2 лістапада 2019 года спаўняецца 75 гадоў з часу здзяйснення гераічнага подзвігу нашага земляка, Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава.

У ліку пяці ўраджэнцаў Смалявіччыны, удастоеных вышэйшай узнагароды вялікай дзяржавы – СССР, значыцца і імя Пятра Іванавіча Купрыянава, якому ў час Вялікай Айчыннай вайны было прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза.


Ён нарадзіўся і вырас у Жодзіне і быў самым малодшым у вялікай сям’і, дзе гадаваліся сямёра дзяцей. Пяць сыноў з сям’і змагаліся і загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы родную зямлю ад фашысцкіх захопнікаў. Пётр першым з беларусаў паўтарыў подзвіг Героя Савецкага Саюза Аляксандра Матросава, закрыў сваім целам амбразуру гітлераўскага дзота, што дазволіла воінам у суровым баі адцясніць ворага з занятага рубяжа, вымусіць яго адступіць і даць магчымасць нашым салдатам замацавацца на адваяванай тэрыторыі.
З пачатку вайны падлетак Пётр Купрыянаў прымаў актыўны ўдзел у партызанскай барацьбе супраць акупантаў у складзе партызанскага атрада. У рады Чырвонай Арміі быў прызваны ўжо пасля вызвалення яго родных мясцін ад ворагаў. Але яшчэ ішлі цяжкія вызваленчыя баі на тэрыторыі Прыбалтыйскіх рэспублік, дзе змагаўся і яфрэйтар Купрыянаў.
На фронце Пётр уступіў у камсамол, быў агітатарам узвода, атрымаў воінскае званне яфрэйтар. Яго апошні бой адбыўся каля латвійскага населенага пункта Скрундэ ў Кулдыгскім раёне. Некалькі разоў уздымаліся ў атаку байцы батальёна, каб заняць важную вышыню, якую ўтрымлівалі акружаныя фашысты. Але з варожага дзота страчыў і страчыў кулямёт. Адзін за другім навечна падалі на зямлю чырвонаармейцы. Пётр Купрыянаў закідаў гранатамі і знішчыў два варожых кулямёты, але падавіць агнявую кропку ворага не ўдавалася. І тады адважны воін закрыў амбразуру сваім целам.
… І кінуўся на амбразуру,
Сабой закрыў яе салдат.
Стрымаў гарачых куль віхуру
Ў апошняй са сваіх атак.
…Нас целам засланіў ад смерці,
Загінуў сам, каб мы жылі,
Хоць бачыў: сонца шчасцем свеціць,
І кветак многа на зямлі…
Спіць беларус ў зямлі латвійскай…
Ён два народы больш зрадніў.
Паклон за мужнасць табе нізкі
І ад народаў, і ад ніў!
Гэта радкі з паэмы беларускай паэткі Ліліі Матусевіч “Пяць ран на сэрцы”, прысвечанай подзвігу жодзінскага юнака Пятра Купрыянава, якому тады споўнілася ўсяго васямнаццаць гадоў, і яго маці Анастасіі Фамінічне Купрыянавай, што не дачакалася з вайны пяці сваіх сыноў. Нядаўна Лілія Міхайлаўна, якая пражывае ў Каралёвым Стане, наведала рэдакцыю нашай газеты, падаравала зборнік сваіх паэтычных твораў, расказала, як працавала над паэмай “Пяць ран на сэрцы”. Ёй удалося сустрэцца з маці Героя яшчэ пры жыцці маці-патрыёткі, паслухаць яе расказы пра сыноў, пра памяць, якую захоўваюць на Смалявіччыне пра свайго знакамітага ўраджэнца.


А памяць гэтая жыве. У Жодзіне, у хаце Анастасіі Фамінічны створаны музей сям’і Купрыянавых. На радзіме Героя, каля Маскоўскай шашы, узвышаецца мемарыял у гонар маці-патрыёткі і яе адважных сыноў-змагароў за Радзіму. У сталіцы Беларусі, блізка ад Тэатра музычнай камедыі, знаходзіцца вуліца, якая носіць імя Пятра Купрыянава, там жа – і школа, што носіць імя Героя. Імя Купрыянава носяць школы ў Жодзіне, Барысаве і Вілейцы. Яго імем названы вуліцы таксама ў Жодзіне, Полацку, Слуцку. Ёсць вуліца Героя і ў Смалявічах. Імя Пятра Купрыянава навечна занесена ў склад воінскай часці, дзе служыў воін. Помнік-мемарыял знаходзіцца ў Латвіі, там, дзе здзейсніў гераічны подзвіг юнак са Смалявіччыны, вызваляючы латвійскую зямлю ад нашэсця фашыстаў. Зусім нядаўна на галоўнай плошчы горада Смалявічы з’явілася Алея герояў, дзе на адной з гранітных пліт увекавечана імя Пятра Купрыянава. І гэта яшчэ не ўсе мясціны, якія напамінаюць аб яго гераічным подзвігу.
Беларусь памятае і ганарыцца.

Э.ПАТАПЧЫК.