Жыхары аграгарадка Слабада вельмі добра ведаюць Ганну Мікалаеўну Сапун, якая доўгі час працавала бібліятэкарам, была арганізатарам шматлікіх мерапрыемстваў, з’яўлялася кіраўніком разнастайных гурткоў пры бібліятэцы. Юбілейную дату – 75 год з Дня нараджэння – адзначае яна ў пачатку чэрвеня.
Ганна Мікалаеўна Сапун працавала ў Слабадской сельскай бібліятэцы з 1984 года. Яна не мела спецыяльнай бібліятэчнай адукацыі, але дасканала валодала асновамі бібліятэчнай справы. Ветлівасць і акуратнасць, таварыскасць і шчодрая дабрыня дапамаглі ёй заслужыць прызнанне і павагу, а бібліятэка, дзякуючы ёй, стала любімым месцам адпачынку для супрацоўнікаў калгаса "1–га Мая". Актуальная наглядная агітацыя, чысціня і парадак заўсёды пакідалі прыемныя ўражанні пры наведванні бібліятэкі. Ганна Мікалаеўна правільна разумела задачы, якія стаялі перад ёй, і рабіла ўсё, каб бібліятэка была адной з лепшых у раёне.
Адметнае месца ў дзейнасці бібліятэкі займаў псіхалагічны клуб пад назвай “Дапамажы сабе сам”. Асноўная мэта клуба – садзейнічанне духоўнаму ўзбагачэнню моладзі.
Ганна Мікалаеўна пры бібліятэцы таксама стварыла куток сялянскага быту даўніх часоў, у якім сваё месца знайшлі рушнікі, посцілкі, вышыванкі, прылады працы і іншыя рэчы.
Любімым месцам дзяцей у бібліятэцы быў куток “Казачны куфэрак” з казачнымі героямі, якія юныя чытачы рабілі сваімі рукамі.
Больш 20-ці гадоў аддала Ганна Мікалаеўна Сапун бібліятэчнай справе. У 2005 годзе выйшла на заслужаны адпачынак. У гэтыя дні Ганна Мікалаеўна адзначае свой юбілей. Карыстаючыся прыемным выпадкам, супрацоўнікі сеткі публічных бібліятэк Смалявіцкага раёна віншуюць Ганну Мікалаеўну з яе юбілеем і жадаюць доўгіх год жыцця, актыўнай працаздольнасці, павагі і любові сяброў і родных!
Информацию читайте в № 165-168 от 7.06.2017 г.