Я ўпэўнена, што тэма вайны ніколі не будзе вычарпана і ніколі не  сыйдзе ў нябыт. У якога яшчэ народа ёсць такі своеасаблівы каляндар адліку часу, як у нас, у беларусаў: “да вайны”, “перад вайной”, “падчас вайны”, “пасля вайны”?  А ў нас гэтыя тэрміны знаходзяцца ва ўжытку і па сённяшні дзень.  І нагадваюць пра далёкія ўжо, але незабыўныя падзеі таго часу, калі дзеля  Перамогі, дзеля незалежнасці нашчадкаў аддавалі свае жыцці многія нашы землякі.

Я ўпэўнена, што тэма вайны ніколі не будзе вычарпана і ніколі не  сыйдзе ў нябыт. У якога яшчэ народа ёсць такі своеасаблівы каляндар адліку часу, як у нас, у беларусаў: “да вайны”, “перад вайной”, “падчас вайны”, “пасля вайны”?  А ў нас гэтыя тэрміны знаходзяцца ва ўжытку і па сённяшні дзень.  І нагадваюць пра далёкія ўжо, але незабыўныя падзеі таго часу, калі дзеля  Перамогі, дзеля незалежнасці нашчадкаў аддавалі свае жыцці многія нашы землякі.

У кнізе “Памяць. Смалявіцкі раён і г.Жодзіна” даецца спіс жыхароў раёна, якія загінулі ад рук нямецкіх катаў у час вайны. У гэтым спісе  знішчаных  жыхароў вёскі Шпакоўшчына значыцца і імя Наталлі Пятроўны Казак, 1924 года нараджэння.

Пра трагічны лёс гэтай дзяўчыны сёння мала ўжо хто  ведае. Мне таксама пра  нашу зямлячку вядома было нямногае. У пасляваенныя гады родныя і сваякі не часта ўспаміналі пра той жудасны час, цяжка было туды вяртацца нават ва ўспамінах. Але сёння лічу важным данесці да нашых землякоў гісторыю яе жыцця, расказаць пра той пасільны ўклад, які ўнесла Наташа ў вызваленне нашай роднай смалявіцкай зямлі ад варожай навалы.

Мне Наташа Казак даводзіцца траюраднай сястрой. Яна была дачкой  Пятра Ануфрыевіча Казака, нашага блізкага сваяка. Нарадзілася Наташа ў вёсцы Шпакоўшчына. Да вайны вучылася ў Емяльянаўскай сямігодцы.  Падчас вайны дзяўчына стала сувязной атрада імя Будзённага   партызанскай брыгады “Смерць фашызму”,  што дзейнічала на тэрыторыі Смалявіцкага раёна ў Юр’еўскай зоне. Былы сакратар Смалявіцкага падпольнага райкома партыі Рыгор Дзям’янавіч Даўгалёнак у сваім артыкуле “Агонь маладых сэрцаў” (“Ленінскі заклік”,  №67 за 1969 год) пісаў: “Праз сувязную брыгады “Смерць фашызму” Наталлю Казак, якая, дарэчы, узначальвала  Емяльянаўскую падпольную камсамольскую арганізацыю, партызаны ўстанавілі сувязь   з Марыяй Шарамет”.  Затым гэтыя дзяўчаты былі ўладкаваны прыбіральшчыцамі  на нямецкі харчовы склад у мястэчку Смалявічы.

У кнізе былога камісара брыгады “Смерць фашызму” Івана Прохаравіча Дзядзюлі “Лясная гвардыя”, якая выйшла ў 1968 годзе, расказваецца: “На смалявіцкім харчовым складзе нам ужо ўдалося  ўладкаваць на работу дзвюх нашых дзяўчат: Марыю Шарамет і Наташу Казак. Яны пачалі падрыхтоўку да таго, каб па ўказанню камандавання непрыкметна пранесці на склад некалькі мін замаруджанага дзеяння і ўзарваць яго. Цяпер жа мы можам пераключыць іх на новую справу. Яны разведаюць усё, што нам трэба”.

Далей аўтар працягвае: “Патрыёткі, нягледзячы на небяспеку, пачалі працаваць на складзе, канспіратыўна падтрымліваючы сувязь з людзьмі Чуянава”.

Яўген Міхайлавіч Чуянаў быў начальнікам разведкі брыгады “Смерць фашызму”, з якой пачалі супрацоўнічаць гэтыя мужныя дзяўчаты. А інфармацыю на гэтым складзе можна было атрымаць вельмі важную. Сюды  для атрымання прадуктаў прыязджалі нямецкія каманды, якія ехалі па шашы Мінск-Масква на фронт  і ў адваротным напрамку, а таксама падраздзяленні, накіраваныя на выкананне розных карных аперацый супраць партызан і мірнага насельніцтва. Здабытая з рызыкай для жыцця інфармацыя перапраўлялася ў лес, а партызаны потым сустракалі агнём няпрошаных гасцей.

Таксама дзяўчаты здабывалі для  партызан чыстыя бланкі накладных для атрымання прадуктаў са складу.  У атрадзе быў свой партызанскі мастак, які прафесійна падрабляў подпісы, а потым пераапранутыя ў нямецкую форму партызаны атрымлівалі са складу прадукты. У атрадзе быў афіцэр, які нядрэнна валодаў нямецкай мовай. Ён прымаў удзел у  арганізацыі такіх рызыкоўных аперацый.

Рыгор Фаміч Бацяноўскі, 1921 года нараджэння, да вайны жыў у Шпакоўшчыне. У сваіх допісах  у рэдакцыю раённай газеты ў пасляваенны час  ён  успамінаў, што солі ў партызанскай зоне заўсёды не хапала. Яе прысылалі сувязныя Наталля Казак са Шпакоўшчыны і Марыя Шарамет з Уборак, якія працавалі на харчовым складзе ў Смалявічах.

Мая сваячка Антуніна Міхайлаўна Казак, якая  нарадзілася ў вёсцы Шпакоўшчына  ў 1934 годзе, памятае, як у час вайны ў двор да  бацькі Наташы Пятра Ануфрыевіча Казака прыязджалі падводы, нагружаныя скрынкамі і мяхамі, а людзі ў нямецкай  ваеннай форме пераносілі ўсё ў хлеў. На самой справе, гэта былі пераапранутыя партызаны. Потым па начах  скрынкі і мяхі перапраўляліся ў партызанскі лагер.

Жыхары Шпакоўшчыны думалі, што Наталля  свядома працуе на немцаў, а скрынкі – нарабаванае ў людзей дабро, якое хаваюць у хляве Пятра Казака. Да таго ж па заданню партызан Пятро Ануфрыевіч  быў прызначаны старастам у вёсцы. Ніхто не ведаў, што сям’я  мае сувязь з партызанамі.

У час вайны многія партызанскія атрады карысталіся такім прёмам, калі ўладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйныя ўстановы, прызначалі старастамі, накіроўвалі на пасады паліцаяў. Лёс гэтых людзей быў незайздросны. Іх ненавідзелі свае,  лічачы  здраднікамі. І ў любы момант можна было атрымаць кулю. Не шкадавалі іх і немцы, калі выкрываўся факт сувязі з партызанамі. У лепшым выпадку быў угон у Германію, але часцей – расстрэл. Таму партызанскія сувязныя былі вельмі засакрэчаныя, ведалі пра іх толькі лічаныя людзі.

У выпадку з Пятром Ануфрыевічам Казаком аб яго прызначэнні старастам вёскі  ведалі толькі тры чалавекі з брыгады “Смерць фашызму”:  сакратар Смалявіцкага падпольнага райкома партыі  Рыгор Дзям’янавіч Даўгалёнак,  партызан атрада імя Будзённага  Баляслаў Вікенцьевіч Кавэцкі, якога потым  немцы расстралялі ў Шпакоўшчыне  18 лютага 1944 года, і баец  спецгрупы “Артур” Іван Сцяпанавіч Казлоў. Толькі пасля вайны ўсю праўду аб  падпольнай дзейнасці Пятра Казака спецслужбам паведамілі Даўгалёнак і  Казлоў. Гэтымі звесткамі потым падзяліўся са мной сын Казлова  Іван Сцяпанавіч Казлоў.

Марозныя зімы 1943 – 1944 гадоў  падрыхтавалі партызанам яшчэ адно выпрабаванне – голадам. Не хапала прадуктаў харчавання ў атрадах, а яшчэ трэба было забяспечыць харчам  параненых, што знаходзіліся ў лясным шпіталі на возеры Палік. Тады кіраўніцтва брыгады прыняло рызыкоўнае рашэнне: раздабыць прадукты ў вялікай колькасці на тым складзе, дзе працавалі Марыя Шарамет і Наталля Казак. Справа была вельмі небяспечная. Таму групу ўзначаліў сам начальнік разведкі Яўген Міхайлавіч Чуянаў. Дзякуючы яго прафесійным якасцям, смеласці, вынаходлівасці, добраму валоданню нямецкай мовай,  удалося ашукаць немцаў і  атрымаць такія неабходныя прадукты. Адбылася гэта аперацыя ў канцы снежня   1943 года. Такі ж манёўр удалося здзейсніць і ў  пачатку сакавіка 1944 года.

Але на гэты раз пра каштоўны груз стала вядома не толькі ў партызанскім лагеры, але і гестапаўскім лазутчыкам, якіх пад выглядам уцекачоў-ваеннапалонных закідвалі фашысты з Барысаўскай разведшколы. Дыверсанты данеслі аб аперацыі сваім гаспадарам у Смалявічы, Барысаў, Мінск. Немцы ў Смалявічах зразумелі, хто на складзе дапамог партызанам паспяхова правесці  вываз прадуктаў. За Наташай і Марыяй пачалі сачыць. Наташу схапілі каля вёскі Крыніца, калі ішла ў партызанскі атрад. Гэта расказала мне  наша сваячка Галіна Вікенцьеўна Ракіцкая (Мурашка ў дзявоцтве). А пра далейшы лёс дзяўчыны я даведалася з дакументаў з Нацыянальнага архіву рэспублікі. У дакладной запісцы   начальніка разведкі Смалявіцкаму падпольнаму райкому КПБ ад 19 сакавіка 1944 года  пазначалася, што 17 сакавіка 1944 года з вёскі Шпакоўшчына  немцамі забрана сувязная Наташа Казак. У другой запісцы гаварылася, што 21 сакавіка Наталля знаходзілася пад следствам. Яшчэ ў адным дакуменце, падпісаным інструктарам РК КПБ І.І.Лапаціным  паведамлялася, што 24 сакавіка ў 11 гадзін вечара Наталлю Казак выклікалі на допыт, пасля якога яна  ў камеру не вярнулася. Паліцэйскі Хмяльніцкі  казаў, што дзяўчыну расстралялі.

Сведкамі апошніх дзён жыцця Наташы сталі дзве шпакоўскія дзяўчынкі, сваячкі Наташы, якіх схапілі  па дарозе ў Смалявічы. У турме дзяўчынак дапытвалі, але яны нічога не ведалі, таму іх адпусцілі. Там, у турме, дзяўчынкі і бачылі Наташу ў той час, як яе  вялі пад вартай  салдаты з аўтаматамі. Наташы ўдалося шапнуць дзяўчаткам, што “расстрэльваюць па начах”. Ёй, відаць,  хацелася, каб гэтую чорную вестку  хто-небудзь перадаў яе бацькам і сябрам.

Пасля арышту Наталлі партызаны імкнуліся ёй дапамагчы, але выратаваць не ўдалося, бо зрабіць гэта ў такім  умацаваным гарнізоне, які больш нагадваў крэпасць, зрабіць было проста немагчыма.

Рэгіна Баляславаўна Рыбіцкая (дачка  Баляслава Кавэцкага), якая нарадзілася ў Шпакоўшчыне  ў 1934 годе, расказвала, што пасля вызвалення Смалявічаў ад фашыстаў у мястэчку праходзіла перазахаванне ахвяр, расстраляных у турме. Рэгіна Баляславаўна, тады яшчэ дзяўчынка, была сведкай, як салдаты выконвалі  гэтую работу. Родныя і сваякі  загінуўшых  гублялі прытомнасць пры перазахаванні сваіх  блізкіх людзей.

Наташу Казак пахавалі  на смалявіцкіх могілках з усёй пашанай, як  героя.

У тым жа страшным сакавіку 1944 года за сувязь з партызанамі немцы расстралялі Марыю Шарамет і ўсю яе сям’ю: бацьку, маці, трынаццацігадовых сястру і брата.

… Дзяўчаты ваявалі не са зброяй у руках. Але тыя звесткі, якія яны здабывалі, знішчалі ворагаў не горш, чым стрэлы з кулямётаў.  Дзякуючы гэтым маладым патрыёткам, вашы, паважаныя сучаснікі, сваякі, родныя і блізкія не былі расстраляны, не былі вывезены  ў рабства, не былі спалены ў вогненных вёсках. Жывыя, яны нарадзілі нас. А мы, сённяшняе пакаленне, жывём за сябе і за тых, хто аддаў жыццё за незалежнасць Радзімы. І Наташа, і Марыя набліжалі светлы дзень Перамогі. Набліжалі, як маглі. Будзем берагчы памяць аб іх кароткім, але яркім жыцці.

Валянціна Мікалаеўна КАЗАК, вёска Шпакоўшчына.

Информацию читайте в № 363-366 от 30.11.2016г.