Радасць свайго свята – Дня горада —  Смалявічы заўсёды падзяляюць з гасцямі. Не адступіў ад гэтай традыцыі наш горад і сёлета падчас святкавання свайго 569 дня нараджэння.  І шматлікія госці,  і многія карэнныя жыхары прызнаваліся ў тым, што немагчыма не палюбіць родны край з яго  дабразычлівымі гасціннымі людзьмі і  адметнай гісторыяй.

Горад Смалявічы – гэта гісторыя тых, хто нарадзіўся і вырас у гэтых мясцінах, і тых, хто прыехаў сюды на пастаяннае жыхарства і знайшоў тут другую радзіму. Ад іншых раённых сталіц Смалявічы адрозніваюцца сваёй гістарычнай непаўторнасцю – падзеямі, паселішчамі, будынкамі  і  асабліва людзьмі.

 

Радасць свайго свята – Дня горада —  Смалявічы заўсёды падзяляюць з гасцямі. Не адступіў ад гэтай традыцыі наш горад і сёлета падчас святкавання свайго 569 дня нараджэння.  І шматлікія госці,  і многія карэнныя жыхары прызнаваліся ў тым, што немагчыма не палюбіць родны край з яго  дабразычлівымі гасціннымі людзьмі і  адметнай гісторыяй.

Горад Смалявічы – гэта гісторыя тых, хто нарадзіўся і вырас у гэтых мясцінах, і тых, хто прыехаў сюды на пастаяннае жыхарства і знайшоў тут другую радзіму. Ад іншых раённых сталіц Смалявічы адрозніваюцца сваёй гістарычнай непаўторнасцю – падзеямі, паселішчамі, будынкамі  і  асабліва людзьмі.

Берка Нахімавіч Суцін —  гэта толькі адно імя ў вялікім звязку знакамітых асоб, якія пакінулі свой след у гісторыі Смалявічаў і смалявіцкага краю.  Гэты чалавек вядомы нам як купец першай гільдыі, таленавіты і  паспяховы  лесапрамысловец, які адносіўся да ліку самых багатых людзей Беларусі свайго часу.   Але яго напружаная праца не замінала яму заставацца патрыётам сваёй Радзімы і мецэнатам. На рахунку гэтага чалавека шмат добрых спраў, якія ён здзейсніў на карысць жыхароў мястэчка, дзе, дарэчы, пражывалі іншыя прадстаўнікі роду Суціных.

Адным з будынкаў, узведзеных на сродкі і пад кіраўніцтвам  Суціна,  была гарадская добраўпарадкаваная лазня – вельмі патрэбная пабудова, бо ў тыя часы нават калодзежы былі не ў кожным двары. Многія  местачкоўцы для сваіх бытавых патрэб вымушаны былі  браць ваду прама з ракі Пліса. І з’яўленне лазні ў мястэчку было прынята жыхарамі з адабрэннем.

А яшчэ мы павінны ведаць,  што гэта дзякуючы Берку  Нахімавічу Суціну ў Смалявічах з’явіўся першы тэлефон. Дакументы з Нацыянальнага гістарычнага архіву распавядаюць аб тым, што 15 лютага 1890 года начальнік Мінскай  паштова-тэлеграфнай акругі пісаў Мінскаму губернатару: “Арандатар маёнтка Смалявічы княгіні Гогенлоэ купец першай гільдыі Берка Нахімавіч Суцін звярнуўся да мяне з просьбай наладзіць тэлефонныя зносіны ў мястэчку Смалявічы Барысаўскага ўезду паміж яго кватэраю, домам эканоміі і будынкам, займаемым адміністрацыяй маёнткаў княгіні Гогенлоэ. Усяго на працягу 381  сажаня”.  Адзін сажань – гэта 2,13 метра. Трэба патлумачыць, што княгіня Марыя  Львоўна  Гогенлоэ была апошняй уладальніцай маёнтка Смалявічы да 1917 года.

Адказ Мінскага губернатара быў станоўчым. І ў гэтым жа 1890 годзе ў Смалявічах з’явіўся  першы тэлефон, ён быў падключаны да лініі, якая злучала Мінск з Барысавам. Тэлефонная станцыя знаходзілася  ў доме Суціна.

Па тых нешматлікіх дакументах, якія захаваліся ў архівах, можна прасачыць, як далей развівалася тэлефонная справа ў Смалявічах.

1 студзеня 1908 года міністр унутраных спраў дазволіў прыняць на дзяржаўнае ўтрыманне   прыватную тэлефонную сетку для агульнага карыстання  ў горадзе Барысаве, Нова-Барысаве і Смалявічах. У гэтым жа годзе адбыўся перанос цэнтральнай тэлефоннай станцыі  з дому Суціна ў паштова-тэлеграфнае аддзяленне.

Спісак абанентаў Смалявіцкай тэлефоннай сеткі на 1 студзеня 1908 года складаўся ўсяго з пяці чалавек:  гэта былі Гендрыксон, Н.Суцін,  Шандаровіч,  Бінштовіч, Данішэўскі. Напэўна, такая выгода, як тэлефон, каштавала даволі дорага, калі з 2300 чалавек (а менавіта гэтулькі жыхароў пражывала ў мястэчку на той час) яе маглі сабе дазволіць толькі пяць чалавек.

Усе астатнія насельнікі Смалявічаў маглі карыстацца паслугамі міжгародняга тэлефоннага пункту,  які працаваў з 7 гадзін раніцы да 2 гадзін ночы. Штат супрацоўнікаў Смалявіцкага паштова-тэлеграфнага аддзела складаўся з трох чалавек:  сталаначальнік,  тэлефаністка і рабочы. Начальнікам з’яўляўся “калежскі рэгістратар Вялічка”.

Свайго асобнага памяшкання тэлефонная станцыя не мела, а мясцілася ў адным пакоі, дзе вяліся паштовыя аперацыі. Каб палепшыць умовы працы, кіраўніцтва Смалявіцкага паштова-тэлеграфнага аддзялення вымушана было арандаваць дом у купца  Залмана Коўнера, які сам жыў у Мінску,  а дом яго пуставаў. Архіўныя дакументы даюць нам уяўленне пра тую пабудову:  “… дом Коўнера  цёплы, стаіць пасярод мястэчка”.  Размяшчаўся дом па вуліцы Барысаўскай, у архіве нават захаваўся яго  план-чарцёж.

У верасні 1911 года была заключана дамова на працяг арэнды  памяшкання ў купца Коўнера тэрмінам на шэсць гадоў  — да 20 лістапада 1917 года.

Вядома, што пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі будынкі храмаў  пачалі лічыцца ўласнасцю дзяржавы. Дакументы з архіву Мінскай вобласці гавораць аб тым, што ў 1922 годзе Смалявіцкі валасны выканаўчы камітэт вырашыў размясціць паштова-тэлеграфную кантору ў будынку царквы. Святару Зубковічу было выдадзена  пісьмовае патрабаванне “аб вызваленні царкоўнага дома для патрэб тэлеграфнай канторы”.

У  дакументах падчас перапісу 1926 года пазначана, што Смалявіцкая пошта знаходзілася  на вуліцы Царкоўнай.  Сёння гэтая вуліца мае назву Сацыялістычная.  На тым жа самым месцы яна знаходзілася і ў гады вайны. А пасля вайны гэта ўстанова аказвала людзям свае тэлефонна-тэлеграфныя паслугі да той пары, пакуль не быў пабудаваны  сучасны будынак раённага вузла сувязі.

У галерэю знакамітых смалевічан трэба ўключыць яшчэ адно забытае імя   — Мазо Вульф. Імя гэтага чалавека забытае, але вынікі яго працы захаваліся  па сённяшні дзень у назве старажытнай мясціны нашага горада – Смалакурка. Мала хто ведае, адкуль пайшла такая назва.  Архіўныя крыніцы дапамагаюць праліць святло  на гэтае пытанне.  У дакументах  захаваліся звесткі, што ў  1926 годзе  на вуліцы Мінскай (цяпер гэта вуліца Савецкая) знаходзіўся  “Смалакурны завод Мазо Вульфа”. Са старажытных часоў жыхары нашага краю займаліся  выганкай смалы з дрэва. Відаць, гэты промысел дастаўся ў спадчыну і пану Вульфу. Ужо ў савецкі час на месцы завода была створана арцель па выганцы смалы, якую ў народзе празвалі “Смалакурка”. У гэтай арцелі  смалу таксама разлівалі ў  драўляныя бочкі і адпраўлялі спажыўцам. Смала была патрэбна людзям, каб зберагчы драўляныя вырабы ад гніення. Не толькі караблі, лодкі прасмальвалі, але і сані, бочкі, лыжы і іншыя вырабы, каб падоўжыць час іх служэння.

Сёння слова “Смалакурка” захавалася ў нашай раённай газеце,  дзе пад гэтай назвай ўжо на працягу шэрагу гадоў выходзіць дадатак, які карыстаецца папулярнасцю ў падпісчыкаў і чытачоў.

Гістарычныя крыніцы запэўніваюць нас, што ў 1926 годзе ў мястэчку Смалявічы быў свой … тэатр, які ўяўляў сабой будынак памерам 350 квадратных метраў. Хутчэй за ўсё, гэта была  грамадская пабудова, дзе па святах альбо ў вольны час збіраліся  местачковыя людзі на  прадстаўленні    і спектаклі заезджых  артыстаў.

Зрабіўшы віртуальнае падарожжа па старажытных Смалявічах,  можна зрабіць для сябе шмат нечаканых адкрыццяў. Напрыклад, даведацца, чаму сучасная вуліца Ленінская раней называлася Кладбішчанскай, імем  крыху дзіўнай і недарэчнай. Але трэба зазначыць, што  ў тапаграфічных назвах мінулых часоў  выпадковасцей не было. Усе назвы мелі пэўны сэнс і абгрунтаванасць.  Зноў будзем абапірацца на  архіўныя крыніцы, якія сцвярджаюць, што  на вуліцы Кладбішчанскай знаходзіўся  «Дом Еврейской  религиозной общины (кладбище)». Гэта значыць, што там размяшчаліся могілкі з сінагогай. Але невядома, калі былі заснаваны тыя могілкі, дзе вернікі іудзейскага веравызвання  хавалі сваіх памерлых.  У архіўных дакументах мне сустрэлася  карта Смалявічаў ваеннай пары, на якой гэтыя могілкі яшчэ былі пазначаны.

А калі зазірнём яшчэ глыбей у гісторыю Смалявічаў і пазнаёмімся з  інвентаром аднайменнага маёнтка за 1678 год, то даведаемся, што ў той час у мястэчку былі вуліцы з назвамі  Барысаўская, Мінская, Жодзінская, якія ўказвалі ў бок адпаведных населеных пунктаў. Тады Жодзіна з’яўлялася вёскай, у якой знаходзілася царква. І смалявіцкія жыхары  назвалі адну з сваіх вуліц Жодзінскай, каб указаць шлях да той праваслаўнай святыні.

Патрапілі мне ў архіўных паперах звесткі аб тым, што некалі вуліца, якая вядзе ў бок Лагойска, называлася  Смалявіцкай. Потым яе перайменавалі ў Царкоўную, а потым – у Сацыялістычную.

Вось так, пазнаёміўшыся з гістарычнымі звесткамі, пачынаеш больш уважліва ўглядацца ў сучасныя рысы горада, знаходзячы побач адгалоскі даўніны, хочацца глыбей цікавіцца лёсам населенага пункта, яшчэ больш яго пазнаць і ганарыцца ім.

Валянціна Мікалаеўна КАЗАК, ветэран педагагічнай працы.

Фота Н.ТЫШКОЎСКАЙ.

Информацию читайте в № 333-336 от 4.11.2017 г.