ДЗЕНЬ  ДАБРЫНІ  І  ПАВАГІ 

Першы кастрычніцкі дзень, калі
адзначаецца свята пажылых
людзей, дыхнуў асенняй прахалодай, хоць
і быў сонечны. Але ў гарадскім Доме
культуры, дзе ладзілася сустрэча са
смалевічанамі старэйшага пакалення, ужо з самага ўваходу адчувалася атмасфера
цеплыні і сардэчнасці.

 

ДЗЕНЬ  ДАБРЫНІ  І  ПАВАГІ 

 

Першы кастрычніцкі дзень, калі адзначаецца свята пажылых людзей, дыхнуў асенняй прахалодай, хоць і быў сонечны. Але ў гарадскім Доме культуры, дзе ладзілася сустрэча са смалевічанамі старэйшага пакалення, ужо з самага ўваходу адчувалася атмасфера цеплыні і сардэчнасці.

Жывы калідор тут утварылі юныя члены раённай аргазацыі Чырвонага Крыжа і рабяты з грамадскага аб’яднання БРСМ. Яны віталі гасцей, праводзілі іх у залу для гледачоў і ў тую, дзе размясціліся выставы творчых работ ветэранаў «У свеце фантазіі” і вырашчаных на дачах і прысядзібных участках дароў прыроды. Гэтыя выставы пацвярджалі, якія нашы ветэраны працавітыя і таленавітыя людзі, здольныя ствараць прыгожыя карціны, сурвэткі, дыванкі і іншыя прыгожыя рэчы з самых розных матэрыялаў, а ўжо вырашчанаму ўраджаю можна было толькі дзівіцца: здаецца, і лета было не вельмі спрыяльным для пасеваў, але гледзячы на багацце экспанатаў выставы, адчувалася, што склепы і засекі сёлета пуставаць не будуць.

А ў глядзельнай зале яблыку ўпасці не было куды. Па традыцыі гэтае свята збірае вельмі шмат удзелнікаў. Пажылыя людзі горада і з многіх населеных пунктаў раёна рады сустрэчы з былымі калегамі і знаёмымі, дзеляцца ўражаннямі, успамінамі, быццам зноў вяртаюцца ў былыя гады і маладосць. Пачалося святочнае мерапрыемства гімнам ветэранаў Смалявіччыны, які прама пасярод залы заспяваў яго пастаянны выканаўца ветэран працы Віктар Мікалаевіч Сяргушкін. А сцэну запоўнілі дзеці і моладзь розных узростаў, каб павіншаваць дзядуль і бабуль з адметным днём. Гучалі яркія, эмацыянальныя віншаванні ад раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ”, ад грамадскага аб’яднання «Белая Русь”. Вядучыя аб’явілі, што ў свяце прымаюць удзел ганаровыя госці ад раённага выканаўчага камітэта і яго аддзелаў, шэрагу раённых служб і арганізацый.

 

ДЗЕНЬ  ДАБРЫНІ  І  ПАВАГІ 

 

Са словамі прывітання да прадстаўнікоў старэйшага пакалення звярнуліся старшыня раённага Савета ветэранаў Анна Іванаўна Чачоткіна і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Віктаравіч Шлыкаў (на фота).

Анна Іванаўна падзякавала ветэранаў за іх працавітасць, за важкі ўклад у росквіт роднага краю, а таксама выказала надзею, што ветэраны скажуць сваё мудрае слова ў дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбудуцца зусім хутка. Словы падзякі выказаў старэйшаму пакаленню смалевічан і Аляксандр Віктаравіч, асабліва падкрэсліўшы, што «на ўзведзеным вамі фундаменце ведаў і працы сённяшняе пакаленне ўзводзіць новы будынак сучаснага жыцця”.

У людзей сталага ўзросту асаблівае замілаванне выклікаюць выступленні таленавітых дзяцей. І на гэты раз зала адгукнулася бурай апладысментаў, калі на сцэне заспявала знакамітыя «Валёнкі” зусім маленькая, галасістая і артыстычная Насця Пракопава. Цёпла сустракалі і юнага спевака з Дзіцячай школы мастацтваў Данііла Тумара з яго кампазіцыяй на замежнай мове. А потым на сцэну выйшлі госці з Жодзіна – лаўрэат шматлікіх конкурсаў, вакальны калектыў «Белая Русь” пад кіраўніцтвам Святланы Смарговіч. Зала раз за разам напаўнялася то пяшчотай лірычнай беларускай песні, то трапным гумарам, то вясёлым бадзёрым напевам. Гучалі беларускія песні пра сена маладое, пра бульбу-каралеву, з якой беларус не прападзе, пра мужа, што ляжыць у лясочку пад дубочкам, а жонка не даклічацца яго дапамагчы па гаспадарцы. Неяк асабліва шчымліва спявалася песня пра героя, які рэдкім госцем залятае ў родны край і журботна глядзіць з грэблі на хату, дзе чакае яго маці… А зала то ўзрывалася апладысментамі, то прыціхала, перажываючы разам з артыстамі. «Якія ўсё ж цудоўныя нашы беларускія песні «, – ужо пры выхадзе з залы гаварыла пажылая жанчына сваёй спадарожніцы. І мяркуючы па ажыўленым абмеркаванні канцэрта, гэта была агульная думка прысутных на мерапрыемстве.

Свята пажылых людзей у Смалявічах – гэта сапраўдны дзень дабрыні і павагі, цёплых і сардэчных адносін да старэйшага пакалення. Яно выклікала добры настрой і шмат станоўчых эмоцый. А паклапаціліся аб гэтым арганізатары – раённы Савет ветэранаў, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, грамадскія арганізацыі БРСМ, Чырвонага Крыжа, «Белая Русь» і іншыя.

 

Э.ПАТАПЧЫК.

НА ЗДЫМКАХ: Дзень пажылых людзей у Смалявічах.

Фота Наталлі ТЫШКОЎСКАЙ і Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.

Информацию читайте в номере 233 – 234 от 07.10.2015 г.