Фальклор… Сапраўдны скарб, своеасаблівы “дакумент”, які праз песні, гульні, абрады і святы распавядае нашчадкам пра тое, як жылі іх продкі стагоддзі таму, як сумавалі, як святкавалі… Лёс ніколі не песціў беларусаў, на нашай зямліцы пакінула жорсткі след, бадай, самая жудасная з усіх навал, вядомых людзям, — Вялікая Айчынная вайна. Але, не гледзячы на выпрабаванні, па сённяшні час жывая творчасць нашага народа, захаваная цудоўная спадчына — паэма жыцця нашых продкаў на ўсіх этапах гісторыі, трапяткое люстра народнай душы, невычарпаная крыніца натхнення і мастацкіх вобразаў для творцаў… Каб пазнаёміцца з тым, што з гэтага каштоўнага скарбу захавана менавіта на Смалявіччыне, прыехалі сюды ў першы зімовы дзень на семінар—практыкум “Комплекснае выкарыстанне разнастайных форм работы ў фальклорным калектыве. Праблемы рэпертуару” супрацоўнікі аддзелаў культуры, кіраўнікі і спецыялісты раённых метадычных цэнтраў народнай творчасці, кіраўнікі гурткоў па фальклору з усіх куткоў Міншчыны.
Фальклор… Сапраўдны скарб, своеасаблівы “дакумент”, які праз песні, гульні, абрады і святы распавядае нашчадкам пра тое, як жылі іх продкі стагоддзі таму, як сумавалі, як святкавалі… Лёс ніколі не песціў беларусаў, на нашай зямліцы пакінула жорсткі след, бадай, самая жудасная з усіх навал, вядомых людзям, — Вялікая Айчынная вайна. Але, не гледзячы на выпрабаванні, па сённяшні час жывая творчасць нашага народа, захаваная цудоўная спадчына — паэма жыцця нашых продкаў на ўсіх этапах гісторыі, трапяткое люстра народнай душы, невычарпаная крыніца натхнення і мастацкіх вобразаў для творцаў… Каб пазнаёміцца з тым, што з гэтага каштоўнага скарбу захавана менавіта на Смалявіччыне, прыехалі сюды ў першы зімовы дзень на семінар—практыкум “Комплекснае выкарыстанне разнастайных форм работы ў фальклорным калектыве. Праблемы рэпертуару” супрацоўнікі аддзелаў культуры, кіраўнікі і спецыялісты раённых метадычных цэнтраў народнай творчасці, кіраўнікі гурткоў па фальклору з усіх куткоў Міншчыны.
— На жаль, Смалявіччына амаль ушчэнт была разбурана падчас Вялікай Айчыннай вайны: менавіта на гэтай тэрыторыі віраваў “Мінскі кацёл”, дзе ў ліпені 44-га былі знішчаны сілы некалі вялікага Трэцяга рэйха… — распачынаючы мерапрыемства, сказала калегам кіраўнік раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Іванаўна Бырысенка. — З руін і попелу пасля падымаўся раён. Таму, менавіта, не вельмі багаты мы на духоўную спадчыну… Але ж, працуем… У мінулым годзе нават упершыню правялі раённы фальклорны фестываль “Святочнае кола”, плануем праводзіць яго кожныя тры гады. Тое, што маем, пакажам вам сёння.
Найперш гасцям было прапанавана пазнаёміцца з аддзелам культуры Смалявіцкага райвыканкама, прэзентавала які яго кіраўнік Галіна Іванаўна Харламава. А затым пра гісторыю Смалявіччыны распавяла захавальнік раённага крязнаўчага музея Паліна Сяргееўна Хлюпнева. Яна расказала прыгожае паданне пра тое, адкуль пайшла назва нашага горада, прынесла з сабою ў танцавальную залу гарадского Дома культуры некаторыя цікавыя рэчы, кнігі, якія захаваны мясцовымі жыхарамі з далёкіх часоў і маюцца ў экспазіцыі раённага краязнаўчага музея.
Жыхары раёна пагодзяцца, што яскравымі зорачкамі нашага краю з’яўляюцца творчыя калектывы, якімі кіруе Алена Міхайлаўна Дзедавец, — народны ансамбль песні “Смаляначка” з гарадского Дома культуры Смалявічаў і ўзорны ансамбль песні “Смолачкі” дзіцячай школы мастацтваў. А.М.Дзедавец прапанавала ўдзельнікам семінара “пабываць” на сваіх ўроках — правяла адкрытыя заняткі з удзельнікамі гэтых творчых калектываў. Таксама ўдзельнікам сустрэчы была прапанавана абрадавая праграма “За сонцам ідзем”, якая ўключае ўсе гадавыя беларускія народныя святы, пачынаючы ад Каляд і Масленіцы і завяршаючы Дажынкамі ў сумесным выкананні “Смолачак” і “Смаляначкі”. Калектывы выканалі таксама некалькі беларускіх абрадавых песень, якія маюцца ва ўласным рэпертуары.
Але ж не толькі цэнтрам горада абмяжоўваецца дзейнасць супрацоўнікаў раённага аддзела культуры па адраджэнню і захаванню фальклору. У мікрараёне Паўднёвы Захад горада Смалявічы працуе ўстанова культуры “Смалявіцкі раённы Дом рамёстваў”, узначальвае які Ірына Мікалаеўна Камінская. І тут працуюць апантаныя справай адражэння народнай спадчыны людзі. У Доме рамёстваў наладжана праца гурткоў “Бацік”, “Рагозапляценне”, “Саломапляценне”, “Бісерапляценне”, “Ласкутнае шыццё”, а таксама клуба народных майстроў “Землякі”. Супрацоўнікі дадзенай установы культуры займаюцца вырабам прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (традыцыйных галаўных убораў з саломкі і рагозы — картузоў, брылёў, дзявочых вясельных вянкоў, — пано з саломы, бісеру, стужак, паясоў з нітак і г.д.). Вельмі ахвотна прэзентуюць гэтыя вырабы на гарадскіх і раённых святах, кірмашах, фэстах, здзяйсняюць іх продаж. Менавіта намаганнямі супрацоўнікаў гэтай установы на Смалявіччыне адроджана традыцыя пляцення паясоў, якія некалі заўсёды ўпрыгожвалі беларускія строі. Кіраўнік установы І.М.Камінская распавяла пра дзейнасць падначаленага ёй калектыву, кожны з кіраўнікоў гурткоў азнаёміў гасцей са сваім напрамкам працы. Удзельнікі сустрэчы таксама пакаштавалі абрадавыя стравы Смалявіччыны, прыгатаваныя і прэзентаваныя супрацоўнікамі Дома рамёстваў.
І ў сельскай мясцовасці нашага краю ёсць што пабачыць прыезджым. Гасцей запрасілі наведаць Куркаўскі СДК, якім кіруе старэйшы супрацоўнік аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама Людміла Аляксандраўна Гівойна. Супрацоўнікі гэтай установы прадставілі ўвазе гасцей абрадавую гульню “Жаніцьба Цярэшкі”. У Куркаве госці таксама паслухалі гарэзныя народныя прыпеўкі ў выкананні частушачніцы Лідзіі Іванаўны Спясіўцавай і прагледзелі гульнёвую праграму “Па працы і адпачынак” ад гурта “Маладзічкі” Усяжскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Святланы Рыгораўны Гушчанскай. Усе прысутныя мусілі прымаць у ёй удзел, і, трэба зазначыць, ніхто гэтым не быў расчараваны…
Не маглі мінуць таксама ўдзельнікі семінара-практыкума Барсукоўскі цэнтр традыцыйнай культуры. Гэтую ўстанову ўдзельнікі семінара наведалі напрыканцы сустрэчы. На ганку ўстановы гасцей традыцыйна сустракалі гаспадары: дырэктар Цэнтра Вікторыя Анатольеўна Колісава і ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Жывіца” (кіраўнік А.В.Перадзеры), які тут працуе. У фае наведвальнікаў чакала выстава майстрыхі Валянціны Фёдараўны Савіцкай, удзельніцы “Жывіцы”, якая з маленства вышывае. Яе працавітымі рукамі вышыты не толькі падушкі, карціны, коўдры, але і сцэнічныя касцюмы народнага фальклорнага калектыву. Удзельнікам семінара прапанавалі прагледзець у выкананні “Жывіцы” фрагмент абраду “Хрышчэнне”, а рабяты з узорнага танцавальнага калектыву “Ніка” пад кіраўніцтвам В.А.Колісавай выканалі беларускія народныя танцы.
Менавіта тут, у Барсукоўскім цэнтры традыцыйнай культуры, праграма мерапрыемства была вычарпана, і ўдзельнікі семінара падводзілі вынікі працы:
— Не гаварыце, што ў вас у раёне няшмат захавана народнай спадчыны… Гэта не так! Мы сёння на ўласныя вочы ў гэтым упэўніліся, усе прысутныя са мною пагодзяцца. У аддзеле культуры Смалявіцкага райвыканкама працуюць людзі, улюбёныя ў сваю справу. Ёсць на Смалявіцкай зямлі і калектывы, якія адраджаюць, захоўваюць традыцыі продкаў, перадаюць іх малодшаму пакаленню, — «вынесла вердыкт» мерапрыемству вядучы метадыст па фальклору Дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Ірына Юр’еўна Смірнова. — Дзякуй вам, шаноўныя, за тое, што запрасілі наведаць ваш раён. Я ўпэўнена, што супрацоўнікі раённых аддзелаў культуры Міншчыны, якія прысутнічалі сёння на семінары, шмат чаго патрэбнага вынеслі для сябе, нешта падгледзелі, нечаму навучыліся… І абавязкова нешта пяроймуць, нешта возьмуць для сваёй працы.
— Пасля наведвання такіх семінараў хочацца працаваць, — шчыра падтрымаў калегу загадчык творчай лабараторыі па фальклору Любанскага раённага аддзела культуры Сяргей Выскварка.
Л.ПРАКАПЕНЯ.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Адкрытыя заняткі з удзельнікамі калектываў «Смолачкі» і «Смаляначка» праводзіць А.М.Дзедавец. 2.Майстрыха В.Ф.Савіцкая са сваімі вышыванкамі. 3. На сцэне Барсукоўскага цэнтра традыцыйнай культуры ўдзельнікі ўзорнага нанцавальнага калектыву «Ніка». 4. П.С.Хлюпнева дэманструе ўдзельнікам семінара гарпун, знойдзены падчас торфараспрацовак. 5.Смалявіцкі пачастунак для гасцей. 6.Фрагмент абрада «Жаніцьба Цярэшкі».
Фота А.ВАЛАДЗЬКО.