ФНа палетках прыватнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Азярыцкі – Агра” прыступілі да масавай уборкі капусты. Пад белакачанную ў гэтым годзе гаспадарка адвяла сорак гектараў. Добры догляд, выкананне ўсяго тэхналагічнага ланцужка па вырошчванню гэтай культуы далі добры плён. Па стану на 20 кастрычніка ў гаспадарцы прыбрана 6 гектараў, з якіх, пры ўраджайнасці ў 403 цэнтнеры, атрымалі 242 тоны капусты.
— І гэта яшчэ не самы высокі паказчык па ўраджайнасці, — зазначае ў размове з карэспандэнтам начальнік вытворчага ўчастка “Слабада” ПСУП “Азярыцкі – Агра” Васілій Давыдзенка. — Пакуль што зрэзалі качаны толькі па ўскрайках і на не самых лепшых участках. Таму разлічваем на лепшы вынік.
Падчас масавай уборкі агародніны гаспадарцы цяжка абыйсціся без старонняй дапамогі. Таму на палетках можна ўбачыць не толькі работнікаў гаспадаркі. Штодзень у Азярыцкую Слабаду прыбывае аўтобус ААТ “ТБЗ Усяж”, накіроўваюць сюды людзей цэнтры занятасці насельніцтва з Смалявічаў і Жодзіна. Атрымоўваецца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва — гаспадарка атрымоўвае рабочыя рукі, а людзі — магчымасць зарабіць і зрабіць запасы агародніны на зіму.
Па полі побач з работнікамі, якія старанна завіхаліся, зразаючы качаны па-старому, няспешна рухаўся капустаўборачны камбайн. Насамрэч, такая няспешнасць толькі ўяўная. Бо, калі мы пацікавіліся ў В. Давыдзенкі выніковасцю працы, то аказалася, што адзін чалавек за дзень зразае каля тоны капусты. А пры дапамозе камбайна ўбіраецца 35 — 40 тон качаноў за дзень. Простая арыфметыка паказвае, што тэхніка ў разы паскарае працэс уборкі. Пры гэтым, як запэўніў нас начальнік вытворчага ўчастка, якасць прадукцыі ад механізацыі не церпіць. Хаця, трэба зазначыць, што нават сучасны камбайн для ўборкі капусты патрабуе пэўнай увагі і адпаведнага персаналу. Па-першае, агрэгат не самаходны, а агрэгаціраваны да трактара, за баранкай якога ў той дзень, калі мы пабывалі на полі, знаходзіўся Анатолій Бацяноўскі. За пультам камбайна, рэгулюючы нажы па вышыні і іншыя параметры, знаходзіўся аператар Аляксандр Мультан. А непасрэдна працэс падачы качаноў на транспарцёр камбайна кантралявалі паляводы Жанна Барткевіч і Пётр Ліпніцкі. А на адвозцы прадукцыі ў сховішча быў задзейнічаны Аляксей Дрозд.
Мы ўпэўнены, што за механізацыяй — будучыня сельскай гаспадаркі. І менавіта ў ПСУП “Азярыцкі-Агра”, дзе з дапамогай “Белаграпрамбанка” за апошнія некалькі гадоў закупілі шмат сучаснай, высокапрадукцыйнай тэхнікі, гэта разумеюць выдатна. Але ж і без чалавека нельга абыйсціся.
Капуста на палетках “Азярыцкага – Агра” — заглядзенне: чыстая, сакавітая, качаны крэпенькія. Восем гатункаў — і раннія, і познія — вырошчвалі ў гэтым годзе, каб забяспечыць попыт і густ рознага пакупніка.
Нагадаем, што сельгаспрадпрыемствы раёна ўжо завяршылі ўборку бульбы. Яе атрымалі 10404 тоны (ураджайнасць — 254 цэнтнеры з гектара). Таксама выбралі і моркву, якой атрымалі 979 тон (ураджайнасць — 252 цэнтнеры з гектара).
Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.
На здымку: паляводы ПСУП “Азярыцкі-Агра” Жанна Барткевіч і Пётр Ліпніцкі.
Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.
Информацию читайте в номере 244 – 247 от 22.10.2011 г.