На мінулым тыдні ў будынку Азярыцка-Слабадскога сельвыканкама прыём грамадзян ажыццяўляла Ніна Вікенцьеўна Жалязнова, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэту і фінансах Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ад Мінскай вобласці. Ніну Вікенцьеўну добра ведаюць у раёне: яна ўзначальвае адно з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў раёна — “Азярыцкі-Агра”, карыстаецца аўтарытэтам не толькі сярод сваіх работнікаў, таму і людзі да яе актыўна ішлі са сваімі просьбамі, прапановамі і ініцыятывамі. Прысутнічаў на прыёме таксама і Дзмітрый Георгіевіч Кудзін, старшыня Азярыцка-Слабадскога сельвыканкама.
Так, жыхар вуліцы Светлай аграгарадка Слабада прыйшоў на прыём па дапамогу і параду:
— У мяне, можна сказаць, асабістае пераходзіць у грамадскае, — расказвае ён. — Да 2020 года ў краіне павінны давесці да ладу дарогі ўсіх тыпаў, ёсць такое рашэнне ўраду. Нас жа клапоціць лёс нашай вуліцы, асфальту на ёй няма. Мы разумеем, што спачатку будуць добраўпарадкоўваць значныя магістралі, дарогі, цэнтральныя вуліцы. Да нас можа чарга дайсці значна пазней. Таму мы хочам выступіць з ініцыятывай палажыць асфальт па нашай вуліцы пасродкам долевага ўдзелу, каб 50 працэнтаў унеслі мы, жыхары, 50 — жыллёва-камунальная гаспадарка. Наша справа выгадная. На вуліцы — 25 дамоў, жыхары згодныя. Каштарыс у нас ёсць… Практыкі такой ў нашым раёне яшчэ не было, таму хочацца зрабіць усё правільна і як мае быць, з начальнікам ЖКГ я ўжо таксама размаўляў …
Жыхарку вуліцы Машэрава вышэй названага аграгарадка, Алену Мікалаеўну, таксама турбуе “дарожнае” пытанне: не на ўсёй вуліцы добрае пакрыццё. “На паўшляху ёсць тратуар, а далей — усё, няма як прайсці”,— расказала жанчына.
Чатыры жанчыны, жыхаркі кватэр трэцяга паверху аднаго з дамоў на той жа вуліцы Машэрава, прышлі за іншай дапамогай: калі ў мінулым годзе ўлетку рабіўся капітальны рамонт даху, пазацякалі сцены кватэр, якія зараз пачарнелі і па іх пайшла цвіль. Жанчыны прызнаюцца, што дах цячэ і зараз, і сцены вільготныя “Гадоў восем назад дах быў адрамантаваны, і ўсё было добра, нічога не зацякала. А зараз толькі снег пачынае падтаіваць, — адразу вільготныя сцены. Кажуць, трэба ўцяпляць дом, каб вільгаці не было, але раней жа не цякло, і сцены сухія былі….”
Людзі, што прыходзілі на прыём, закраналі і іншыя пытанні: давядзення да ладу знешняга выгляду будынкаў , як змагацца з пьяніцамі і які парадак афармлення іх у ЛПП і інш. А нават, бачачы, што іх чуюць, дзяліліся і сямейнымі праблемамі.
Усе пытанні, з якімі звярталіся грамадзяне да Ніны Вікенцьеўны,былі ўзяты на аловак, і ніводнае не застанецца без увагі, запэўніла ўсіх член Савета Рэпублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
— Больш за ўсё на прыёмах звяртаюцца людзі з пытаннямі па лініі ЖКГ і дарожных служб, — распавяла напрыканцы прыёму Ніна Вікенцьеўна Жалязнова. — Можна лічыць, што гэта галоўныя людзі ў нашай сацыяльнай сферы, бо ад настрою людзей, з якім яны ідуць на працу з дому, залежыць многае. А яшчэ хачу сказаць усім грамадзянам: трэба быть і самім больш сабранымі, прынцыповымі. Чаму ты праходзіш міма, калі тут прыпаркавана не так машына або высыпаны пясок? Гэта не значыць, што трэба канфліктаваць, але дыялог жа можна знайсці заўсёды! Мужчынам трэба таксама “ўключыць”, нарэшце, сваё званне гаспадара, абаронцы. Паглядзіце: на тыя ж прыёмы адны жанчыны ходзяць праблемы вырашаць! І лайдакоў з хуліганамі таксама можна прыструніць, толькі рабіць гэта павінны мужчыны. Хто ў нашай краіне будзе парадак наводзіць? Давайце мы самі на сваёй зямлі будзем больш прынцыповымі, жорсткімі, калі гэта патрэбна, тады ў нас і парадак будзе. Асобна хачу падзякаваць актыўным, неабыякавым людзям за іх няўрымслівасць і актыўную жыццёвую пазіцыю. Гэта тычыцца не толькі нашага раёна, але і Лагойскага, Чэрвенскага… Будзе больш такіх людзей — будзе на нашай зямлі і лад, і добраўпарадкаванне.
Вольга ЦЫБУЛЬКА.
Фото аўтара.
Информацию читайте в № 33-36 от 3.02.2018 г.