У Пятровiцкай вясковай бiблiятэцы адбылося паседжанне за круглым сталом, прысвечанае 105-годдзю з Дня нараджэння нашага земляка, выдатнага беларускага паэта-перакладчыка, пiсьменнiка, фалькларыста, заслужанага дзеяча культуры Беларусi, унiкальнага таленавiтага чалавека.
На сустрэчу былi запрошаны родныя i блiзкiя Язэпа Iгнатавiча, землякi, настаўнiкi Пятровiцкай школы, былыя вучнi, Iрына Лапцёнак, кандыдат фiлалагiчных навук, даследчык творчасцi Язэпа Семяжона, дырэктар IПК i ПК Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў, Федарэнка Святаслаў Мiкалаевiч, мастак, Лаўрэат прэмii спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў i студэнтаў.
Да сустрэчы бiблiятэкар Алена Юр’еўна Процька падрыхтавала сцэнарый правядзення гэтага мерапрыемства. Усе прысутныя мелi магчымасць выступiць, успомнiць добрымi словамi нашага знакамiтага земляка i была праведзена экскурсiя ў краязнаўчы музей, дзе размешчана экспазiцыя вёскi Пятровiчы.
Таццяна Мiкалаеўна Апацкая расказала пра руплiвую працу, якую яна правяла па падрыхтоўцы дакументальных матэрыялаў i iх афармленнi.
Iрына Бранiславаўна Лапцёнак пазнаёмiла нас з напiсанай ёю кнiгай «Паэт-перакладчык Язэп Семяжон», расказала, якiя факты з жыцця Язэпа Семяжона яна выкарыстала ў сваiм даследваннi творчасцi Язэпа Семяжона (адметнасць творчасцi, шматграннай iндывiдуальнасцi).
Марыя Iванаўна Iвашына, былы дырэктар Пятровiцкай сярэдняй школы, зачытала лiст, якi прыслаў Язэп Iгнатавiч настаўнiкам, аднакласнiкам i вучням Пятровiцкай школы яшчэ ў 1977 годзе:
«Што ж датычыць самой Пятровiцкай сярэдняй школы, то цi не варта было падумаць над тым, каб сваiмi сiламi ў адным з яе класаў абсталяваць i аформiць для пачатку хаця б краязнаўчы куток, у якiм знайшлi б сваё мёсца i матэрыялы аб яе выпускнiках, што вызначылiся ў працы i абароне Радзiмы, i гiстарычныя даведкi, i матэрыялы аб славутых земляках, якiя нарадзiлiся ў нашых мясцiнах».
Прачытаўшы гэты хвалюючы лiст, настаўнiкi i вучнi вырашылi збiраць матэрыялы, каб у Пятровiцкай сярэдняй школе адкрыць краязнаўчы этнаграфiчны музей. I ў 1989 годзе мы выканалi запавет Язэпа Iгнатавiча. I гэта мела вялiкае значэнне для патрыятычнага выхавання падрастаючых пакаленняў, бо менавiта там у школе — пачатак усiх нашых пачаткаў. I пра гэта трэба памятаць заўсёды.
Пасля закрыцця Пятровiцкай сярэдняй школы многiя матэрыялы перададзены ў Пятровiцкую вясковую бiблiятэку, дзе прадаўжаецца самаадданая i руплiвая праца, надаецца вялiкая ўвага да родных каранёў, сваёй культуры, спадчыны.
Сваякi паэта Наталля Процька, Валянцiна Семяжон успомнiлi пра яго чалавечныя сваяцкiя адносiны да родзiчаў.
Мастак Святаслаў Мiкалаевiч Федарэнка падараваў першы эскiз партрэта Язэпа Семяжона i расказаў пра першае знаёмства з iм i працу над партрэтам.
Таксама парадаваў нас песнямi ансамбль народнай песнi «Рэчанька». А на развiтанне ўсе прысутныя выканалi любiмую песню Язэпа Iгнатавiча «Ой, бярозы ды сосны» Адама Русака.
Атрымалася вельмi цiкавая душэўная сустрэча. Гэта яскравы прыклад таго, наколькi моцнай i непарыўнай можа быць сувязь з роднай зямлёй, з роднымi каранямi.
Марыя Iванаўна IВАШЫНА, старшыняПятровiцкай арганiзацыi ветэранаў,
Вольга ЛАТУШКА, удзельнiца сустрэчы.