Радасныя навіны данесліся 20 жніўня з ААТ “Азярыцкі-Агра” – хлебаробы гаспадаркі першымі ў раёне завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых культур.

Таленавітасць, працавітасць і адданасць любімай справе працаўнікоў таварыства не засталіся без увагі кіраўніцтва раёна. Старшыня Смалявіцкара райвыканкама  Міхаіл Гаўрылавіч Загорцаў накіраваў віншавальны адрас дырэктару сельскагаспадарчага прадпрыемства “Азярыцкі-Агра”, члену Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Ніне Вікенцьеўне Жалязновай. Ад імя Смалявіцкага райвыканкама і Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў ён павіншаваў кіраўніцтва і ўсіх працаўнікоў гаспадаркі з завяршэннем жніва і падзякаваў за працу. “Вы дабіліся добрых вынікаў у зборы ўраджаю збожжа,напружана працавалі ў час жніва, паказваючы працоўны гераізм. Сёння можна з поўнай упэўненасцю сказаць, што асновай паспяховага рашэння задач аграпрамысловага комплексу з’яўляюцца высокі прафесіяналізм, любоў і адданасць выбранай справе і слаўным традыцыям, павага да людзей працы. Завяршэнне ўборкі хлеба – вельмі важная і радасная падзея, але гэта толькі першы этап. Наперадзе ў нас яшчэ шмат працы, і мы ўпеўнены, што з ёй справімся. Паважаныя сябры, дзякуем спецыялістам і працаўнікам ААТ “Азярыцкі-Агра”, жадаем ім і  іх сем’ям моцнага здароўя, новых працоўных поспехаў на карысць нашай роднай Смалявіцкай зямлі!” – гаворыцца ў віншаванні.

У гэты адметны дзень у гаспадарку накіраваліся першы намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Руслан Анфiмавiч Міхалевіч і старшыня райкама прафсаюза працаўнікоў АПК Аляксандра Анатольеўна Букаціч. Яны павіншавалі хлебаробаў з завяршэннем жніва і ўручылі Падзякі і падарункавыя сертыфікаты камбайнёрам і вадзіцелям, якія намалацілі і перавезлі не менш тысячы тон збожжа кожны. Сярод іх – камбайнеры Сяргей Ракіцкі, Генадзь Ездакоў, Іван Федарэнка, Руслан Пятровіч, Андрэй Сакалоўскі, Сяргей Вайсковіч і вадзіцель Іван Саннікаў.

Іван Пятровіч Федарэнка працуе ў ААТ “Азярыцкі-Агра” меней года. Мужчына з сям’ёй пераехаў на Смалявіччыну з Лагойскага раёна, дзе таксама працаваў у сельскай гаспадарцы.

– Мае бацькі ўсё жыццё працавалі ў калгасе, таму я з дзяцінства ведаў, што працаваць на зямлі складана, але ганарова, – дзеліцца перадавік. – Мне заўсёды падабалася тэхніка, таму камбайн “Палессе”, на якім працую, ніколі не дастаўляў клопату. Яшчэ трэба адзначыць, што ў “Азярыцкім” вельмі дружны і згуртаваны калектыў, дзе ўсе прыходзяць на дапамогу адзін другому.

“Камбайнёра-тысячніка” Андрэя Сяргеевіча Сакалоўскага калегі называюць “дэсантнік”. Уся справа ў тым, што малады чалавек прыйшоў у сельскую гаспадарку пасля праходжання службы ў арміі, і кожны год 2 жніўня – Дзень паветрана-дэсантных войск – для яго сапраўднае свята, якое ён ужо сёмы год  адзначае, кіруючы камбайнам. А як вядома, у дружным калектыве асабістае свята становіцца агульным для ўсіх, таму і працаваць прыемна ў такой атмасферы.

Перадавік не хавае радасці, што ўвайшоў у лік “камбайнёраў-тысячнікаў”.

– Мяне перапаўняе пачуццё радасці і выкананага абавязку, – дзеліцца малады чалавек. – Жніво не бывае лёгкім, але мы справіліся з пастаўленымі задачамі. Віншую ўсіх калег і жадаю сілы і натхнення на наступныя сельскагаспадарчыя справы.

Апроч улюбёнай справы, Андрэй знайшоў у Азярыцкай Слабадзе сваё каханне, таму і пераехаў сюды з Капыльскага раёна. Зараз яны з жонкай жывуць у інтэрнаце ад гаспадаркі і гадуюць дваіх дачушак.

З 1985 года працуе ў сельскай гаспадарцы вадзіцель Іван Сяргеевіч Саннікаў. За гэтыя гады ён зарэкамендаваў сябе як адказны і сумленны працаўнік, да яго звяртаюцца за парадай маладыя спецыялісты, а калегі паважаюць.

 – Мне вельмі прыемна несці ганаровае званне “тысячніка”, – дзеліцца ўражаннямі перадавік. – Машына, на якой я езджу, невялікая, яшчэ ніколі не атрымлівалася працаваць только на збожжы, бо некаму трэба было і другую работу выконваць. Мне падабаецца быць вадзіцелем, падабаецца працаваць з тэхнікай.

А вось камбайнёр Сяргей Мікалаевіч Ракіцкі ўжо не раз станавіўся пераможцам уборачнай кампаніі не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне.

– Камбайну, на якім я працую, ужо больш за дзесяць гадоў, але ўсё роўна атрымалася намалаціць на ім больш за тысячу тон збожжа, – расказвае Сяргей Мікалаевіч. – А пад канец жніва я атрымаў новы камбайн – “Claas Lexion 760”. Канешне, на новай машыне працаваць намнога камфортней і зручней. Таму ў наступным годзе буду імкнуцца намалаціць не адну тысячу тон, галоўнае, каб здароўе не падвяло.

Не хавае эмоцый камбайнёр Генадзь Алегавіч Ездакоў: ён упершыню намалаціў больш за тысячу тон збожжа. Безумоўна, гэтая падзея натхняе перадавіка працаваць яшчэ больш рэзультатыўна. Тым больш, яму ёсць для каго імкнуцца і дабівацца аўтарытэту: у маладога чалавека падрастаюць два сыны. І, хто ведае, магчыма, нехта з іх праз гады будзе апрацоўваць “залатыя” палі роднай Смалявіччыны. У сям’і Генадзя Алегавіча праца хлебароба карыстаецца аўтарытэтам і павагай.

Перадавікі атрымалі заслужаныя ўзнагароды і паспяшаліся дадому – сёння ў іх заслужаны выхадны. А ўжо заўтра яны зноў прыступяць да працы. ААТ “Азярыцкі-Агра” – флагманскае і перадавое сельскагаспадарчае прадпрыемства. За збожжам трэба ўбіраць яравы рапс, а потым кукурузу, а ўжо зусім хутка —  бульбу і іншыя культуры. Як бачым, часу паслабіцца няма. Але сяляне не баяцца працы на зямлі і з кожнай кропляй салёнага поту праслаўляюць родны край.

Першы намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама Руслан Анфiмавiч Міхалевіч павіншаваў працаўнікоў і кіраўніцтва гаспадаркі:

– ААТ “Азярыцкі-Агра” першым у раёне завяршыла жніво-2019, вялікі вам дзякуй за гэта! Намалочана 15462 тоны збожжа – гэта вялікія лічбы, дамагчыся якіх па сілах толькі сапраўдным прафесіяналам. Парадавала гаспадарка і ўраджайнасцю – 50,6 цэнтнера з гектара. Мы разумеем, якая нялёгкая праца ў сельскай гаспадарцы. Таму вам – самыя шчырыя словы падзякі і натхнення на новыя здзяйсненні. Дзякуй людзям, якія даюць такія рэзультаты і праслаўляюць гаспадарку, родны раён і ўсю Міншчыну!

Шчырыя словы сказала дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства “Азярыцкі-Агра” Ніна Вікенцьеўна Жалязнова:

– Найвялікшае шчасце любога хлебароба – працаваць камандай. Такая каманда, якая ёсць у нашай гаспадарцы, яна сапраўдная. Тут працуюць сапраўдныя мужчыны. Не тыя, якія выраслі, а ўсё ходзяць у татавых чаравіках, а тыя, якія моцна стаяць на нагах у сваіх ботах. Вядома, камбайнёры, іх памочнікі, служба, якая дастаўляла тэхнічныя прылады і абсталяванне, абеды на поле, – кожны выконваў сваю работу. Але самае галоўнае, што ў гэтай рабоце ёсць душа. Можна па-рознаму аднесціся да працы, можна па-рознаму размеркаваць свой час, свой быт, свае адносіны, можна ноч рамантаваць камбайн, каб назаўтра з раніцы выехаць у поле.

Ніна Вікенцьеўна падкрэсліла, што ўсе хваляваліся за надвор’е, а цяпер радасна, што своечасова выканалі пастаўленыя задачы.

–Я б хацела вельмі шчыра падзякаваць і нізка пакланіцца камандзе спыцыялістаў. Тут няма як іх дзяліць. І токар, і камбайнёр, і вадзіцель – усе спецыялісты і прафесіяналы сваёй справы, – падкрэсліла Ніна Вікенцьеўна. – Напрыклад, стратэгія і “баявыя дзеянні” нашай гаспадаркі – гэта Алег Анатольевіч Жалязноў. Нашым аграномам Уладзіміру Віктаравічу Лапыцька і Людміле Станіславаўне Дубіновіч – асаблівыя словы падзякі. Руцінная праца агранома не складаецца з таго часу, калі ты пасееў і прыехаў малаціць. Аграном павінен ведаць поле, яго лёс, характар, яго стыль. Аграному трэба скампанаваць работу камбайнёраў, ведаць, каго куда накіраваць, і нашы спецыялісты з гэтымі задачамі справіліся. А інжынерная служба – гэта асобая катэгорыя спецыялістаў. Намеснік дырэктара па тэхнічнай частцы Сяргей Аляксандравіч Савіцкі – арганізатар, мабільны, актыўны, інтэлігентны і прынцыповы. Галоўны інжэнер – Аляксандр Яўменчык – гэта мозг, рукі, душа і сябра нашых механізатараў. Нездарма ён сын лепшага вадзіцеля гаспадаркі. У вадзіцеля Змітра Філіповіча столькі руплівасці, працавітасці. На старэнькай машыне ён па сем разоў на дні ездзіў у Мінск, каб ні адной гадзіны ні камбайн, ні машыны не стаялі без запчастак, масла і г.д. Усе працавалі адной камандай. Словы падзякі і нашым эканамістам. Напрыклад, Юлія Беза збірала звесткі з усіх зернетакоў, да позняй ночы лічыла, хто колькі за дзень намалаціў, перавёз, каб зранку прадставіць лічбы. Я дзякую спецыялістам, якія працавалі на сушылках. Намалоцім 800 тон – яны за ноч усё высушаць. Я ўдзячна настаяцелю царквы Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы айцу Іаану. Мы павінны былі пачынаць жніко 23 ліпеня, але 22-га быў такі сонечны дзень, і мы вырашылі паспрабаваць. Выйшлі ў поле два камбайны, затым яшчэ два, зернеток быў яшчэ не гатовы… Я, хвалюючыся, ехала на поле ў гэты дзень, а насустрач ідзе айцец Іаан. Атрымаўшы благаслаўленне, я пачула песню званоў – вось з такого душэўнага моманту пачалося жніво. А скончылася ў дзень Ператварэння Хрыстова. Я вельмі ганаруся сваім калектывам і лічу, што лепшага няма ў краіне. Нізкі вам паклон і вілікі дзякуй!

Ніна Вікенцьеўна падзялілася яшчэ адной радаснай навіной: у гаспадарку быў куплены новы камбайн – “ Claas Lexion 760”. Таксама запланавана набыццё яшчэ двух новых камбайнаў. Прыемна, што ў  ААТ “Азярыцкі-Агра” не маюць намеру спыняцца на дасягнутым і толькі павышаюць тэмпы працы.

–Таксама хачу адзначыць, што мы выканалі на 150 працэнтаў дзяржзаказ, прадалі тысячу тон фуражнага збожжа, засыпалі ў засекі столькі, што будзе яшчэ і прадаць, і пасеяць – хлеб ёсць, дзякуй Богу, – са шчырай радасцю ў голасе адзначыла Ніна Вікенцьеўна.

“Простае шчасце людское,

Так, як і наша з табою,

 Пэўна, складаецца з солі,

З хлеба, сабранага ў полі,

 З поту, з дарожнага пылу,

З роднага небасхілу,

 З дружбы,  мацнейшай ад смерці,

З песні… І так мне здаецца:

 Каб з чаго іншага скласці,

Дык ці было б яно шчасцем?”

Такімі радкамі Максіма Танка завяршыла гутарку Ніна Вікенцьеўна, пакінуўшы прыемныя роздумы і светлую веру ў тое, што хлеб і жніво назаўсёды застануцца не проста словамі, а святымі паняццямі ў жыцці беларусаў.

Лідзія СУДНІКОВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: узнагароджвае перадавікоў жніва з ААТ «Азярыцкі-Агра».

Фота А. ВАЛАДЗЬКО