Пасляваенныя сляды немаўляці, якое партызаны збераглі ад смерці, стоячы не адзін дзень у балоце, карэспандэнт адшукала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы

Заўважыла: часта па нейкім дзіўным збегу абставін у ходзе пошукаў адна справа чапляе за сабой нешта іншае. Вось і зараз, збірала некаторы час таму матэрыял пра партызана брыгады «Разгром» і вокам зачапілася за словы жонкі камандзіра Дзярабіна. Яна апавядала, што аднойчы партызанам прыйшлося ратавацца ад немцаў у балоце, стоячы амаль суткі па пояс у вадзе. Сярод іх была жанчына з немаўляткам, і, каб уратаваць яго, байцы сушылі на выцягнутых руках анучкі, у якія было захутана дзіця,сагравалі іх пад пахамі. Мо таму, што чула, як дзеля выратавання цэлага атрада альбо жыхароў вёскі, якія хаваліся ад карнікаў, ахвяравалі вось такім маленькім чалавечкам, гэты выпадак трывала засеў у галаве, не даючы спакою. А калі знайшла яшчэ адну зачэпку – нібыта пасля вайны дзіця стала артыстам аднаго з тэатраў, – вырашыла: буду шукаць. Хоць і разумела, што гэта тое самае, як шукаць у балоце адзіную журавінку. І вось вынік: у адной з жанчын месца і год нараджэння (правярала спісы тэатральных труп) супалі з часам і месцам, дзе адбываліся тыя падзеі. Засталося толькі гэта пацвердзіць альбо…

Патэлефанавала заслужанай артыстцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Тамары Нікалаевай-Апіёк у суботу (не вытрымала душа чакаць да панядзелка) і запытала: ці не яна тое самае немаўля, сляды якога я шукаю?  Тамара Іванаўна пасля невялічкай паўзы выдала: «Так, гэта я. Але… як вы мяне знайшлі?» Прыйшлося «выдаць» маршрут майго расследвання, і са сваёй гераіняй я ўжо сустрэлася ў яе тэатральнай грымёрцы. І, канечне, з той самай дрыгвы мы і пачалі размову.

– Калі мы выйшлі з лесу ў пачатку ліпеня 1944 года, мне быў год і тры месяцы. Тату назначылі парторгам Чэрвеньскай МТС, а пасялілася наша сям’я недалёка ад горада, у вёсцы Старыя Ляды. У маім пасведчанні аб нараджэнні яна і значыцца, але на самой справе я з’явілася на свет у лесе, у партызанскай зямлянцы. Канечне, ведаю пра тыя падзеі толькі са слоў бацькоў.

Мой тата, Іван Дзмітрыевіч Нікалаеў, родам з Расіі, а мама, Лідзія Еўдакімаўна Сямашка, — з вёскі Альхоўка Бярэзінскага раёна. Бацька быў прыпісніком перад вайной ў мамінай вёсцы, там і пазнаёміліся. Клікаў замуж, не згаджалася, другі хлопец быў на прыкмеце. А потым абставіны склаліся зусім па-іншаму, вайна ўсё на свой лад перайначыла. Тата пайшоў ў партызаны вясной 1942 года, быў у «Разгроме». Спачатку байцом, потым камандзірам роты, а далей — атрада імя Суворава. У адным атрадзе «Разгрома» з ім ваявалі родныя брат і сястра маёй маці. Партызаніў яшчэ адзін яе брат Іван, толькі ў другім раёне. Менавіта ён першы пайшоў у лясы, за ім Таня, Оля, Валодзя і дзядуля Дзмітрый. Дома заставаліся толькі бабуля Ганна і мая мама. Нехта з паліцаяў выдаў іх сям’ю, карнікі наляцелі. Але добрыя людзі папярэдзілі, і яны паспелі збегчы ў лес, дзе далучыліся да партызан. Бабуля, як усё сціхла, вярнулася дахаты. Вось у атрадзе мае бацькі і пажаніліся, аднаму 24 гады, другой — 22, потым і я з’явілася на свет 18 сакавіка 1943 года. Роды прымала 32-гадовая ўкраінка Паша Пятроўна, жонка аднаго з партызан. Пасля вайны яна жыла ва Украіне, калі была на гастролях у Львове, мы сустракаліся. Яна абдымала мяне і казала: «Вой ты, мая беларусачка! Вой ты, мая партызаначка! Ты мой беларускі cувенір!». Тата пры нараджэнні сам даў мне імя, казаў, што некалі жыла такая царыца. Пасля нараджэння мяне ўпершыню выкупалі толькі праз тры месяцы. Каб нагрэць ваду, трэба было распаліць вогнішча. А як, калі вакол немцы? Так, былі такія выпадкі, калі маленькія дзеці міжвольна выдавалі партызанскі атрад, цяжка з імі было. Некалі я спыталася ў мамы, чаму яна мяне не ўтапіла ў дрыгве? У адказ пачула: «Што ты такое кажаш? Я б лепей сама патанула». Мама распавядала, што ў сем месяцаў я ўжо навучылася хадзіць. Ні разу не хварэла. Церлі льняное палатно і гэтыя варсінкі, якія сыпаліся з яго, выкарыстоўвалі ў якасці прысыпкі, каб не было прэласці. А яшчэ пылок з мяцёлак высокай травы, яго збіралі ўсе партызаны.

– А ў балоце як апынуліся?

– Са слоў мамы, мне было толькі сем дзён ад роду, калі немцы знянацку пачалі блакаду супраць партызан. Бамбілі самалётамі і пешшу прачэсвалі лес. Тата ў той час з таварышамі пайшоў на чарговае заданне. Мамка несла мяне па лесе на руках, а навокал грымела ўсё, векавыя сосны ад выбухаў ламаліся. Аслабла, прысела на пень, абхапіла мяне рукамі і так сядзела. За атрадам не змагла пайсці, байцы што паспелі на свае плечы ўзваліць, тое і панеслі. Мама пасля родаў яшчэ не адышла, ды я вельмі плакала, а плач рэхам разносіўся па наваколлі. Вось яго і пачула тая самая ўкраінка Паша Пятроўна. Думаю, гэта Божачка яе да нас прывёў. Яна выхапіла мяне ў мамы і сказала: «Выбачай, Ліда, цябе несці не змагу, а дзіця забяру і зберагу. Калі што-небудзь з табою станецца, не перажывай, я ніколі не пакіну Тамарку». Яна пайшла хутчэй у глыбіню дрыгвы, а мама як магла плялася следам. Які інстынкт яе вёў наўздагад за атрадам і сваім дзіцем, што знайшла яна нас у той дрыгве раніцай наступнага дня! Потым партызаны суткі стаялі па пояс у вадзе, анучкі мае сушылі ўсе разам. Я выжыла, дзякуючы толькі ўсім ім. І Божачку, канечне.

Падчас нашай гутаркі ў Тамары Іванаўны некалькі разоў мяняліся настрой і эмоцыі. Мяркую, не з-за таго, што, будучы артысткай, прафесійна валодае гэтым уменнем. Тут іншае — сапраўды роднае і балючае, якое не трэба іграць на публіку. Некалькі разоў жанчына ўслых задавала адно і тое ж пытанне: «Мяне столькі разоў Божачка і анёлы ратавалі. Можа, так трэба было? Значыць, не проста так, а дзеля чагосьці?». Не сумняваюся. Усе мы розныя і па характару, і па яго сіле. Адзін чалавек, перажыўшы цяжкасці, ламаецца, апускае рукі, альбо проста плыве як рыба па плыні: куды занясе, там і добра. Другі, наадварот, чым  больш балюча яго малоцяць, тым мацней ён становіцца. І вось гэтая самая партызанская дачушка, маленькая журавінка, якая нарадзілася на сырых паліцах зямлянкі, выжыла, выйшла з таго страшэннага балота, прайшла доўгі і складаны шлях, стаўшы вядомай тэатральнай зоркай. А талент сваёй дачцэ дараваў менавіта бацька Іван, а можа… крыху і Божачка дадаў.

— Тата быў вельмі творчым чалавекам. Выдатна іграў на балалайцы і тульскім гармоніку, ніхто яго гэтаму не вучыў, сам. Цудоўна танцаваў і спяваў. З ранняга дзяцінства ён вадзіў нас на спектаклі ў Рускі тэатр, заўсёды атрымліваў запрашальныя білеты. У Купалаўскі таксама хадзіла, мы жылі побач з Галінай Кляменцьеўнай Макаравай. Ніколі не забуду як яна іграла Кікімару ў «Аленьком цветочке». Маленькая была, а ўжо з захапленнем глядзела на Аляксандру Іванаўну  Клімаву і Аляксандра Фёдаравіча Кістава. Мама ніколі не хацела, каб я стала артысткай, а тата быў неверагодна шчаслівы ад гэтага.

– А  калі быў ваш бенефіс? Дзе ўсё пачыналася?

– Калі ў класе чацвёртым пайшла на заняткі лялечнага гуртка. Недалёка ад нашай хаты знаходзіўся Палац піянераў па вуліцы Кірава. Там і адбылося маё першае выступленне на сцэне. Пазней, калі пабудавалі Палац прафсаюзаў, пайшла туды. У дзіцячай тэатральнай студыі іграла хлопчыка Кая ў «Снежнай каралеве» — адна з галоўных роляў, дзе шмат тэксту. А Ала Доўгая (купалаўская Паўлінка), старэйшая за мяне на чатыры гады, наведвала дарослую тэатральную студыю. Так што, са сцэны Палаца прафсаюзаў многія пачыналі. Калі  вучылася ў класе сёмым ці восьмым, драматычная студыя адчынілася на Камуністычнай, дзе размяшчалася першае тэлебачанне. Маім настаўнікам стала Клаўдзія Акімаўна Казакова — былая актрыса Рускага тэатра. Яна вяла наш калектыў, рыхтавала дыктараў… Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы я вырашыла пайсці ў тэатральна-мастацкі інстытут, але… пабаялася, што не хопіць сіл.

– І ў такім выпадку многія кідаюцца, як кажуць, з адной крайнасці ў другую.

– Нешта падобнае спачатку адбылося і ў мяне. Я вельмі любіла хімію і падала дакументы на хімічны факультэт БДУ. Але, дзякуй Богу, не паступіла. Уладкавалася на завод мантажніцай тэлевізійнага цэха, бо мая 50-я школа ў свой час была падшэфная «Гарызонту». У 17 гадоў працавала ў тры смены, асабліва баялася начной, каб не заснуць. Выпускалі мы тады тэлевізары «Беларусь-5», якія сумяшчалі радыепрыёмнік, радыёлу і сам тэлевізар. Дык вось, я і там паспела праславіцца. Недзе дома захоўваецца часопіс «Маладосць», у якім пра мяне напісалі. Аднойчы пачула, што ў Мінску праводзіцца конкурс дыктараў, больш за 200 чалавек на месца. І я прайшла! Толькі мяне аформілі на стаўку памочніка рэжысёра ў дзіцячай рэдакцыі. Працавала пад кіраўніцтвам выдатнейшага і дзіўнага чалавека, жанчыны, настаўніка — Ганны Іванаўны Пінігінай.

– І ўсё ж знайшлі ў сабе смеласць пайсці ў тэатральна-мастацкі інстытут, пра які марылі?

– Так, за плячыма была добрая школа. У 1966 годзе скончыла акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, курс выдатнейшага педагога Уладзіміра Андрэевіча Маланкіна. У інстытуце  пазнаёмілася з будучым мужам, які вучыўся на аддзяленні тэатральных мастакоў. І ў тым жа 1966 годзе  выйшла замуж і стала актрысай Гродзенскага абласнога драмтэатра, дзе служыла дзевяць гадоў. І муж там працаваў мастаком-пастаноўшчыкам. У Гродне ў нас нарадзілася дачушка Наталля.

– Магчыма, ў самым пачатку творчай дзейнасці былі самыя запамінальныя ролі? Не думаю, што акцёр можа назваць, якія больш любіў, а якія менш. Кожная — асаблівая, і нават адну і тую ж ролю двойчы аднолькава не паўтарыць.

– Мне пашчасціла іграць у Гродзенскім драмтэатры Раксану ў «Сірано дэ Бержэрак», Кацярыну ў «Навальніцы», прынцэсу Турандот… Іграла ў спектаклях Петрашкевіча, Макаёнка… Ой, гэта быў выдатны калектыў і надзвычайны рэжысёр — заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР Аляксандр Пятровіч Струнін. Яны многаму мяне навучылі, бо самае галоўнае для актрысы — практыка. Шэсць дзён запар даводзілася іграць у адной і той жа п’есе. Нагрузка каласальная, як маральна, так і фізічна. А я такі чалавек, што не магу штампаваць сваіх герояў. Кожнага трэба пражыць, прапусціць праз сябе, праз сэрца. І потым, на тое, як акцёр выканае ролю, можа паўплываць абстаноўка ў сям’і, грамадскім транспарце, магазіне… А на сцэне ўсё гэта адыходзіць на задні план, трэба ўсё выкінуць з галавы. У 1972 годзе  атрымала званне Заслужанай артысткі БССР.

– І з 1975 года Вы актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

– Амаль 50 гадоў служу аднаму тэатру. Разам са мной працавалі і працуюць сапраўдныя гераіні. І Галя Талкачова, і Машанька Захарэвіч, і Ніна Пескарова… Многа хто, хай ім Бог дае здароў’я. А Стэфанія Міхайлаўна Станюта! З ёй я працавала ў адным спектаклі «Тры Іваны — тры браты» Артура Вольскага, «Гарольд и Мод»… У нас працавалі рэжысёры Коля Пенігін і Валодзя Савіцкі. Колькі яны паставілі выдатных спектакляў! Мне прапаноўвалі здымацца ў фільмах, але я не хачу, нават у эпізодах. Гэта зусім іншае і вельмі цяжкае, не маё.

– Але ж і Вы сваю кропку яшчэ не паставілі, хай Божачка і Вам  здароўя дае. Хацела яшчэ спытаць: двум творчым людзям цяжка ў адной сям’і?

– Не. Я вельмі ўдзячна свайму мужу за тое, што ён навучыў цярпенню, спакою, уменню распазнаваць стаўленне да цябе людзей, адрозніваць подласць ад сапраўднага. Я шчаслівы чалавек. Наша дачка Наталля жыве ў Маскве, яна цудоўны скульптар. Яе работы ёсць і ў Мінску, і ў Маскве. Дарэчы, мой тата ўсім перадаў творчы талент. Мая малодшая сястра Святлана ў свой час скончыла мастацкую акадэмію, вельмі добры мадэльер, выкладала выяўленчае мастацтва ў ДШМ. Яе сын  спявае ў Берлінскім оперным тэатры. Толькі вось ўнучка пайшла на эканамічную спецыяльнасць, крыху разбавіла нашу творчую сям’ю.

Гутарыць з такім цікавым чалавекам можна доўга, мы ж прагаварылі крыху больш за дзве гадзіны. І тое, лічу, даведалася зусім няшмат. То смяяліся разам, то размаўлялі пра сур’ёзнае… Потым у кафэ елі дранікі з мясам і пілі морс, мусіць журавінавы. А я слухала апавяданні сваёй суразмоўцы, глядзела на яе і думала: «Які ж дзіўны і цікавы Вы чалавек, партызанская Журавінка».

КАРОТКАЯ ДАВЕДКА: «Партызанская брыгада «Разгром» створана ў кастрычніку 1942 года, дзейнічала ў Чэрвеньскім, Барысаўскім і Смалявіцкім раёнах. Злучылася з часткамі Чырвонай Арміі 2 ліпеня 1944 года ў складзе шасці атрадаў агульнай колькасцю 1 721 партызан. Недалёка ад смалявіцкай вёскі Стрыева знаходзіцца мемарыял «Разгром» — месца, дзе ў свой час базіраваўся атрад. Свой музей адно з буйнейшых партызанскіх фарміраванняў мае і ў сценах школы вёскі Кляннік».

Наталля ЧАСАВІЦІНА.

Фота з адкрытых крыніц.