Напярэдадні Старога Новага года па смалявіцкіх вуліцах прайшліся калядоўшчыкі з гарадскога Дома культуры. Традыцыйна з Казой, Мішкам, Механошам калядоўшчыкі завіталі ў хаты ветлівых гаспадароў. Жыхары Смалявічаў здзіўляліся і радаваліся візіту калядоўшчыкаў, бо паводле традыцыйных павер’яў, разам з імі ў дом прыходзяць багацце і прыбытак на ўвесь год.

У яркіх касцюмах, з каляднай зоркай, з усімі атрыбутамі Каляды, удзельнікі народнага ансамбля песні “Смаляначка” Ганна Баброўская, Анастасія Валаховіч, Віталь Красуцкі, Алена Казак, Іван Алешка, Андрэй Перэдзерый, разам з супрацоўнікамі ГДК Наталляй Вінцукевіч, Уладзімірам Гаўрыкавым, Ірынай Сацук, Сяргеем Пятроўскім, Леанідам Красінскім, а таксама з маладымі практыкантамі Нікітам Ражковым і Віталіяй Рабчынка ладзілі ў кожнай хаце амаль што тэатральную калядную пастаноўку з песнямі, танцамі, жартамі, забавамі.

Асабліва спадабаліся гасцям “выступленні” Мішкі і Казы. Калі Мішка (Сяргей Пятроўскі) паказваў, які ён таленавіты і на што здатны, то Каза (Ірына Сацук), адпаведна калядным традыцыям, натупаўшыся, падала, і ўзняць гаспадары яе маглі выключна падарункамі і пачастункамі. Не пакінуў без яркіх эмоцый і дуэт цыганак (Наталля Вінцукевіч і Віталія Рабчанка), якія прадказвалі гаспадарам добры лёс і шчасце. Вясёлыя Сора і Лэйба (Анастасія Афанаскіна і Валянцін Мароз) шпарка танцавалі з гаспадарамі вясёлы яўрэйскі танец і спявалі песні.

Але не толькі гаспадарам калядаўшчыкі ў гэты вечар дарылі добры настрой. Усіх людзей, якіх яны сустракалі на вуліцах, віталі, віншавалі са святамі, спявалі ім песні, запрашалі з сабою ў гурт.

Гаспадары шчодра дзякавалі калядаўшчыкам. Пачастункі былі традыцыйнымі – сала, каўбаса, цукеркі, фрукты, якімі “падымалі” з падлогі ”памёрлую” Казу. А для гаспадароў удзячныя калядоўшчыкі спявалі песні, танцавалі, зычылі прыбытку ды здароў’я і абяцалі завітаць на наступнае свята.

Кар. “КС”.

Информацию читайте в № 13-16 от 17.01.2018 г.