У мінулую нядзелю, 25 сакавіка, ў Забалацкім сельскім Доме культуры адбыўся раённы конкурс аўтарскай песні “Струны маёй душы”. На суд кампетэнтнага журы, якое ўзначаліла начальнік аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама Галіна Іванаўна Харламава, свае таленты прадставілі дзевяць удзельнікаў з усяго раёна.
У мінулую нядзелю, 25 сакавіка, ў Забалацкім сельскім Доме культуры адбыўся раённы конкурс аўтарскай песні “Струны маёй душы”. На суд кампетэнтнага журы, якое ўзначаліла начальнік аддзела культуры Смалявіцкага райвыканкама Галіна Іванаўна Харламава, свае таленты прадставілі дзевяць удзельнікаў з усяго раёна.
У гэты дзень на сцэне Дома культуры выступалі людзі розных узростаў і прафесій. Унікальнасць такога конкурсу ў тым, што яго ўдзельнікі не з’яўляюцца прафесійнымі аўтарамі ці спевакамі. Іх аматарскія творы часцей нараджаюцца ў невялікіх сяброўскіх кампаніях і вельмі адрозніваюцца ад масавай эстраднай музыкі, якая гучыць на хвалях радыё ці транслюецца па тэлебачанні.
Ацэньваючы выступленні, падчас якіх кожны з канкурсантаў прадставіў па два разнапланавых творы, члены журы ўлічвалі і майстэрства выканаўцы, і сцэнічную культуру, і творчы змест кампазіцый, і шмат іншых аспектаў. Распачаўся конкурс з выступлення Анатоля Яфрэмава, які піша музыку на вершы розных аўтараў. Ён з’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком ансамбля песні “Вадзіца” Станок-Вадзіцкага сельскага клуба, які ў гэтым годзе адсвяткуе сваё пяцігоддзе. У рэпертуары ансамбля – рускія і беларускія народныя песні, прыпеўкі і песні-жарты.
Уразіла слухачоў выступленне Крысціны Мыцько, якая прадставіла Барсукоўскі сельскі Дом культуры. Гэтая дзяўчына ў 12 гадоў напісала першую песню. Сёння ў яе творчай скарбонцы каля 250 твораў. Крысціна з’яўляецца аўтарам музыкі і слоў песень, пераважная большасць якіх прысвечана тэме кахання.
Наступны дуэт выступоўцаў таксама прыехаў для ўдзелу ў конкурсе з аграгарадка Барсукі. Максім Дроб і Аляксей Кузьміных, нягледзячы, на свае рознабаковыя інтарэсы захапляюцца музыкай. Аляксей сумяшчае вучобу ў Барысаўскім дзяржаўным лесаагратэхнічным каледжы з заняткамі ў гуртку эстраднай песні “Карусель” Барсукоўскага СДК. Максім яшчэ школьнік, але ўжо шмат чаго дасягнуў. Ён актыўна ўдзельнічае ў турзлётах, займаецца харэаграфіяй і піша вершы. Песні “Вясна” і “Школьная” хлопцы выканалі пад акампанемент гітары.
Канкурсантка Анастасія Філіпава (Прылепскі СДК) не толькі піша вершы і музыку, але і з’яўляецца рэжысёрам, аўтарам п’ес, мюзіклаў і шматлікіх сцэнарыяў. Анастасія – фіналістка рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Дзень зямлі” і конкурсу імя Пятраркі. Яе беларускамоўныя песні ацаніла і журы.
Вакальна-інструментальны ансамбль “Лініі на далоні” (Пятровіцкі СДК) пад кіраўніцтвам Віталя Счаснюка прадставіў кампазіцыі ў стылі пап-рок. Нягледзячы на тое, што хлопцы стварылі калектыў толькі два гады таму, яны ўжо маюць свайго слухача і з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі разнастайных мерапрыемстваў ў Мінску.
Чуллівыя кампазіцыі прагучалі ў выкананні Аляксандра Луцэвіча (Прылепскі СДК). Песні гэтага аўтара былі прысвечаны воінам, якія загінулі ў Афганістане.
Яшчэ адна група пад назвай “MG” Усяжскага сельскага Дома культуры пазнаёміла прысутных са сваёй творчасцю ў стылі рэп. Максім Абмётка, які, дарэчы, з’яўляецца аўтарам слоў і музыкі, выступае разам з сябрам Уладзіславам Рубанавым. На творчым рахунку Максіма ўжо каля 70 песень, таму выбраць дзве лепшых кампазіцыі для конкурснай праграмы было няпроста.
Канкурсант, які змяніў на сцэне юнакоў, іграе на шматлікіх музычных інструментах, піша музыку і вершы, робіць музычныя аранжыроўкі. Да таго ж, ён дзядуля чатырох унукаў. Сяргей Кавалевіч (Арэшнікаўскі СДК) нікога не пакінуў раўнадушным. Песню “Перамога” спяваў з выканаўцам увесь зал.
Выступленне ансамбля народнай песні “Каліна чырвоная” Забалацкага сельскага Дома культуры стала апошнім у рамках конкурснай праграмы. Пасля кароткай нарады калектыву журы адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Вакальна-іструментальны ансамбль “Лініі на далоні” быў адзначаны за шырокае заахвочванне насельніцтва і асабліва моладзі да лепшых традыцый песеннай творчасці. Дыпломам за развіццё і папулярызацыю самадзейнага аўтарскага музычна-песеннага мастацтва была ўзнагарождана Крысціна Мыцько. Спецыяльны прыз за выкананне аўтарскіх твораў на вершы Вячаслава Зайцава і музыку Мікалая Малаткова атрымаў ансамбль народнай песні “Каліна чырвоная”. Пераможцам раённага конкурса журы адзінадушна абрала Сяргея Кавалевіча. Лепшыя канкурсанты атрымалі спецыяльныя дыпломы і памятныя падарункі. Узнагародай для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства сталі таксама добры настрой і творчы ўздым ад праслуханых аўтарскіх твораў, выкананых няхай і не прафесійна, але вельмі шчыра.
Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.
На здымках: на сцэне Забалацкага СДК Аляксей Кузьміных і Максім Дроб.
Фота аўтара.
Информацию читайте в номере 71 – 74 от 31.03.2012 г.