13 сакавіка на Смалявіччыне віталі дэлегацыю прадстаўнікоў турыстычных фірм Рэспублікі Польшча.
13 сакавіка на Смалявіччыне віталі дэлегацыю прадстаўнікоў турыстычных фірм Рэспублікі Польшча.
На мяжы Лагойскага і Смалявіцкага раёнаў палякаў урачыста сустракалі з песнямі і караваем. Вітаў гасцей намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама Аляксандр Віктаравіч Шлыкаў. Каб пазнаёміць са Смалявічамі, дэлегатам паказалі мемарыяльны комплекс “Курган Славы”, а таксама расказалі аб гісторыі нашага раёна.
Дэлегацыя з 32 чалавек – дырэктараў і мэнэджараў буйных турфірм Польшчы – на працягу чатырох дзён знаёмілася з турыстычнымі аб’ектамі Міншчыны.
– Мэта нашага візіту, – расказвае прадстаўнік Польскай турыстычнай палаты Яўген Лаўрэнюк, – пазнаёміцца з інфрастуктурай Мінска і вобласці, каб наладзіць турыстычныя сувязі і ў будучым абменьвацца турыстамі.
Польская турыстычная палата ўжо двойчы прымала ў сябе прадстаўнікоў беларускіх турыстычных фірм. А вось польскія суседзі прыехалі да нас упершыню. Падчас свайго чатырохдзённага візіту заходнія госці наведалі гасцініцы “Беларусь”, “Юбілейная”, “Мінск”, “Crowne Plaza”, пабачылі гарналыжныя цэнтры “Лагойск” і “Сілічы”, пазнаёміліся з архітэктурнымі помнікамі Міра і Нясвіжа. Каб ацаніць турыстычныя магчымасці Беларусі, а таксама знайсці партнёраў і наладзіць з імі кантакты, польская дэлегацыя сустрэлася з дырэктарамі беларускіх турфірм.
– Мы шмат чулі пра Мінск раней, – кажа прадстаўнік польскай турфірмы “Юніор” Юрый Гамброўскі. – Але чуць – адно, а убачыць на ўласныя вочы – зусім іншае. Па-першае, нас тут вельмі добра сустрэлі. А па-другое, тое, што мы ўбачылі, нас прыемна ўразіла. Звычайна польскія турысты выбіраюць маршруты у вобласці, якія мяжуюць з Польшчай: Брэсцкую і Гродненскую. А мы спадзяемся зацікавіць турыстаў і Міншчынай, бо тут сапраўды ёсць, што паглядзець.
Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.