Вераснёўскім ранкам, у мінулую суботу, ледзь не ўвесь наш горад сабраўся на цэнтральнай плошчы. І нагода для гэтага выдатная: смалевічане адзначалі 565-годдзе Смалявічаў і святкавалі “Дажынкі-2013”. Горад – памаладзелы ў святочным убранні. І жыхары ў добрым настроі, прыемна, што нашы хлебаробы з важкімі здабыткамі ў працы прыйшлі да свята.
Крыху азмрочвала свята халоднае надвор’е, і ўрачыстую частку давялося правесці ў гарадскім Доме культуры.А пачалося свята з велічнай песні пра родны край, з якой выступіў госць свята — Беларускі дзяржаўны хор імя Цітовіча. Яго змянілі знакамітыя “Гуды” – капэла беларускіх народных духавых інструментаў, якая абвясціла аб пачатку ўрачыстасцей. І першым да ўсіх прысутных звярнуўся тэатральны Князь Астрожскі, гетман Вялікага княства Літоўскага, адзін з уладальнікаў старажытных Смалявічаў, з наказам “каб люд смалявіцкі працягваў добрыя традыцыі і працай услаўляў свой край”.
Артысты, сярод якіх была і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, у тэатралізаваных дзеях узнавілі адметныя старонкі гісторыі Смалявіччыны: вось у Верхань прыязджае малады настаўнік Лабановіч (па матывах твора Якуба Коласа), вось ваенныя карціны, вось вяртаюцца з фронту пераможцы... І ўсе гэтыя падзеі суправаджаюцца песнямі ў цудоўным выкананні хору імя Цітовіча.
Падзяліць радасць святочных урачыстасцей прыехалі да нас шматлікія госці з гарадоў-пабрацімаў, з Кагальніцкага раёна Растоўскай вобласці, з Беларэчанска Краснадарскага краю, з якімі наш раён актыўна наладжвае братэрскія сувязі і супрацоўніцтва ў эканоміцы і культуры, маладзёжным руху. У складзе дэлегацый – прадстаўнікі адміністрацыі гарадоў-пабрацімаў, творчыя калектывы. Шчырымі словамі, святочнымі песнямі віталі яны наш горад-юбіляр і ўсіх смалевічан. Прыехалі таксама госці з Мыцішчаў Расійскай Федэрацыі, з Жодзіна і Лагойска, а таксама дэпутаты беларускага Парламента Яўген Карашкоў і Ілья Мурашка, першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінскага аблвыканкама Юрый Мікалаевіч Гарноў, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Руслан Іванавіч Трухан.
Наступная старонка ўрачыстасцей – свята Ураджаю. Яно прыходзіць да нас, калі пакідае поле апошні камбайн, калі машыны перавязуць у засекі сабранае збожжа, і з палёгкай уздыхнуць хлебаробы – будзем з хлебам! Дзяўчаты ў нацыянальным убранні пачціва паднеслі духмяны каравай першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вячаславу Мікалаевічу Лапатку, які цёпла павіншаваў усіх прысутных са знамянальнымі падзеямі, адзначыў, што смалевічане прыйшлі да свята з добрымі здабыткамі, зладжана і прадукцыйна працуюць у раёне прамысловасць, сельская гаспадарка, арганізацыі сацыяльнай сферы. І ў такой атмасферы і святкаваць прыемна.
Вядучыя тым часам запрасілі на сцэну галоўных арганізатараў вытворчых працэсаў па вырошчванні і ўборцы ўраджаю – кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Віталя Мікалаевіча Казлова (“Шыпяны-АСК”), Ніну Вікенцьеўну Жалязнову (“Азярыцкі-Агра”), Віталя Раманавіча Патыла (“Пятровічы”), Міхаіла Пятровіча Кананенку ("Смалявіцкі райаграсервіс”), Андрэя Ігаравіча Хайбуліна (“Штотц Агра-Сервіс”), Мікалая Васільевіча Казлова (СВК “Першамайскі”, філіял ААТ “БелАЗ”), Анжаліку Пятроўну Гушчэня (“ЖодзінаАграПлемЭліта”), Сяргея Генадзьевіча Рамчанку (“Смалявічы Бройлер”), Казіміра Эдмундавіча Сабалеўскага (“Смалявічы-Сузон”). Ім таксама былі ўручаны караваі ўраджаю сёлетняга года – як вышэйшая ўзнагарода за вынікі жніва.
Словы падзякі хлебаробам і тым, хто забяспечваў стваральную працу ўсіх удзельнікаў жніва, выказаў у сваім выступленні Юрый Мікалаевіч Гарноў і ўручыў Ганаровыя граматы аблвыканкама групе лепшых прадстаўнікоў гаспадарак раёна, перадавікам жніва-2013. У іх ліку — дырэктар сельгаспрадпрыемства “Першамайскі” Мікалай Васільевіч Казлоў, галоўны інжынер гэтай гаспадаркі Анатоль Пятровіч Бараніхін, галоўны аграном РУСП “Шыпяны-АСК” Генадзь Валер’евіч Шэршань, галоўны энергетык прадпрыемства “Смалявічы-Сузон” Сяргей Аляксандравіч Красноўскі, а таксама галоўны заатэхнік ААТ “Смалявіцкі райаграсервіс” Валянціна Аляксандраўна Лашук – за лепшыя вынікі ў галіне жывёлагадоўлі.
Затым на сцэну зноў выйшаў В.М.Лапатка, каб уручыць узнагароду пераможцу раённага спаборніцтва сярод сельгаспрадпрыемстваў і іншых прадпрыемстваў, занятых на жніве-2013, РУСП “Шыпяны-АСК", якую прыняў яго кіраўнік Віталь Мікалаевіч Казлоў.
Э.ПАТАПЧЫК.
НА ЗДЫМКУ: караваі – кіраўнікам гаспадарак раёна.
Фота А.ВАЛАДЗЬКО.
Подробную информацию читайте в номере 231 – 232 от 02.10.2013 г.