Міжнародны дзень роднай мовы адзначаўся сёлета 20-ы раз. Для кожнага народа ён асаблівы. З больш чым шасці тысяч моў, існуючых на Зямлі, палова – пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання рашэннем ЮНЭСКА было абвешчана гэтае свята, якое адзначаецца 21 лютага.
Беларусам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая, мілагучная, паэтычная. І толькі сучаснікі вольныя вырашаць: развівацца ёй, ці загінуць, якія сцяжыны прайсці і якой беларускую мову пачуюць праз шмат дзесяцігоддзяў. Не варта нагадваць, што мова жывая, пакуль на ёй гавораць.
Да Дня роднай мовы ў Беларусі заўсёды рыхтуюцца актыўна. Адбываюцца круглыя сталы, прэзентацыі, канцэрты. Ладзіцца ўсё гэта ў школах, гімназіях, дзіцячых садках, іншых установах. Вось і Зеленаборская сельская бібліятэка сумесна з Домам культуры далучыліся да гэтых падзей. На тэматычную праграму “Таямніцы беларускіх слоў” наведаліся вучні 3-5 класаў школы разам з настаўнікамі. Каб стварыць адпаведную атмасферу, у бібліятэцы была падрыхтавана кніжная выстава: стэнд, упрыгожаны саматканымі палотнамі змясціў выразы беларускіх пісьменнікаў аб роднай мове. Пачалася сустрэча з віктарыны, якая складалася з раздзелаў: “Перакладчык”, “Хітрыя словы”, “Назаві адным словам”, “Заданні на кемлівасць”. Самыя актыўныя ўдзельнікі па выніках віктарыны былі ўзнагароджаны салодкімі падарункамі. Сустрэчу працягнуў невялікі канцэрт, на якім дзеткі пачулі не толькі беларускія песні. Нашы землякі спявалі песні на родных мовах сваёй далёкай радзімы: украінскай і лінгала – мове, на якой размаўляюць жыхары афрыканскай краіны Конга. Завяршыў сустрэчу анімацыйны фільм кінастудыі “Беларусьфільм” “Вясёлыя літары” пра асаблівасці беларускага алфавіту. Арганізатары сустрэчы выказалі гасцям пажаданне часцей чытаць на беларускай мове і ўжываць яе ў побыце.
Таццяна ГУСЕВА, бібліятэкар Зяленаборскай сельскай бібліятэкі.