Па добрай традыцыі, менавіта ў летнія дні ў розных кутках нашага раёна адзначаюцца святы вёсак. І хоць у нечым яны падобныя адно на другое, аднак свая разынка, свой непаўторны каларыт прысутнічае на кожным мерапрыемстве. Вельмі станоўча, што на такія святы збіраюцца разам мясцовыя жыхары, іх дзеці, унукі, працаўнікі гаспадаркі, а падрыхтаваныя работнікамі культуры, удзельнікамі мастацкай самадзейнасці творчыя нумары ствараюць незабыўную атмасферу для адпачынку.
Свята вёскі Жажэлка Жодзінскага сельсавета таксама сабрала гасцей: прысутнічалі старшыня Жодзінскага сельвыканкама Наталля Антонаўна Мазынская, дэпутат Наталля Мікалаеўна Шыдлоўская, кіраўнікі прадпрыемстваў раёна, былыя аднавяскоўцы, што завіталі на свята ў родныя мясціны.
На сённяшні дзень у вёсцы налічваецца 102 двары, пражываюць 270 жыхароў. З іх 54 чалавекі — моладзь і дзеці, 150 чалавек працаздольнага насельніцтва і 71 сталы чалавек. Цікава прагартаць старонкі гісторыі гэтай прыгожай вёсачкі, бо Жажэлка — адзін са старажытных населеных пунктаў Смалявіччыны. У канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў вёска ўваходзіла ў склад Смалявіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні.
На 1909 год у ёй мелася 23 двары і 140 жыхароў. Да 1917 года колькасць двароў вырасла да 33, а насельніцтва — да 218 чалавек. У вёсцы працавала царкоўна-прыхадская школа граматы.
Савецкая ўлада ў Жажэлцы была ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года. Гэта ўнесла карэнныя змены ў сацыяльна-эканамічныя адносіны, быт і культуру вёскі. На базе старой школы была створана савецкая пачатковая школа, з якой пасля вырасла сямігодка, потым — дзесяцігодка. У 1922-1923 навучальным годзе ў школе вучылася 40 дзяцей. У 1926 годзе ў школе было ўжо 90 вучняў, у тым ліку 22 дзяўчынкі. Пры школе мелася бібліятэка.
Дарэчы, у 1924 годзе Жажэлка стала цэнтрам аднайменнага сельсавета і з’яўлялася ім аж да 1954 года, калі Жажэлкаўскі сельсавет быў ліквідаваны, а вёска ўвайшла ў склад Жодзінскага сельсавета.
У Вялікую Айчынную вайну, з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года, вёска была акупіравана фашыстамі. Яе жыхары зведалі ўсе жахі вайны: голад, бамбёжку, гвалт, грабяжы. Многія аднавяскоўцы загінулі і ў баях з ворагам.
Мінутай маўчання на пачатку мерапрыемства ўшанавалі памяць загінуўшых падчас вайны жыхароў Жажэлкі.
Адраджаючы разбураную вайной гаспадарку, аддаючы ўсе свае сілы роднаму калгасу, працай здабылі сабе пашану Вольга Уладзіміраўна Купрэйчык, Аркадзь Мікалаевіч Купрэйчык, Рыгор Віктаравіч Доўнар, Марыя Мікалаеўна Блецька, Тамара Міхайлаўна Агейчык, Валянціна Іванаўна Клімовіч.
Не засталіся без увагі на мерапрыемстве настаўнікі і ветэраны працы былой Жажэлкаўскай школы Соф’я Рыгораўна Чарніцкая, Зінаіда Аляксандраўна Смолава, Вольга Усцінаўна Залеская, Валянціна Яўхімаўна Бродская, Уладзімір Дзмітрыевіч Бродскі, Людміла Васільеўна Ліпневіч, Надзея Іванаўна Рывіна. Ім былі выказаны цёплыя словы падзякі ад жыхароў вёскі.
Добрыя словы ўдзячнасці былі выказаны і ў адрас загадчыцы дзіцячага садка Таццяны Анісімаўны Баркоўскай, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла працы з дзецьмі; Яўгена Іванавіча Лашука, які доўгі час працаваў вадзіцелем у Жодзінскім аўтапарку, а пасля — ў Смалявіцкім РАНС, а таксама ў адрас ветэрана працы, старэйшага работніка бібліятэкі Валянціны Пятроўны Сіняўскай. На жаль, Валянціна Пятроўна па стане здароўя не змагла прысутнічаць на свяце, аднак увагай і шчырымі пажаданнямі здароўя і даўгалецця яе не абыйшлі.
Па добрай традыцыі, на свяце вёскі адзначылі самага старэйшага і самага маленькага жыхароў вёскі. Так, 12 лістапада 2017 года 90-гадовы юбілей адзначыла Ніна Уладзіміраўна Ткачэнка. Яна — доўгажыхар вёскі. А двухмесячны Максімка, трэцяе дзіця ў сям’і Наталлі і Андрэя Снітковых, — самы маленькі жыхар Жажэлкі.
На святочную пляцоўку запрашаліся і сямейныя пары. Напрыклад, у Таццяны і Рыгора Доўнараў сямейны стаж даволі вялікі — 54 гады! Рыгор Віктаравіч ўсё сваё жыццё адпрацаваў у роднай гаспадарцы, і хоць ужо на пенсіі, але прадаўжае працаваць. Таццяна Мікалаеўна — таксама ветэран працы, 40 гадоў аддала школе. Разам муж і жонка выгадавалі дваіх дзетак, маюць траіх унукаў і праўнучка.
А вось самы малады Жажэлкаўскі сямейны саюз — у Юрыя і Валерыі Шадрыных. Іх шлюбу пакуль толькі два гады.
Гаворачы пра вёску, немагчыма абыйсці ўвагай і сапраўдных гаспадароў, якія робяць свае сядзібы і населены пункт у цэлым прыгажэйшымі і ўтульнейшымі. У Жажэлцы многа дагледжаных падворкаў, што радуюць вочы мінакам. Аднак лепшай на свяце ўсё ж такі названа сядзіба Уладзіміра Мікалаевіча Цітка.
Добры настрой на свяце дапамагалі ствараць ўдзельнікі клубнай самадзейнасці: ансамбль “Родны напеў”, які ўжо амаль трыццаць год цешыць гледачоў сваімі выступленнямі, тэатральны калектыў “Пацешнікі” Жажэлкаўскага СДК, мясцовая моладзь і падлеткі.
Асаблівую, шчырую падзяку за дапамогу ў правядзенні мерапрыпрыемства жыхары Жажэлкі выказваюць і творчаму калектыву Плісскага СДК і яго дырэктару Алегу Сёміну, дырэктару Смалявіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Багдановіча Святлане Віктараўне Чырваненка, дырэктару раённага арганізацыйна-метадычная цэнтра Леаніду Леанідавічу Зязюлю.
Вялікі дзякуй і жыхарам вёскі, і артыстам, і гасцям за цудоўнае, незабыўнае свята!
Ніна КАЗЛОЎСКАЯ, загадчык Жажэлкаўскага СДК.