Пра сваіх калег, журналістаў, пісаць вельмі складана. Асабліва пра такіх таленавітых і значных людзей, як наш зямляк, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэна Айчыннай вайны І ступені Сяргей Сафронавіч Процька. Ён доўгі час працаваў у газеце “Мінская праўда”, а потым – у часопісе “Гаспадар” (раней меў назву “Сельская гаспадарка Беларусі”). Але аб усім па парадку.
Пра сваіх калег, журналістаў, пісаць вельмі складана. Асабліва пра такіх таленавітых і значных людзей, як наш зямляк, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кавалер ордэна Айчыннай вайны І ступені Сяргей Сафронавіч Процька. Ён доўгі час працаваў у газеце “Мінская праўда”, а потым – у часопісе “Гаспадар” (раней меў назву “Сельская гаспадарка Беларусі”). Але аб усім па парадку.
Завочнае знаёмства з ім адбылося, калі да мяне трапіла яго аўтабіяграфічная кніга “Мае карані”, у якой ён расказвае аб розных падзеях свайго жыцця, наканаванага яму лёсам.
Сяргей Сафронавіч Процька – наш зямляк. Нарадзіўся ў вёсцы Драчкава дзевяноста тры гады таму. Доўгі час ён пражыў у горадзе, але Драчкава кожны дзень было з ім. “Не таму, што было добра, – успамінае ў сваёй кнізе Сяргей Сафронавіч. – Наадварот, благое нашмат перебольшвала добрае. Галоднае і халоднае дзяцінства, а юнацтва і зусім не было – пачалася вайна… У маладзейшыя гады, калі што не ладзілася на працы і ў сям’і, а сэрца захлыналася ад нязноснай тугі, я тэлефанаваў брату Віктару (у яго была машына), і мы ехалі ў Драчкава. Ні да каго не заходзілі, толькі праязджалі з канца ў канец па вуліцы, на хвілінку заглядвалі на могілкі да бацькоў, і добры настрой вяртаўся, грудзі вызваляліся ад шчымлівага ціску. І што яшчэ заўважаў: станавіўся дабрэйшым… Гаючыя гэта лекі – родныя мясціны”.
Добра ведае Сяргей Сафронавіч свае карані і разважае так: “І дрэвы, і расліны трымаюцца на зямлі каранямі. Чым глыбей яны, тым даўжэйшае жыццё раслін і дрэў. У людзей карані – іх мінулае, іх радаслоўная… А чалавек без мінулага падобны матыльку, які раніцай з’яўляецца на свет, а вечарам знікае. Ні слядоў, ні памяці”.
Цікавыя ўспаміны ў Сяргея Сафронавіча пра дзеда Базыля, пра бацькоў. Яго бацьку звалі Супронам. Ён быў лоўкі і здатны да скокаў. Лепш за яго танцаваць у Драчкаве не ўмеў ніхто. Менавіта здатнасць да скокаў і падкупіла Наталку Мархаток (маці) да выбару кавалера. Згулялі вяселле. Нарадзіўся першы сынок, які з’явіўся на свет па царкоўнаму календару на святога Кузьму, і згодна са звычаем бацюшка прапанаваў назваць хлопчыка Кузьмой. Аднак бацькавы сёстры запярэчылі і настаялі, каб хлопчыка назвалі Сярожа.Так і адбылося, што героя матэрыяла назвалі менавіта Сярожам, а не Кузьмой.
Яскравымі ўспамінамі з’яўляецца час, калі ў Драчкаве ствараўся калгас. Адбывалася гэта летам – у канцы чэрвеня ці пачатку ліпеня 1929 года. Назву калгасу далі “Новы мір”. Сярод іншых прапаноў былі “Новае Драчкава”, “Чырвоны араты”, “Змагар”. Адразу ў арцель запісалася дзевятнаццаць сялян. Выбралі праўленне, куды быў уключаны і Супрон Процька…
У памяці Сяргея Процькі застаўся той дзень, калі пачалася вайна. Нядаўна скончыліся заняткі ў школе. Сяргей паспяхова закончыў дзевяць класаў. Гэта пры тым, што, акрамя вучобы, ён працаваў яшчэ і бібліятэкарам школы. Трыццатага чэрвеня механізаваная калона немцаў уехала ў Драчкава з боку Пятровічаў. І не спыняючыся, павярнула на Смалявічы. І ўжо праз некалькі дзён Драчкава стала жыць пад нямецкай акупацыяй. Праз некаторы час Сяргей стаў партызанскім сувязным і атрымаў першае заданне – уладкавацца на “Спіртзавод Ляды”, дзе ствараўся атрад самааховы. Партызанам было неабходна ведаць становішча ў паліцэйскіх гарнізонах “Пятровічы” і на “Спіртзаводзе Ляды”.
У кастрычніку 1943 года ён пайшоў у партызанскі атрад, які размяшчаўся ў Чэрвеньскім раёне, стаў камандзірам агентурнай разведкі. Да самага вызвалення Беларусі летам 1944 года Сяргей Сафронавіч сустракаўся з агентамі партызанскай разведкі. Ён абыйшоў амаль кожны населены пункт у раёне дзеяння свайго атрада. Каштоўныя звесткі, якія ён атрымліваў ад падпольшчыкаў і разведчыкаў, дазвалялі народным мсціўцам наносіць удары па самых слабых месцах абароны ворага.
Быў паранены. Адбылося гэта 16 красавіка 1943 года. З партызанам Паўлам Шабуневічам яны ішлі на сустрэчу з самаахоўцамі, якія хацелі перайсці да партызан. Але недалёка ад месца сустрэчы сутыкнуліся з двума паліцэйскімі. Адзін з іх кінуў гранату. Сяргей Процька, недачакаўшыся, узняўся ў той час, як яна выбухнула. Што было далей, партызан не памятаў. Ачомеўся ў лесе, куды яго адцягнуў Павел. Нічога не бачыў, бо вочы зацягнула густая чырвань і твар моцна пякло. Выйшаў са шпіталю толькі праз два месяцы. Левае вока крыху паправілася, а правае перастала бачыць зусім. Маленькі асколачак ад той гранаты застаўся – абросшы скурай на ілбе.
За паўтара года партызанскай вайны ў Сяргея Сафронавіча розных баявых эпізодаў было шмат. Успамінаецца падрыў цягніка недалёка ад вёскі Вясёлае, разгром паліцэйскага гарнізона, “канцэрт” – менавіта так называлі рэйкавую вайну, ці па-простаму – падрыў чыгуначных рэек. Вайну Сяргей Процька завяршыў у атрадзе “Разгром”.
У час вайны з тыдзень пасля апошняга бою каля вёскі Малое Залужжа, Сяргей Процька апынуўся ў Дзяржынску перад палявой ваенна-медыцынскай камісіяй, дзе вызначалі годнасць мабілізаваных ісці на фронт. У Сяргея Сафронавіча было раненне, да страявой службы ён быў нягодны. Таму яго направілі ўпаўнаважаным райвыканкома аднаўляць калгасы ў Драчкаўскім і Пятровіцкім сельсаветах, далей – загадалі ўзначаліць калгас. Але старшынёй калгаса ён прабыў нядоўга.
– Але што-кольвечы зрабіць паспеў, – успамінае Сяргей Сафронавіч. – Дапамагло сяброўства са старшынёй сельсавета Сямёнам Юрачка. Уся маёмасць, што належала сем’ям былых паліцэйскіх гарнізонаў “Спіртзавод Ляды”, “Смілавічы”, я аб’явіў уласнасцю калгаса. Дзякуючы гэтаму, выканаў нарыхтоўкі дзяржаве збожжа і бульбы. Стварылася маленькая ферма свіней; у хлявах стаяла болей за дзесятак коней, некалькі кароў, авечак. Мроіліся планы дальнейшага росту грамадскай гаспадаркі. Але ў жыццё нечакана ўляцела, нібы пылінка з вуліцы, маленькая дробязь, якая потым, бы молах, переламала і перамалола ўсе планы і ў рэшце рэшт – жыццё”.
На вочы Сяргею Процьку трапілася аб’ява, што ў Белрускім дзяржаўным універсітэце адкрываецца новы факультэт журналістыкі. Да вайны Сяргей Процька друкаваўся ў раённай газеце. Праз дзень ён быў ужо ва ўніверсітэце і першым пісаў заяву і біяграфію, каб стаць студэнтам. Але здаваць уступныя іспыты не паехаў… Пачалося жніво, здача нарыхтовак. Калі прывёз універсітэцкае паведамленне ў раён, сакратар райкома партыі толькі сказаў, што пакуль не будзе выкананы план нарыхтовак дзяржаве, ні аб якім універсітэце не можа быць і рэчы. Калі высвабадзіўся, ужо наступіў лістапад. Прыехаў ва ўніверсітэт. Сустрэўся з рэктарам. Расказаў пра справы ў калгасе, пра размову з сакратаром райкома. Рэктар спытаў, што рабіць, бо заняткі ўжо пачаліся.
– А вы залічыце мяне ва ўніверсітэт без іспытаў, – нахабна прапанаваў Сяргей Процька. – Калі не здам першую сесію, сам звольнюся. А калі буду вучыцца добра…
Абяцанне, дадзенае рэктару, Сяргей Сафронавіч выканаў. Першую сесію – усе шэсць экзаменаў – здаў на выдатна…
Працоўная біяграфія журналіста Сяргея Процькі пачалася нечакана. Ішоў красавік 1947 года – трэцяга года студэнцтва. Жылося і вучылася яму цяжка. Грошы, што былі прызапашаны, скончыліся. Жыў на стыпендыю. З дому памагчы не было чым. Там была вялікая галодная сям’я, чацвёра малых. Аднойчы аднакурснік Мікола Аўрамчык прапанаваў яму пайсці працаваць на яго месца ў “Чырвоную змену” літаратурным супрацоўнікам аддзела прапаганды і агітацыі. Так Сяргей Процька стаў штатна працаваць і вучыцца стацыянарна ва ўніверсітэце. Пазней аддзел прапаганды ЦК партыі загадаў адпусціць яго ў рэдакцыю абласной газеты “Мінская праўда”, якая стваралася ў той час. Так, 1-га кастрычніка 1950 года Сяргей Сафронавіч буў залічаны ў штат “Мінскай праўды” літаратурным супрацоўнікам сельскагаспадарчага аддзела. Гэтай рабоце аддаў дзесяць гадоў. Пісаў артыкулы, нарысы, фельетоны, замалёўкі. Надрукаваў некалькі гумарыстычных апавяданняў… У нагрузку вёў сатырычны аддзел “Дзяркач”.
6-га снежня 1960 года Сяргей Сафронавіч падаў заяву аб звальненні з рэдакцыі і ў той жа дзень праз некалькі гадзін рэдактар часопіса “Сельская гаспадарка Беларусі” Васіль Амельянавіч Самуцін віншаваў яго з залічэннем у штат часопіса.
– Я ўдзячны лёсу, што ён звёў мяне з такімі людзьмі, як Уцянаў, Самуцін, пісьменнік Мікола Вішнеўскі, які доўгі час працаваў у часопісе, Іван Краўцоў…, – успамінае Сяргей Процька. – Яны здорава паспрыялі раскрыццю маіх журналісцкіх здольнасцей.
Менавіта ў часопісе Сяргей Сафронавіч дасягнуў сваіх вяршынь. Як і ў “Мінскай праўдзе”, акрамя асноўнага аддзела, вёў сатырычны раздзел “Крапіва”. У часопісе напісаў свае лепшыя гумарыстычныя апавяданні “Музейны экспанат”, “Зосін муж”, “Каўбасы для фрыца”, “Авельола” і шмат іншых. Надрукаваў дзясяткі нарысаў, фельетонаў, гумарэсак. Па двух з яго артыкулаў: “Як быць з авечкамі?” і “Хто вінаваты?” былі прыняты рашэнні ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР.
Яго праца ў часопісе была добра ацэнена. Ён атрымаў ордэн “Знак Пашаны”, ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай СССР”, шаматлікія граматы.
Бог паслаў яму жонку Ірыну, даў выдатных дзяцей, унукаў і праўнукаў. Зараз Сяргей Сафронавіч Процька знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Жыве з дачкой і зяцем у вёсцы Забалоцце. Сёння ў Забалоцкім сельсавеце засталося толькі тры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
…Час нястрымана ідзе наперад. Амаль не засталося сведкаў далёкай вайны. Таленавіты журналіст Сяргей Сафронавіч Процька напісаў аўтабіяграфічную кніжку, чытаючы якую быццам апынаешся разам з апавядальнікам у тых падзеях. А колькі не расказаных гісторый мы не пачулі!
Наталля ТЫШКОЎСКАЯ.
Фота з архіва сям’і.
Информацию читайте в № 359-362 от 26.11.2016г.