася дадому.

У штодзённых клопатах працавітых сумленных людзей вельмі імкліва бяжыць час. Так не заўважылі Мурашкі, як прайшлі дзесяцігоддзі… У 2009-м Станістаў Аляксандравіч і Кацярына Вікенцьеўна адзначалі шасцідзесяцігадовы юбілей сумеснага жыцця. Усё было ў ім: будавалі хату, нараджалі і выхоўвалі дзетак — трох сыноў і трох дачок. Святочную  кофту Кацярыны Вікенцьеўны сёння ўпрыгожваюць два ордэны Мацярынскай Славы І і ІІ ступені. Сям’я Мурашка мае трынаццаць унукаў і пяцёра праўнукаў. Усё жыццё працавалі  сужонцы сумленна. Станіслаў Аляксандравіч мае працоўны стаж больш за сорак гадоў. Шчыраваў на чыгунцы, на торфапрадпрыемстве ў Смалявічах, на лесазаводзе, у саўгасе “Курганы”… А Кацярына Вікенцьеўна амаль увесь свой працоўны стаж  — у названым сельскагаспадарчым прадпрыемстве.

Атрымаўшы юбілейныя медалі і пажаданні здароўя, дабрабыту і — вельмі настойлівыя —доўгіх-доўгіх  гадоў жыцця, Станіслаў Аляксандравіч сказаў:

— Мы людзі дысцыплінаваныя… Калі атрымалі прэзіденцкі загад “Жыць!”, то будем старацца яго выканаць!

НА ЖЫЦЦЁ АЗІРНУЦЦА НЕ СОРАМНА…

У вёсцы Курганы жывуць ветэраны Анатоль Андрэевіч і Вольга Уладзіміраўна Арцімовічы.  У часы фашысцкай навалы не сядзелі ў зацішку і гэтыя людзі, нягледзячы на свой — у тыя гады таксама малады — ўзрост. Абодва — з мясцовых, курганскіх, абодва нарадзіліся ў 1928 годзе. Вольга Уладзіміраўна ў Вялікую Айчынную была партызанскай сувязной. Шмат разоў ёй даводзілася, рызыкуючы жыццём, пераапранаючыся кожны раз у другое адзенне, каб не “трапіцца на вока” ворагам, здабываць звесткі для партызанаў атрада “Разгром” брыгады “Разгром”. Аднойчы, падчас выканання аднаго з заданняў,  разам з сяброўкай трапіла ў Смалявіцкае гестапа. Немцы не шкадаваліі нават дзяцей: абвясцілі, што раніцай дзяўчынкі будуць павешаны. Але ж, знаёмы, які служыў паліцаем, дапамог збегчы… Даводзілася таксама дастаўляць ад урача Міхаіла Дзмітрыевіча Міхейчыка, які працаваў у Смалявічах, лекі ў партызанскі атрад. З годнасцю Вольга Уладзіміраўна сёння носіць медаль «Партызан Беларусі».

Пасля вызвалення Смалявіччыны ад акупантаў галава сям’і Анатоль Андрэевіч захварэў на тыф, таму і не быў прызваны ў армію. Але не меней адказная справа была даверана хлопцу. Ён быў удзельнікам групы, якая ачышчала тэрыторыю раёна ад смертаноснай “спадчыны”, пакінутай трохгадовай фашысцкай акупацыяй  і жорсткімі вызваленчымі баямі лета 1944-га: авіябомбаў, мін, снарадаў, зброі… Групай было знішчана больш за паўтары тысячы баявых адзінак.

І пасля Вялікай Айчыннай Арцімовічы не былі ў баку ад падзей, якімі жыла краіна. Прымалі актыўны ўдзел у аднаўленні разбуранай гаспадаркі. Шчыравалі  амаль усё жыццё ў мясцовых сельгаспрадпрыемствах — саўгасах “Курганы” і імя Купрыянава.  Вольга Уладзіміраўна — лабаранткай малочнатаварнай фермы, Анатоль Андрэевіч — брыгадзірам свінагадоўчай. У час сваёй працы дабіваліся добрых вынікаў. Напрыклад, толькі высокаякаснае, першагатунковае малако ішло з фермы, дзе працавала В.У.Арцімовіч.  Сярод працоўных узнагарод Вольгі Уладзіміраўны — памятныя адзнакі пераможцы раённага спаборніцтва 1977, 1979, 1980 гадоў, а галава сям’і мае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР, а таксама мядаль Жукава…

Амаль шэсцьдзесят гадоў Арцімовічы разам, траіх дзетак выгадавалі,  маюць пяцёра ўнукаў, ёсць і праўнукі…

— Цікава жыццё пражылі, — гаворыць  Вольга Уладзіміраўна. — Нягледзячы на ўсе жахі, якія давялося перажыць падчас вайны, на пасляваенныя  цяжкасці… Былі патрэбнымі Радзіме, людзям, шмат чаго паспелі зрабіць за жыццё. Так што — не сорамна азірацца на пражытыя гады…

Канешне, не сорамна! Вялікі дзякуй вам, Станіслаў Аляксандравіч і Кацярына Вікенцьеўна, Анатоль Андрэевіч і Вольга Уладзіміраўна,  за наша сённяшняе вольнае жыццё, мірнае неба над Беларуссю, за  дабрабыт і магчымасць працаваць, нараджаць і гадаваць дзетак, спадзявацца на тое, што ніколі-ніколі нашым нашчадкам не давядзецца зведаць таго, што выпала на долю вашага пакалення.

Л.ПРАКАПЕНЯ.

На фота: 1.  Кацярына Вікенцьеўна і Станіслаў Аляксандравіч Мурашкі. 2. Арцімовічы: Анатоль Андрэевіч і Вольга Уладзіміраўна.

Фота аўтара.