This slideshow requires Adobe Flash Player 9.0 (or higher). JavaScript must be enabled.
На мінулым тыдні жывёлаводы свінагадоўчых таварных ферм “Забалацце” і “Кляннік” Прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Смалявічы-Сузон” падводзілі вынікі работы за першы квартал 2011 года. Разам з імі аналізавалі эканамічныя паказчыкі і стан вытворчай дысцыпліны супрацоўнікі ідэалагічнага аддзела Смалявіцкага райвыканкама, спецыялісты гаспадаркі і раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі, прафсаюзныя лідэры. Адбывалася падвядзенне вынікаў у рамках правядзення Дня жывёлавода. Гэтаму дню папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа па добраўладкаванню вытворчых і санітарна-бытавых памяшканняў на жывёлагадоўчых аб’ектах і прылягаючых тэрыторыях.
У склад рабочай групы, што прыбыла на ПУП “Смалявічы-Сузон”, увайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы Смалявіцкага райвыканкама Павел Прохаравіч Графутка, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васілій Уладзіміравіч Броўкін, старшыня Смалявіцкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Пятровіч Сцепуценка, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Таццяна Мікалаеўна Скобля. Адміністрацыю і спецыялістаў прадпрыемства на сустрэчы з жывёлаводамі прадстаўлялі памочнік дырэктара Уладзімір Мікалаевіч Масквін, галоўны ветурач Ігар Віктаравіч Сазонаў і вядучы эканаміст Ганна Іосіфаўна Лейко.
Напачатку члены рабочай групы па правядзенню Дня жывёлавода разам са спецыялістамі гаспадаркі наведалі свінагадоўчыя фермы, дзе азнаёміліся з тэхналогіяй утрымання жывёлы, праверылі санітарны стан аб’ектаў. Пасля гэтага ўсе сабраліся ў актавай зале для падвядзення вынікаў.
Вядучы эканаміст ПУП “Смалявічы-Сузон” Ганна Іосіфаўна Лейко паведаміла, што па стану на 1 красавіка 2011 года пагалоўе свіней складала 1932 галавы. 1377 галоў утрымлівалася на СТФ “Забалацце” і 555 галоў — на СТФ “Кляннік”. Група адкорму — 73 працэнты ад агульнага пагалоўя.
За першы квартал было атрымана 58,2 тоны валавых прываг свіней, што на 7,9 тоны меней, чым за адпаведны мінулагодні перыяд.
Валавыя прывагі свіней па СТФ “Забалацце” атрыманы ў колькасці 35,2 тоны, па СТФ “Кляннік” — 23 тоны. Рэалізавана свіней за квартал — 928 галоў, што на 17 галоў больш, чым за той жа перыяд мінулага года. На мясакамбінаты пастаўлена 766 галоў, або 83 працэнты ад агульнага рэалізаванага пагалоўя. Па СТФ “Забалацце” рэалізавана 484 галавы (40 тон), па СТФ “Кляннік” — 444 галавы (43,9 тоны). Агульная вага рэалізаванага пагалоўя склала 83,9 тоны, ці 100,5 працэнта да мінулагодняга паказчыка. Вага адной рэалізаванай галавы на мясакамбінат — 108 кілаграмаў. Прадпрыемствам атрымана 514,7 мільёна рублёў выручкі ад рэалізацыі свіней, што на 176 мільёнаў рублёў больш, чым у мінулым годзе. У агульнай выручцы прадпрыемства выручка па свінафермах складае 7 працэнтаў. Рэалізацыя свіней 1 і 2 катэгорый склала 92 працэнты. Сярэдняя цана рэалізацыі — 6225 рублёў за кілаграм. Страты ад рэалізацыі свіней за першы квартал склалі 60 мільёнаў рублёў. За першы квартал 2010 года страты складалі 102 мільёны рублёў. Такім чынам, адносна мінулага года страты паменшыліся на 42 мільёны рублёў.
Стратнасць галіны, з пункту гледжання вядучага эканаміста, звязана, у першую чаргу, з тым, што прадпрыемства не мае ўласнага поўнага ўзнаўленчага цыклу і вымушана закупляць парасят. Так, за першы квартал было закуплена 733 галавы (26 тон). Сярэдняя вага адной закупленай галавы — 35 кілаграмаў, пры цане ў 13780 рублёў за кілаграм. Для зніжэння сабекошту неабходна павялічваць прыплод. За першы квартал атрымана 213 галоў прыплоду, што на 99 галоў болей, чым за той жа перыяд года мінулага. Аднак магчымасцей для поўнага ўзнаўлення свінога статку ў прадпрыемства пакуль няма.
Сярэднесутачныя прывагі склалі на адкорме 366 грамаў і знізіліся адносна мінулага года на 42 грамы.
Як бачна з вынікаў за першы квартал, ёсць у рабоце свінафермаў шмат пытанняў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Гэта і павелічэнне прывагаў, што ў выніку павялічыць рэалізацыю, а адпаведна — і рост выручкі. Гэта і зніжэнне сабекошту за кошт памяншэння закупу парасят з іншых гаспадарак.
Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.
На здымку: У.П.Сцепуценка ўручае падарунак брыгадзіру Аляксандру Мікалаевічу Новікаву.
Фота аўтара.
Подробную информацию читайте в номере 93 – 94 от 27.04.2011 г.