«Юбілей» Юбілей! Запрашаем гасцей!» — пад такім дэвізам прайшоў канцэрт у Арэшнікаўскім Доме культуры, прысвечаны 40-годдзю з дня адкрыцця гэтай установы культуры.
«Юбілей» Юбілей! Запрашаем гасцей!» — пад такім дэвізам прайшоў канцэрт у Арэшнікаўскім Доме культуры, прысвечаны 40-годдзю з дня адкрыцця гэтай установы культуры.
У холе размясцілася выстава «Мой край! Мае землякі!», якая расказала пра людзей, якія ў розныя гады працавалі ў клубе, — загадчыцу 70-ых гадоў Валянціну Іванаўну Хадасевіч і дырэктара СДК з 1988 па 2002 год Валянціну Паўлаўну Саковіч; спявачку з вёскі Ганчароўка Ларысу Уладзіміраўну Мультан, якая шмат гадоў была салісткай народнага ансамбля «Дударыкі».
Фотавыстава «Нашы будні — вашы святы» адлюстравала канцэртную дзейнасць ДК за апошні год: свята вёскі і Дзень пажылых людзей у Ганчароўцы; спартыўнае свята; «Гуканне вясны», «Зажынкі» ў вёсцы Слабада; каляндарна-абрадавае свята «Багач»; канцэрты, прысвечаныя Дню маці, 8-му Сакавіка, 23 лютага, 9-га мая; тэатралізаваныя прадстаўленні з гульнёвай праграмай «Купалле», «Навагодні карагод», «Парад мод»; мітынгі, прысвечаныя памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны ў Арэшніках; выступленні ў вёсках Грыва і Дынараўка…
Наведвальнікі маглі палюбавацца прыгожымі карцінами, вышыванымі рукамі Наталлі Ласіцкай з вёскі Ганчароўка; здзівіцца разнастайнасці вырабаў, звязаных Наталляй Міхайлаўнай Казлоўскай; пазнаёміцца са сцэнарыямі, напісанымі В.Ф.Кавалевіч; зацікавіцца работамі ўдзельнікаў гуртка «Нітачная мазаіка» (кіраўнік Л.У. Цыбранкова).
Гледачоў у зале сабралася вельмі шмат. «Мы прыйшлі паглядзець на нашых баб», — гаварылі мужчыны з вёскі Вадзіца. «А мы хочам падтрымаць нашу маму. Яна хадзіла ў клуб больш за 25 гадоў, была салісткай. Сёння будзе пець задзірыстыя прыпеўкі», — казалі родныя і блізкія бабы Жэні (Яўгеніі Аляксандраўны Кашэль). З вёскі Ганчароўка прыехалі прыхільнікі творчасці Марыі Аляксееўны Ласіцкай і Ларысы Уладзіміраўны Мультан. Прыйшлі родныя, блізкія, суседзі, сябры ўсіх удзельнікаў. А іх было таксама нямала: пяцігадовая таленавітая дзяўчынка Варвара, дзіцячая вакальная група «Вясёлка», жаночая вакальная група «Настальжы», група «Крэатыў» (Валянціна Саннікава, Ігар Аляксандравіч Хмяльніцкі, Маша Казлоўская, Аляксей Цыбранкоў), вакалісты групы «Караоке» (Саша Вул, Вольга Савіцкая, Валянціна Бароўская, Людміла Цыбранкова), удзельнікі вакальна-інструментальнага гурта «Свежий ветер» пад кіраўніцтвам Антона Маслоўскага (Антон Патылкін, Аляксандр Канюшык, Аляксандр Вул).
Ад імя работнікаў Смалявіцкага аддзела культуры усіх прысутных з юбілеем павіншавала Вольга Іванаўна Барысенка. Яна знайшла добрыя і шчырыя словы для ўсіх супрацоўнікаў установы культуры: дырэктару Л.У Цыбранковай, мастацкаму кіраўніку В.Ф.Кавалевіч, музычнаму кіраўніку і акампаніятару С.В.Кавалевічу, прыбіральшчыцы З.П.Міхейчык, дзі-джэю Сашу.
Усе ўдзельнікі і арганізатары свята дзякуюць Смалявіцкаму аддзелу культуры за падтрымку ў правядзенні гэтага мерапрыемства, у прыватнасці, Вользе Іванаўне Барысенка за слушныя прафесійныя парады і падказкі. Удзельнікі свята, і ў першую чаргу дзеці, шчыра дзякуюць таксама і супрацоўнікам Смалявіцкага хлебазавода за вельмі смачны торт. Яшчэ шчырыя словы хочацца сказаць сацыяльнаму работніку Наталлі Уладзіміраўне Лучанок за мяккія цацкі ў падарунак дзецям.
Спадзяёмся, што для ўсіх гледачоў ён быў цікавым. Пасля канцэрта артысты пілі гарбату, вялі размовы пра выступленне, строілі творчыя планы, абмяркоўвалі пытанне «Ці трэба такім чынам святкаваць падобныя юбілеі?» А як думаеце вы?
В. КАВАЛЕВІЧ, мастацкі кіраўнік Арэшніцкага СДК.