Штогод па выніках работы сеткі публічных бібліятэк Смалявіцкага раёна выяўляюцца лепшыя бібліятэкі. Па выніках мінулага года адной з іх была прызнана Пятровіцкая сельская бібліятэка.
Пятровіцкая бібліятэка пачала сваю дзейнасць ў 1948 годзе. Пасля вайны асабліва шмат намаганняў прыйшлося прыкласці для развіцця культурна-асветніцкіх устаноў. Культасветустановы былі яшчэ дрэнна абсталяваны, многія знаходзіліся ў непрыстасаваных памяшканнях. Аднак і ў такіх умовах культасветработа сярод насельніцтва праводзілася. Калектывы мастацкай самадзейнасці выступалі з канцэртамі ў населеных пунктах, праводзіліся канферэнцыі чытачоў і іншыя мерапрыемствы. Дарэчы, у 1958 годзе званне “Лепшая сельская бібліятэка” было прысвоена бібліятэцы в. Пятровічы.
У выніку праведзенай даследчай работы быў знойдзены фотаздымак Пятровіцкага Дома культуры, які ў тыя часы выконваў ролю цэнтра культурнага жыцця. Менавіта тут у пасляваенны час размяшчаўся Пятровіцкі сельскі Савет, бібліятэка і пошта. Памяшканне хаты-чытальні было вельмі маленькае, займала адзін пакой, у якім было ўсяго некалькі сцелажоў. Кнігі купляў сам бібліятэкар.
Сёння адным з галоўных накірункаў работы Пятровіцкай сельскай бібліятэкі з’яўляецца краязнаўчая дзейнасць. Шмат гадоў тут вядуцца летапісы вёскі і бібліятэкі, захоўваюцца матэрыялы аб мінулым вёскі і яе славутых ураджэнцах. Прыцягвае ўвагу чытачоў і краязнаўчы цэнтр “Зямля бацькоў – зямля святая”, дзе знайшла адлюстраванне гісторыя краю. Шырока прадстаўлены ў бібліятэцы кнігі па краязнаўству, тэматычныя альбомы. Багаты матэрыял і па гісторыі вёскі Пятровічы, шмат інфармацыі пра вядомых людзей, якія нарадзіліся і жылі тут. У мінулым годзе ў бібліятэцы з’явіўся куток вядомага земляка, паэта і перакладчыка Язэпа Семяжона і адбылося ўрачыстае яго адкрыццё. Гэта мерапрыемства стала часткай вялікага святочнага вечара “На роднай зямлі”. Сама імпрэза пачалася наведваннем магілы пісьменніка і ўскладаннем вянкоў. Потым арганізатары і госці, у ліку якіх галоўны спецыяліст кіравання ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Зазяркоўская, мастак Святаслаў Мікалаевіч Федарэнка, а таксама сваякі паэта, пазнаёміліся з літаратурным аглядам творчасці Язэпа Семяжона. Пасля літаратурна-музычнай кампазіцыі ўдзельнікам мерапрыемства быў прадстаўлены відэафільм Ірыны Лапцёнак аб творчасці земляка. Прыемнай нечаканасцю для ўсіх прысутных сталі памятныя падарункі ад Святаслава Федарэнкі: партрэт знакамітага земляка, кніга М.Гусоўскага “Песня пра зубра” у перакладзе Язэпа Семяжона з яго аўтографам, а таксама кніга “Жывапіс” самога мастака.
Дзейнасць Пятровіцкай сельскай бібліятэкі вельмі рознабаковая. Напрыклад, у межах раённага конкурсу “Краязнаўчая знаходка” Пятровіцкай сельскай бібліятэкай былі падрыхтаваны матэрыялы на тэму «Оккупация и сопротивление в деревне Петровичи в 1941-1944 гг.», дзе сабраны ўспаміны жыхароў вёскі Пятровічы, а таксама праца “Помни имя своё”, у якой прадстаўлены вынікі даследавання гісторыі вёскі Пятровічы.
Усё гэта зроблена дзякуючы бібліятэкару Ніне Уладзіміраўне Лукашонак, якая працуе тут з 1980 года. Гэта сумленны і адданы сваёй працы чалавек. У планах на 2013 год – стварэнне доўгатэрміновай выставы “Зямля нам дадзеная лёсам”, краязнаўчай папкі “Радавод сям’і Пякарскіх” і сустрэча з гісторыкам і пісьменнікам А.Марціновічам, прысвечаныя 155-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага этнографа Э.К. Пякарскага – выхадца з вёскі Пятровічы.
А.Г. МАРОЗАЎ, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Смалявіцкай ЦБС.
Подробную информацию читайте в номере 133 – 134 от 12.06.2013 г.