А на галоўнай плошчы горада, прылягаючых да яе вуліцах панавала вясёлае ажыўленне. Працягнуліся, здавалася, бясконцыя гандлёвыя рады выставы-продажу, якія прапаноўвалі прадукцыю сельскай гаспадаркі, вырабы прамысловай і перапрацоўчай прамысловасці. Вабіла багацце садавіны, кулінарных вырабаў: разбягаліся вочы! Тут жа раскінулі свае гасцінныя ўладанні летнія кафэ, адкуль разносіўся апетытны водар кавы, шашлыкоў і печыва. На шматлікіх прылаўках былі раскладзены арыгінальныя вырабы майстроў народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вырабы з дрэва, саломкі, лазы, керамічны посуд, карціны, цацкі і сувеніры – усё нагадвала: які таленавіты наш народ, колькі трэба ўмення і фантазіі, каб стварыць такую прыгажосць! На пляцоўцы каля Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў увагу ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства прыцягвала выстава сімвалаў “Дажынак” — караваяў, дзе румяны здобны хлеб — адзін за другі прыгажэйшы.

 

А на галоўнай плошчы горада, прылягаючых да яе вуліцах панавала вясёлае ажыўленне. Працягнуліся, здавалася, бясконцыя гандлёвыя рады выставы-продажу, якія прапаноўвалі прадукцыю сельскай гаспадаркі, вырабы прамысловай і перапрацоўчай прамысловасці. Вабіла багацце садавіны, кулінарных вырабаў: разбягаліся вочы! Тут жа раскінулі свае гасцінныя ўладанні летнія кафэ, адкуль разносіўся апетытны водар кавы, шашлыкоў і печыва. На шматлікіх прылаўках былі раскладзены арыгінальныя вырабы майстроў народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вырабы з дрэва, саломкі, лазы, керамічны посуд, карціны, цацкі і сувеніры – усё нагадвала: які таленавіты наш народ, колькі трэба ўмення і фантазіі, каб стварыць такую прыгажосць! На пляцоўцы каля Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў увагу ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства прыцягвала выстава сімвалаў “Дажынак” — караваяў, дзе румяны здобны хлеб — адзін за другі прыгажэйшы.

На кірмашы была прадстаўлена прадукцыя многіх прадпрыемстваў, арганізацый, камбінатаў бытавога абслугоўвання. Запоўнілі таварам прылаўкі прыватныя прадпрымальнікі, гасцінна запрашалі на імправізаваныя падвор’і гаспадары сялянскіх сядзіб. Пад маляўнічымі шатрамі прадпрыемстваў грамадскага харчавання можна было паласавацца самымі адмысловымі прысмакамі. І ўсюды гучала музыка, песнямі і танцамі прываблівалі аматарскія творчыя калектывы. Было на кірмашы і што пабачыць, і што купіць. І многія наведвальнікі свята ішлі з напоўненымі пакетамі і сумкамі.

Да гандлёвых радоў кірмашу пачалі прыбываць дэлегацыі гасцей, каб паглядзець, параўнаць, патаргавацца, набыць тое, што прывабіла. Як жа ехаць з кірмашу без пакупкі ці сувеніра?

Прайшоўся па гандлёвых радах і старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка разам з іншымі сталічнымі гасцямі ў суправаджэнні старшыні Смалявіцкага райвыканкама Міхаіла Загорцава, сваіх калег і адказных работнікаў раёна-гаспадара і аблвыканкама. Усюды іх цёпла віталі гаспадары гандлёвых прылаўкаў, дзякавалі за цікава арганізаванае свята, дарылі сувеніры.


А НАРОД СКАЗАЎ…


Павел Жукаў, журналіст, г.Мядзель:

— Я быў на многіх падобных святах, магу параўнаць: Смалявічы добра падрыхтаваліся. Горад чысты, прыгожы, гасцей шмат. Цудоўна!

Юрый Іванавіч Кастранкоў, вёска Прылепы:

— “Дажынкі” – свята традыцыйнае, кожную восень праводзіцца. Але сёлета яно праходзіць з асаблівым размахам. Вельмі багаты кірмаш, свае тавары і вырабы прывезлі многія прадпрыемствы лёгкай прамысловасці, сельскагаспадарчыя і гандлёвыя арганізацыі з усёй Мінскай вобласці. І горад наш прыгожа прыбраўся да ўрачыстасці.

 Валянціна, г.Смалявічы:

— Такога свята ў Смалявічах яшчэ не было. Усё так прыгожа, урачыста. Можна і выступленні артыстаў паглядзець, песні паслухаць. У гандлёвых палатках вялікі выбар ласункаў.

Леанід Фёдаравіч Крупец, раней працаваў старшынёй Мінскага аблвыканкма, г.Мінск:

— Смалявічы вельмі добра падрыхтаваліся да “Дажынак”. Прыкметна добраўпарадкавалі горад. Я раней не раз быў у райцэнтры: сённяшні горад не ідзе ні ў якое параўнанне з тым, што было колькі гадоў назад. Малайцы, смалевічане! Малайцы, што працягваеце лепшыя традыцыі, беражліва адносіцеся да таго, што было зроблена папярэднімі пакаленнямі. Мне сёння вельмі спадабалася ў вас!

Яўгенія Давыдаўна Міхаліна, г.Смалявічы:

— У час падрыхтоўкі да “Дажынак” Смалявічы літаральна поўнасцю змянілі сваё аблічча. Усяго за два месяцы для горада зроблена так многа, як раней і за два гады не рабілася. Многія вуліцы адрамантаваны, новы асфальт, зручныя тратуары, занава пафарбаваныя будынкі, здаецца, аж павесялелі. Вядома, не ўсё паспелі зрабіць за кароткі час падрыхтоўкі, але пачатак добры пакладзены.

Уладзімір, работнік гандлю, г.Вілейка:

— Утульна ў вашым горадзе, ён невялічкі, але такі чысты, адразу бачна, што рыхтаваліся грунтоўна. А свята цудоўнае: вясёлае, мнагалюднае. І пакупнікі актыўнасць праяўляюць, нават чэргі ў гандлёвых радах ёсць.

Ала Фёдараўна Шынкевіч, былы намеснік галоўнага ўрача райбальніцы, г.Смалявічы:

— Гэта – казка, сапраўдная казка! Вельмі спадабаўся “Горад майстроў”, уразілі багацце прадстаўленых вырабаў, майстэрства, з якім гэтыя цудоўныя рэчы былі створаны. Наогул на свяце спадабалася ўсё. Хочацца выказаць шчырую падзяку яго арганізатарам. Гэта ж колькі трэба было намаганняў прыкласці, каб свята адбылося! Дзякуй усім!

Юля, г.Смалявічы:

— Вельмі прыгожы быў феерверк. І сама ўрачыстасць вельмі спадабалася. Няхай “Дажынкі” да нас кожную восень прыязджаюць!
















 

ЁСЦЬ ХЛЕБ – ГУЧАЦЬ І ПЕСНІ

На кірмашы ў гэты дзень было арганізавана некалькі сцэнічных пляцовак. Каля адрэстаўрыраванага кінатэтра “Радзіма”, які стаў цяпер маладзёжным цэнтрам “Smo- Родина”,  гасцей і жыхароў горада запрашала пляцоўка “Маладзёжная” (аб гэтым раскажам у асобным рэпартажы).

На вуліцы Савецкай, непадалёк ад будынка “Беларусбанка”, размясцілася сцэнічная пляцоўка “Вітаем герояў жніва”. На працягу амаль усяго святочнага дня тут праходзілі выступленні лепшых аматарскіх калектываў і выканаўцаў Міншчыны.

Узнагароджані, ушанаванні перадавікоў жніва, выступленні ганаровых гасцей на фестывалі хлебаробаў чаргаваліся з канцэртнымі нумарамі лепшых творчых калектываў і выканаўцаў Мінскай вобласці. Фіналам ўрачыстай цырымоніі ўшанавання працаўнікоў вёскі стаў святочны канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча.

Госці пачалі раз’язджацца, бо для многіх – дарога не блізкая, але гулянне ў горадзе працягвалася да позняга вечара. Цудоўнымі песнямі парадаваў сваіх землякоў артыст эстрады Дзмітрый Калдун. А завяршылася свята маляўнічым феерверкам.




























 

Э.ПАТАПЧЫК.

На здымках: моманты святочнага мерапрыемства хлебаробаў Міншчыны ў Смалявічах.

Фота А.ВАЛАДЗЬКО.