ТРЫНАЦЦАЦЬ — ДОБРЫ ЛІК,

ПРЫ ЎМОВЕ, ШТО ГЭТА ПРАЦЭНТ ВІЛЬГОТНАСЦІ ФУРАЖНАГА ЗЕРНЯ

ПАСЛЯ СУШКІ

 

Няправільным будзе лічыць, што прафесійныя турботы агранома пачынаюцца і заканчваюцца толькі ў полі. Для чалавека гэтай прафесіі знойдзецца клопат і ў канторы, і на складзе мінеральных тукаў, і, канечне, на зернетаку, дзе дапрацоўваецца і, часткова, захоўваецца плён працы земляробаў — збожжа.

Менавіта на зернесушыльным комплексе ў Юр’еве мы і сустрэліся з начальнікам агранамічнай службы ААТ “Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка” Віктарам Іванавічам Лашуком.

Віктар Іванавіч расказаў, што гаспадарка мае чатыры зернесушыльныя комплексы — у Юр’еве, Дзінараўцы, Плішчыне, вытворчым аддзяленні “Пліскі”. На зернетаку ў Юр’еве маецца тры сушыльныя агрэгаты: два М-819 і адзін ЗСШ-16. М-819, як і ў большасці гаспадарак раёна, маюць значную амартызацыю, бо ў эксплуатацыі ўжо па трыццаць-сорак гадоў. Але ж працуюць! І без прастояў. Бо работнікі птушкафабрыкі ўмеюць выдатна клапаціцца пра маёмасць.

Сушылка ЗСШ-16, аператарам на якой працуе Міхаіл Міхайлавіч Анцытовіч, амаль новая. Устанавілі і запусцілі яе чатыры гады таму. Міхаіл Міхайлавіч расказаў, што ў гэтым годзе за змену, якая доўжыццца дванаццаць гадзін, ён дапрацоўвае, у сярэднім, 40 – 50 тон зерня. Работа ў Анцытовіча вельмі адказная. Ад яго працы залежыць, як будзе захоўвацца зерне. У адных руках, руках Анцытовіча, лёс ураджая, выпеставанага працай соцень людзей.

Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.