У спісе выхадцаў са Смалявіччыны ёсць шмат выдатных, але малавядомых
асоб, якія ўвайшлі ў гісторыю нашай краіны. 20 красавіка мы будзем адзначаць
стагоддзе з дня нараджэння беларускага драматурга, перакладчыка, тэатральнага
крытыка і аглядальніка Міхаіла Львовіча Юдэлевіча.
У спісе выхадцаў са Смалявіччыны ёсць шмат выдатных, але малавядомых асоб, якія ўвайшлі ў гісторыю нашай краіны. 20 красавіка мы будзем адзначаць стагоддзе з дня нараджэння беларускага драматурга, перакладчыка, тэатральнага крытыка і аглядальніка Міхаіла Львовіча Юдэлевіча.
Нарадзіўся Міхаіл Львовіч у Смалявічах. Паходзіў з сям’і саматужніка. Сярэднюю школу скончыў у Мінску (1929), працаваў рабочым у гуце, акцёрам у Мінскім тэатры рабочай моладзі (1929–1931). У 1935 г. скончыў Дзяржаўны інстытут мастацтва ў Маскве. Потым вярнуўся ў Мінск, працаваў загадчыкам аддзела тэатра ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1935–1940), а таксама ва Упраўленні па справах мастацтва пры Саўнаркаме БССР. З 1940 г. у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у савецка-фінскай і ў Вялікай Айчыннай войнах. Загінуў у 1941 г. на фронце..
Як драматург М. Юдэлевіч пачаў творчасць у 1929 г. (публікацыі яго п’ес не выяўлены). Адзін з аўтараў калектыўнай п’есы «Першы штандарт» (пастаўлена ў 1930, па іншых звестках – у 1929), аўтар п’есы «Зямля гарыць» (напісана ў 1932), якая ставілася на радыё. Зрабіў інсцэніроўку паводле рамана М. Астроўскага «Як гартавалася сталь» (пастаўлена ў 1937 г.). Гэты ж твор ён паклаў у аснову лібрэта оперы «Паўка Карчагін» (музыка П. Падкавырава), якая ставілася ў пасляваенны час на сцэне кансерваторыі як студэнцкі аматарскі спектакль.
У беларускім друку 30-х гг. М. Юдэлевіч быў вядомы пераважна як тэатральны крытык і аглядальнік. Друкаваў водгукі на тэатральныя пастаноўкі, артыкулы і рэцэнзіі на спектаклі і творы драматургіі. Падыходзіў да ацэнкі п’ес з агульнапрынятых на той час ідэйна-класавых пазіцый. Развіваў канцэпцыю росквіту сучаснай яму драматургіі, адзначаў прыход у яе вядомых пісьменнікаў. Драматургічная канцэпцыя М. Юдэлевіча спалучала ў сябе супярэчлівыя рысы, якія вынікалі з абсалютнай дэфармацыі эстэтычных ацэнак і творчай інтуіцыі ў той час. Перакладаў на рускую мову асобныя творы беларускай драматургіі, у тым ліку п’есу І.Гурскага «Сваты» (1937), склаў зборнік «Аднаактовыя п’есы» для самадзейнай сцэны (1937). Пісаў вершы, прыпеўкі, якія змяшчаліся ў перыядычным друку.
А.МАРОЗАЎ, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі.
Информацию читайте в номере 89 – 92 от 19.04.2014 г.