У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Беларусі адзначаецца адно з найбольш яскравых святаў – Купалле. Гэта (язычніцкае) свята, напэўна, адзінае, якое з часу распаўсюджання хрысціянства амаль не змянілася. Як і шмат гадоў таму, у купальскую ноч людзі скачуць праз вогнішча, плятуць купальскія вянкі, шукаюць папараць-кветку, збіраюць зёлкі, якія ў гэтую ноч напаўняюцца цудоўнай лекавай сілай.
У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Беларусі адзначаецца адно з найбольш яскравых святаў – Купалле. Гэта (язычніцкае) свята, напэўна, адзінае, якое з часу распаўсюджання хрысціянства амаль не змянілася. Як і шмат гадоў таму, у купальскую ноч людзі скачуць праз вогнішча, плятуць купальскія вянкі, шукаюць папараць-кветку, збіраюць зёлкі, якія ў гэтую ноч напаўняюцца цудоўнай лекавай сілай.
Нашы продкі верылі, што на Купалле сонца губляе сваю жыццёвую сілу і ўладу над прыродай. Таму ўсё жывое, як бы прадчуваючы хуткую старасць, спяшаецца жыць поўным жыццём. Да таго ж, у купальскую ноч ніхто не павінен быў спаць. Гэтую традыцыю захавалі напярэдадні і смалевічане, якія весела і шырока адзначылі Купалле.
Святкаванне Купалля спакон вякоў адбывалася на традыцыйным рытуальным месцы. У розных рэгіёнах гэта магло быць ўзбярэжжа ракі ці возера, а калі побач не было вады, то для свята выбіралі невялікую паляну. Жыхары нашага горада Купалле традыцыйна адзначылі на ўзбярэжжы Смалявіцкага вадасховішча.
Народнае гулянне пачалося са з’яўлення Сымона і Сымоніхі, якія прыбылі на свята на кані. Гэтыя персанажы не давалі гледачам засумаваць падчас усёй святочнай праграмы. “Купалінка набліжаецца – свята пачынаецца!” – пад гэтыя словы на імправізаванай купальскай сцэне з’явілася Купалінка і шчодра пачаставала ўсіх жадаючых караваем.
І распачаліся вясёлыя купальскія гульні-конкурсы! Сярод актыўных іх удзельнікаў і купальскую пару вызначылі, і самых моцных смалевічан у спаборніцтвах па армрэслінгу і перацягванні каната знайшлі, і проста ў эстафетах ды іншых купальскіх гульнях удзел прынялі.
Вельмі гарманічна ўліліся ў святочную праграму песні ў выкананні народнага ансамбля песні “Смаляначка” пад кіраўніцтвам Алёны Дзедавец. Не абышлося свята і без русалак, якія таямніча прыплылі на лодках. Чароўныя жыхаркі водных глыбінь грацыёзна сышлі на бераг вадасховішча, сабраўшы ля вады натоўп зацікаўленых гараджан. Менавіта русалкі пусцілі на ваду вялізны вянок – адзін з сімвалаў купальскага свята.
А якое ж Купалле без нячысцікаў? Хутка ўжо яны панавалі на святочнай сцэне, жадаючы сапсаваць Купалле. Чорты і чорцікі, вядзьмаркі і лесавікі – ўсе гэтыя персанажы традыцыйныя ўдзельнікі купальскіх гулянняў, бо лічыцца, што менавіта яны не даюць людзям адшукаць папараць-кветку, якая зацвітае ў купальскую ноч. І зараз яны адчувалі сябе гаспадарамі на свяце: спявалі і танцавалі на сцэне пад гукі вядомых музычных кампазіцый.
Весела было і старому і малому: дзіцячая пляцоўка не пуставала ні хвіліны, а на лаўках, прызначаных для гледачоў, не было вольных месцаў. Жадаючыя маглі падсілкавацца – каля сцэны было арганізавана некалькі гандлёвых кропак.
А потым вогнішча купальскае запалілі! Кажуць, што на Купалле сонца з зямлёй вяселле спраўляюць, каб усё жывое гадаваць – людзей, птушак, жывёл… Пэўна, так яно і ёсць. Бо песень на Купалле спяваюць багата, як на сапраўдным вяселлі. Нежанатыя ды незамужнія вянкі пускаюць на ваду, каб сустрэліся яны, вянок хлапца і вянок дзяўчыны. Плывуць вянкі, а сонейка прачынаецца і зычыць радасць нам, людзям. А папараць-кветка, што зацвітае ў купальскую ноч агністым цветам, магчыма, і ў гэтым годзе зробіць кагосьці шчаслівым.
Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.
Фота А.ВАЛАДЗЬКО.