Апошні вясновы месяц
прынёс радасныя сустрэчы: з ясным сонейкам, зазелянелымі дрэвамі, вясновымі
пахамі. Але найбольш хвалюючай падзеяй стаў юбілей Перамогі.

 

 

 

Апошні вясновы месяц прынёс радасныя сустрэчы: з ясным сонейкам, зазелянелымі дрэвамі, вясновымі пахамі. Але найбольш хвалюючай падзеяй стаў юбілей Перамогі.

Няўмольны час усё больш і больш аддаляе ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Адыходзяць з жыцця ветэраны, апошнія яе сведкі. І вельмі важна сёння захаваць памяць аб іх, бо менавіта гэта памяць з’яўляецца адным з галоўных складнікаў патрыятычнага выхавання.

Маладая настаўніца Зялёнаборскага НПК дзіцячы садок-сярэдняя школа, класны кіраўнік 9 класа Крысціна Юр’еўна Мішкевіч прапанавала здзейсніць веласіпедны паход да месца дыслакацыі партызанскай брыгады «Разгром”. Гэту ідэю падтрымаў дырэктар мясцовага СДК Валерый Гусеў. Напярэдадні падлеткамі быў падрыхтаваны вянок, які яны і прывезлі да помніка, што знаходзіцца ў лесе, ў 12 кіламетрах ад пасёлка (на здымку). Прыбраўшы каля манумента леташняе лісце, дзеці ўсклалі кветкі і вярнуліся дамоў. Адолеўшы гэты шлях, яны з гонарам адзначылі, што зрабілі яшчэ і крок да здаровага ладу жыцця.

Такім быў пачатак Вахты памяці.

Эстафету прыняў Зялёнаборскі СДК. У межах раённай патрыятычнай акцыі «Шлях Перамогі” самадзейнымі артыстамі ўстановы была падрыхтавана тэматычная праграма «Дзень Вялікай Перамогі”. Слухачам распавялі пра загінуўшых у нашых мясцінах лётчыках лейтэнантах Пятру Русецкім і Анатолю Кудраўцаве, якія пахаваны на могілках побач з сям’ёй Кавэцкіх, спаленай фашыстамі. Мясцовы творца Рыгор Чарняк прачытаў свой верш «Абеліск”, прагучалі песні ў выкананні Каці Лучанок, Уладзіміра Гусева, Ксеніі Цыбулька, Анастасіі Пётух, народнага ансамбля песні «Пасаг”.

Наступным удзельнікам Вахты памяці стаў ансамбль ветэранаў «Сябры песні” са Смалявічаў, які завітаў у пасёлак напярэдадні святочнага дня з праграмай «На привале Победы”. Прыехаў калектыў па ініцыятыве аддзялення сацыяльнай дапамогі ДУ «Смалявіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, супрацоўнікі якога прывезлі падарункі ветэранам. У 90-ыя гады мінулага стагоддзя ў Зялёным Бары іх пражывала амаль 150. На жаль, на гэты час засталося ў жывых усяго некалькі чалавек. Яны разам з былымі вязнямі фашызму былі запрошаны ў Дом культуры. Для іх і іншых слухачоў, што завіталі сюды, ансамбль ветэранаў амаль дзве гадзіны спяваў песні, дэкламаваў вясёлыя байкі. Ад удзячных наведвальнікаў артысты атрымалі кветкі і працяглыя апладысменты са словамі ўдзячнасці.

З задавальненнем у праходзячыя мерапрыемствы ўключыліся вучні мясцовай школы з акцыяй «Дапамажы ветэрану”. Юнакі і дзяўчаты наведалі сядзібу ветэрана вайны Антона Антонавіча Ксяневіча. Дзеці старанна прывялі ў парадак прыдамавую тэрыторыю.

9 мая вянчаў Вахту памяці мітынг, прысвечаны 70-й гадавіне Перамогі (на здымку). Падзея праходзіла на мясцовых могілках, дзе ўсталяваны памятны абеліск загінуўшым, добраўпарадкаваны да вялікага юбілею. У гэты дзень сюды прыйшлі амаль усе жыхары пасёлка, вучні школы трымалі партрэты тых ветэранаў, каго ўжо няма ў жывых, і каго на працягу мітынга ўспомнілі паіменна. Са словамі віншавання да прысутных звярнуліся старшыня Зялёнаборскага сельскага выканаўчага камітэта Наталля Аляксандраўна Саковіч, дэпутат Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў, дырэктар ААТ «Зялёнаборскае” Яўген Антонавіч Саванец, старшыня Зеленаборскага Савета ветэранаў вайны і працы Леў Алегавіч Лагашкін. Вучні пачатковых класаў з малюнкамі сонца і неба ў руках дэкламавалі вершы пра мір, спявалі песні. Запрошаны на мітынг разлік воінаў вайсковай часці 44-540 выканаў залп са зброі ў памяць загінуўшых герояў Вялікай Айчыннай вайны. Да п’едэстала помніка ўсклалі кветкі і вянкі.

Вахта памяці завершана, але ўдзячнасць удзельнікам і пераможцам у вайне застанецца назаўжды.

Т.АНОП.

Информацию читайте в номере 113 – 114 от 20.05.2015 г.