Ёсць такая краіна, якую немагчыма знайсці на геаграфічнай карце. Але яна існуе і жыве ў сэрцы кожнага з нас. Мы называем яе па-рознаму: “родны кут”, “родная старонка”, “малая радзіма”. Але часцей усяго – гэта “бацькаўшчына”. У кожнага чалавека яна свая адзіная і непаўторная.
Сапраўды, найдаражэйшым кутком для кожнага чалавека будзе тая мясціна, дзе ён нарадзіўся, тая калыска, якая яго ўзгадавала, і з якой кожны з нас, як тая птушка, паляцеў у свет.
Але малая радзіма – паняцце больш шырокае. Яно ўвабрала ў сябе яшчэ і народныя традыцыі, і звесткі пра людзей, якія пакінулі пасля сябе добры след. Гэта і ўсё наваколле, якое аказвае вялікі ўплыў на фарміраванне нашага светапогляду, на наша станаўленне як асобы, як чалавека.
Сёння хочацца павесці гаворку пра такія населеныя пункты Усяжскага сельсавета як Ізбіцкае і Высокае. Здаўна гэты куточак быў звязаны з жыццём нашых далёкіх продкаў, сваякоў і блізкіх мне людзей. Гэтыя мясціны я таксама лічу сваёй малой радзімай.
У далёкія гістарычныя часы нашы прашчуры абжывалі гэтыя мясціны, пілілі і сплаўляі лес, асушалі балоты вакол Высокага і Ізбіцкага, будавалі і рамантавалі дарогу, па якой і сёння ездзім у Лагойск і Мінск. Іх умелымі рукамі быў пабудаваны Высоцкі млын. Яны заўсёды многа і шчыра працавалі на зямлі – і на сваёй, і на панскай.
Жыхары гэтых мясцін былі добрымі бачкарамі. У архіўных дакументах 1897 года значыцца, што жыхары вёсак Трубічына, Ізбіцкае, Высокае, Шпакоўшчына займаліся бондарным промыслам, продажам жывёлы і сплавам лесу. У дакументах мне сустрэліся паняцці “ізбняк”, “лясы ізбяныя”. Магчыма, адсюль і пайшла назва Ізбіцкае.
Вёскі Ізбіцкае, Высокае, Трубічына, Шпакоўшчына, згодна інвентару 1844 года, належылі да маёнтка Астрашыцкі Гарадок графа Іосіфа Міхайлавіча Тышкевіча. Значыўся там і фальварак Высокае, што знаходзіўся ў пажыццёвым уладанні межавага суддзі Аляксандра Дамброўскага. У 1853 годзе граф Тышкевіч аддзяляе вёску Высокае разам з навакольнымі лясамі і землямі і прадае гэтую частку сваіх уладанняў Роберту Антонавічу Радзевічу. З таго часу маёнтак пачаў насіць назву “Высокае”.
Роберт Антонавіч Радзевіч загадаў перанесці мясцовыя могілкі з высоцкай гары ў тое месца на Ізбіцкім, дзе яны знаходзяцца і цяпер. Людзі казалі, што не ўсе змаглі перанесці сваіх памерлых на новае месца пахавання.
А на месцы, дзе былі могілкі, памешчык Радзевіч пабудаваў свой маёнтак. У 1867 годзе гаспадар маёнтка памёр, уладальніцай маёмасці стала яго адзіная дачка Марыя Габіх. Але яна не вельмі клапацілася пра развіццё гаспадаркі. Жылі з мужам тым, што пілілі і прадавалі лес, а ўзнаўленнем пасадак зусім не займаліся. І ўрэшце прадалі маёнтак памешчыку Мікалаю Іванавічу Дзямідаву. Гэта быў сапраўдны гаспадар, многа рабіў добрых спраў і для сябе, і для людзей з навакольных вёсак. Гэта яго заслуга, што на рацэ Усяжа быў пабудаваны млын, які называлі Высоцкім і які потым быў аднесены да помнікаў прамысловай архітэктуры. Дзямідаў займаўся ўмацаваннем дамбы пры млыне, падтрымліваў у добрым стане дарогу, якая і цяпер вядзе ў Лагойск. Насельніцтва падтрымлівала задумы свайго пана. Гэта іх рукамі ствараўся гэты дабрабыт.
Да гэтых заслуг трэба дадаць яшчэ і тое, што Мікалай Дзямідаў унёс вялікі матэрыяльны ўклад у Ізбіцкую царкоўна-прыходскую школу, што была адчынена ў 1908 годзе. Знаходзілася школа ў панскім маёнтку, і Дзямідаў падтрымліваў установу сродкамі і ўвагай. Навучанне ў школе доўжылася два гады, спачатку яе наведвалі толькі хлопчыкі, а пазней на вучобу пачалі прымаць і дзяўчынак. Навучаліся тут дзеці не толькі з Ізбіцкага, але і з Высокага, Трубічына, Шпакоўшчыны. Штат складаўся з двух супрацоўнікаў: настаўніка і святара. Ёсць звесткі, што ў 1910 годзе ў школе вучыліся ўжо 50 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак. Настаўніцай працавала Вера Вашчанка, а святаром — Іван Пашын.
У 1922 годзе школа атрымала назву “Ізбіцкая савецкая працоўная школа”.
У пачатку 1914 года Дзямідаў прадае маёнтак братам Сяргею і Івану Людвігавічам Бараноўскім, ім засталася вялікая і моцная гаспадарка. Меўся жылы дом гаспадара, тры дамы для рабочых, шмат гаспадарчых пабудоў. Былі ў гаспадарцы свая кузня, канюшня, лядоўня, капцільня, многа сельгасінвентару і машын, у асноўным, замежнай вытворчасці. Добры прыбытак давалі рыбная гаспадарка і вялікі сад, які займаў чатыры дзесяціны зямлі. Сапраўдным упрыгожаннем маёнтка былі жалезныя каваныя вароты на заездзе ў двор з боку дарогі.
Але па-сапраднаму разгарнуцца новым гаспадарам перашкодзілі спачатку нямецкія, а потым польскія акупанты ў 1918 годзе, якія ўстанавілі рознага роду падаткі з кожнага двара, забаранілі вывозіць прадукты харчавання на продаж у Мінск, забралі ў жыхароў большуя частку іх ураджаю. Каб уратаваць маёмасць, сяляне вымушаны былі хаваць жывёлу ў лесе. А ў 1919 годзе напаткала і яшчэ адно ліха: тыф, ад якога памерла шмат жыхароў навакольных вёсак.
Памешчыкі Бараноўскія таксама дапамагалі школе. Настаўніцай у той час працавала іх сястра Аляксандра Людвігаўна Ельніцкая. Захаваліся дакументы аб тым, што настаўніца звярталася ў Мінскую павятовую ўправу з прапановай выдаткаваць грошы на выпіску школе газет, часопісаў і кніг. Прапанова яе была задаволена. Збіралася працаваць у школе і яшчэ адна сястра Бараноўскіх – Маргарыта Людвігаўна, якая ў сваёй заяве да ўлады пісала, што з’яўляецца слухачкай Петраградскіх курсаў новых моў. Але ёй адмовілі, а маёнтак у хуткім часе быў нацыяналізаваны. Ішоў ужо 1918 год.
У сувязі з ваеннымі дзеяннямі 1919-1920-х гадоў маёнтак быў разрабаваны. І пазней школа зноў пераводзіцца ў Высокае, у той жа самы напаўразбураны будынак. Камісія, якая наведалася ў школу, адзначыла вельмі кепскія ўмовы для работы школы. Са школьных прылад для 41 вучня налічвалася 6 сшыткаў, адзін аловак, адна бутэлечка чарніла, меўся глобус, два камплекты азбукі, чатыры геаграфічныя карты, класная мэбля была паламана.
Настаўніца Лізавета Аляксееўна Івакова, якая ў тыя гады працавала ў школе, неаднаразова звярталася да ўлад з прапановай пабудаваць школу ў Ізбіцкім, бо гэта было зручным для большасці вучняў з навакольных вёсак і хутароў. І ўлады прыслухаліся. У 1926 годзе ў вёсцы Ізбіцкае з’явіўся свой школьны будынак. Старэйшы жыхар гэтай вёскі Яўген Мікалаевіч Шымановіч у размове ўспамінаў, што і ён вучыўся ў той школе. З архіўных дакументаў бачна, што навучалася 65 вучняў у двух класах. Заняткі праводзілі два настаўнікі. Праіснавала школа да сярэдзіны 70-х гадоў. З таго часу ізбіцкія дзеці далейшую вучобу працягвалі ў Усяжскай сярэдняй школе. А пасля закрыцця школы ў Ізбіцкім у будынку размяшчаліся і клуб, і бібліятэка.
Але Ізбіцкае працягвае жыць, хоць сённяшняе яе жыццё не такое насычанае, як было некалі. Пражываюць тут і людзі паважанага ўзросту. Гэта Яўген Мікалаевіч Шымановіч, Надзея Яўгенаўна Шымановіч, Ніна Антонаўна Радкевіч. А дапамагае гэтым людзям у штодзённым жыцці добразычлівая энергічная жанчына — Наталля Георгіеўна Шымановіч, якая з’яўляецца сацыяльным работнікам і адначасова дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў.
Хочацца спадзявацца, што дзеці і ўнукі тых людзей, якія сезонна пражываюць у вёсцы і каго тут называюць “дачнікамі”, таксама палюбяць гэтыя прыгожыя мясціны, зацікавяцца іх гісторыяй і захочуць зрабіць штосьці карыснае для росквіту гэтай зямлі.
Валянціна Мікалаеўна КАЗАК, вёска Шпакоўшчына.