2017-ы год у нашай краіне праходзіць  пад знакам 135-гадовага юбілею вялікіх  песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

“Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас”, – так трапна вызначыў ролю нашых славутых песняроў беларускі паэт, празаік, перакладчык Віктар Шніп. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.  Якуб Колас і Янка Купала – выразнікі нацыянальнай самасвядомасці, народных пачуццяў. У сваіх творах яны раскрылі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу і жыцця беларусаў, выявілі незвычайную сілу і творчую магутнасць беларускага слова.

2017-ы год у нашай краіне праходзіць  пад знакам 135-гадовага юбілею вялікіх  песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

“Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас”, – так трапна вызначыў ролю нашых славутых песняроў беларускі паэт, празаік, перакладчык Віктар Шніп. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.  Якуб Колас і Янка Купала – выразнікі нацыянальнай самасвядомасці, народных пачуццяў. У сваіх творах яны раскрылі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу і жыцця беларусаў, выявілі незвычайную сілу і творчую магутнасць беларускага слова.

З усіх славянскіх народаў  беларусы, напэўна, найдаўжэй чакалі з’яўлення сваіх  нацыянальных песняроў. Расія ўжо мела А.Пушкіна, Украіна – Т.Шаўчэнку, Польшча – А.Міцкевіча… Толькі багатая гістарычнымі падзеямі, славутая здабыткамі папярэднікаў беларуская зямля, пазбаўленая на стагоддзі дзяржаўнасці і права на нацыянальнае самавызначэнне, працягвала чакаць і маліцца.

Нібы адчуваючы нейкую віну за шматвяковую цяжкую і маркотную долю Беларусі, 135 гадоў назад Бог шчодра кінуў сваю зыркую іскру адразу ў дзве душы сялянскіх сыноў – і ў свет прыйшлі два нацыянальныя геніі. Успыхнулі дзве найярчэйшыя зоркі беларускай літаратуры: Янка Купала і Якуб Колас. Успыхнулі, каб паказаць усяму свету, што ёсць такі народ, што ёсць такая мова.

7 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка (Маладзечанскі раён) нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч – будучы народны паэт Беларусі Янка Купала. А 3 лістапада гэтага ж года ў вёсцы Акінчыцы (Стаўбцоўскі раён) нарадзіўся Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч – будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас.

Іх імёны заўсёды вымаўляюцца разам, іх псеўданімы – з народнага жыцця і фальклору. З  сялянскімі  мазалямі на руках увайшлі яны ў нацыянальную і сусветную культуру, бо ніколі не аддзялялі сябе ад народа, не выракаліся яго працы, яго побыту, яго мовы.

Яны былі вельмі розныя і як асобы, і як творцы: парывісты, тэмпераментны, узнёслы Янка Купала; ураўнаважаны, падкрэслена рэалістычны Якуб Колас. Адзін – вястун і прарок, другі – летапісец і філосаф. Нават іх паэтычныя  імёны гаварылі аб рознасці іх творчай сутнасці: “Колас” – ад зямлі, ад працы, “Купала” – з летуценняў і мар аб папараці-кветцы, аб шчасці.

Але колькі ў іх было роднаснага і аднолькавага: як горача і самаахвярна любілі яны і пясчаную сваю зямельку, і  цягавітага  ды маўклівага братку-беларуса, і поўную хараства і замілавання матчыну песню. І кожны па-свойму складаў у гонар Айчыны гімн і з надзеяй, і верай шаптаў за яе малітву.

Хвалюючыся за будучыню беларускай літаратуры, Францішак Багушэвіч на схіле XIX стагоддзя пісаў: “Смык”  ёсць. А хтось скрыпку, можа, даробе, а там была “Дудка…” – вось мы і зробім музыку”. Гэтыя словы сталі запаветам яго паслядоўнікам. Голасна зайграла  “Скрыпка” Цёткі, следам за ёй на ўсе лады заспявала “Жалейка” Купалы, а потым паліліся “Песьні жальбы” Коласа, а яшчэ ў гэтую музыку ўліліся мелодыі купалаўскага “Гусляра”.

Іх песні былі пра родны край, пра яго нядолю, пра адвечную прыгажосць яго чароўных мясцін. Усё ў іх было такое знаёмае для простага чалавека, сваё, бачанае сотні, тысячу разоў, і разам з тым гэта была высокая паэзія, якая сцвярджала сам факт існавання беларускага прыгожага пісьменства.

Янка Купала і Якуб Колас заклалі ў падмурак беларускай літаратуры самыя першыя і самыя асноўныя цагліны, пашырылі  яго, распрацавалі новыя літаратурныя жанры. Янка Купала – паэт, драматург. Упершыню ў жыцці, нечакана для многіх, вялікі Купала напісаў камедыю. Такой сталася “Паўлінка”. Гэта быў падарунак генія – камедыя зрабілася шэдэўрам нацыянальнай літаратуры і тэатра.

А між тым, як часта мы чуем: “О, рамантычнейшы Купала! Купала-лірык!  “Бандароўна”, “Курган”, “Яна і я”. Інтымная лірыка паэта – гэта вечныя творы, бо вечныя пачуцці, якія яны ўслаўляюць: гераізм, сумленнасць, непадкупнасць і, найперш, каханне.

Лірыка Янкі Купалы – гэта лірыка прарока, прадказальніка. Лірыка Якуба Коласа – перажыванні рэальнага, звычайнага, канкрэтнага чалавека.

І ў Якуба Коласа, і ў Янкі Купалы немагчыма вызначыць галоўны твор іх жыцця. Напэўна, гэта яшчэ адзін доказ велічы, геніяльнасці  іх як творцаў. “Бандароўна” ці “Курган”, “Раскіданае гняздо” ці “Паўлінка”, “Сымон-музыка” ці “Казкі жыцця”, “На ростанях” ці “Новая зямля”? Сапраўды, кожны твор унікальны, варты літаратурнай славы.

Якуб Колас – адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры і стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы. Шматграннасць яго таленту выявілася як у паэзіі, так і ў прозе, публіцыстыцы, у дзіцячай літаратуры. Якуб Колас заклаў асновы беларускага рамана. Ён – настаўнік некалькіх пакаленняў сучасных беларускіх пісьменнікаў.

Купалу мы ведаем як паэта і драматурга, аўтара цудоўных п’ес «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо». Гэта ўзвышаны і рамантычны паэт. Любоў да Радзімы і нянавісць да яе прыгнятальнікаў гучалі на ўсіх этапах яго творчасці – ад пафасных вершаў «Мужык» і «Там» да шчырай і задушэўнай песні аб будучай перамозе над гітлераўскім фашызмам «Зноў будзем шчасце мець і долю».

 Гістарычная заслуга Янкі Купалы і Якуба Коласа заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету.

Янка Купала і Якуб Колас пры жыцці паспелі  адчуць народную любоў і ўдзячнасць. Жыццё неаднойчы выпрабоўвала іх на адданасць бацькаўшчыне, і той рэдкі талент, які даў Бог, дапамог ім застацца дзвюма яснымі, чыстымі, нібы слязінкі, зоркамі, што ззяюць на творчым небасхіле нашай планеты, зоркамі з простымі беларускімі  імёнамі – Янка Купала і Якуб Колас.

Л.В. ТЫЛЕЦКАЯ, бібліятэкар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Багдановіча.

Информацию читайте в № 165-168 от 7.06.2017 г.