Біблейскае таварыства Рэспублікі Беларусь – гэта арганізацыя, якая аб’ядноўвае ўсе хрысціянскія канфесіі. Таварыства займаецца распаўсюджаннем біблейскай і іншай духоўнай літаратуры сярод насельніцтва і, між тым, з’яўляецца буйнейшым распаўсюджвальнікам хрысціянскай літаратуры ў рэспубліцы. Акрамя таго, біблейскае таварыства рэгулярна прапаноўвае асветніцкія праекты і дабрачынныя мерапрыемствы. З 2009 года арганізацыя ажыццяўляе дабрачынны праект “Бібліятэка для адукацыі моладзі”. Гэты праект быў арганізаваны, каб забяспечыць бібліятэкі і музеі краіны камплектамі духоўнай літаратуры, якая б дапамагала маладым людзям выбраць свой жыццёвы шлях. На гэтым тыдні Цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Багдановіча таксама атрымала камплекты такой літаратуры і для дзяцей, і для дарослых. Біблейскія энцыклапедыі, святыя Евангеллі і Псалтыры з буйным шрыфтам для людзей са слабым зрокам, Біблія ў ілюстрацыях, а таксама Біблія на камп’ютарных носьбітах і камп’ютарныя даведнікі “Падарожжа па Біблі” – усё гэта стала здабыткам бібліятэкі.
– Цяпер смалевічане змогуць у любы час скарыстацца новай духоўнай літаратурай, – кажа кіраўнік аддзела дабрачынных праектаў Анатоль Мікалаевіч Грэбень. – А Біблія ў электронным варыянце, спадзяюся, пашырыць папулярнасць хрысціянскай літаратуры сярод моладзі.
Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.