Адраджэнне нацыянальнай спадчыны сёння з’яўляецца адной з найбольш важных задач грамадства. Любоў да роднай мовы, роднага краю прыходзіць праз веданне літаратуры, гісторыі, культуры, побыту мясцовасці. У вывучэнні нашай спадчыны вялікую ролю адыгрывае бібліятэка. Супрацоўнікі сеткі публічных бібліятэк Смалявіцкага раёна добра разумеюць, як важна кожнаму з нас, асабліва падрастаючаму пакаленню, ведаць свае карані, гісторыю роднага краю і нацыянальнай культуры.

Адраджэнне нацыянальнай спадчыны сёння з’яўляецца адной з найбольш важных задач грамадства. Любоў да роднай мовы, роднага краю прыходзіць праз веданне літаратуры, гісторыі, культуры, побыту мясцовасці. У вывучэнні нашай спадчыны вялікую ролю адыгрывае бібліятэка. Супрацоўнікі сеткі публічных бібліятэк Смалявіцкага раёна добра разумеюць, як важна кожнаму з нас, асабліва падрастаючаму пакаленню, ведаць свае карані, гісторыю роднага краю і нацыянальнай культуры.

У мінулым годзе бібліятэкі раёна прымалі ўдзел у акцыі “Краязнаўчая знаходка”. У ліку асноўных мэтаў і задач акцыі – актывізацыя пошукавай дзейнасці сельскіх бібліятэк, а таксама вывучэнне сваёй мясцовасці. Пошук матэрыялаў адбываўся па наступных тэмах: мясцовы фальклор, народнае майстэрства, мясцовая кухня, народныя святы і абрады. Усяго ў рамках акцыі было прадстаўлена дванаццаць работ на самыя розныя тэмы.

Работа Будагоўскай сельскай бібліятэкі “Нам засталася спадчына” і Пятровіцкай сельскай бібліятэкі “Помні сваё імя” былі аб’яднаныя адной тэмай і прадстаўлены ў выглядзе летапісаў вёскі. Цікавае і змястоўнае даследванне падрыхтавалі ў Пятровіцкай сельскай бібліятэцы. Гэта вынік калектыўнай працы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Т.М. Апацкай, настаўніцы гісторыі Л.Л. Хусанавай і бібліятэкара Н.В. Лукашонак. Работа змяшчае ў сабе падрабязную гісторыю вёскі Пятровічы, звесткі аб вядомых земляках, успаміны жыхароў вёскі, інфармацыю пра мясцовыя звычаі і абрады.

У рабоце бібліятэкара Будагоўскай бібліятэкі А.В. Шломы значнае месца адведзена вядомым і паважаным людзям – перадавікам вытворчасці, народным умельцам вёскі Будагова. Бібліятэкар Арэшнікаўскай сельскай бібліятэкі В.М. Вайцяхоўская сваю работу “Чалавек з маёй вёскі” прысвяціла зямлячцы Я.А. Кашэль. Тэма народнага майстэрства была працягнута А.М. Папельскай – бібліятэкарам Жажэлкаўскай бібліятэкі. Праца “Жажелковские мастерицы” прысвечана майстрыхам, а таксама дзецям, якія цікавяцца рукадзеллем і імкнуцца пераняць асновы майстэрства ў дарослых.

Супрацоўніца Арджанікідзеўскай бібліятэкі- філіяла Т.К. Пенкіна сабрала матэрыял аб раённым Цэнтры рамёстваў. Краязнаўчай знаходкай бібліятэкара Куркаўскай сельскай бібліятэкі Л.В. Кізінай з’явілася вясельная кашуля жыхара вёскі Шпакоўшчына К.Ф. Бароўскага, якая цяпер з’яўляецца адным з экспанатаў музея Куркаўскай сярэдняй школы.

Матэрыял пад назвай “Традыцыі і абрады” быў прадстаўлены бібліятэкарам Кляннікскай сельскай бібліятэкі С.М. Лявончык. Асаблівасць яго ў падрабязным апісанні звычаяў і абрадаў, якія бытавалі ў вёсцы Кляннік.

Матэрыял “Духоўная спадчына” Т. І. Касабудскай, бібліятэкара Драчкаўскай бібліятэкі, прысвечаны гісторыі Могілкавай Свята-Казьма- Дзям’янаўскай царкве, пабудаванай у 1850 годзе, а таксама Лядаўскаму манастыру Дабравешчання, гісторыя якога бярэ пачатак у васемнаццатым стагоддзі.

Бібліятэкар Усяжскай сельскай бібліятэкі Ю.І. Арцішэўская ў рабоце “Жыццё і песня” распавяла аб таленавітых жанчынах, удзельніцах народнага фальклорнага гурта “Маладзічкі”.

Некалькі работ былі прысвечаны беларускай кухні. Напрыклад, М.А. Бабундзіна –бібліятэкар Чырвонасцяжскай сельскай бібліятэкі – прасачыла, якой была кухня беларуса з даўніх часоў і да нашых дзён. Бібліятэкар Зеленаборскай бібліятэкі Т.К. Гусева ў сваёй даследчай рабоце “Мясцовая кухня” адлюстравала шматнацыянальнасць страў, якія характэрны для пасёлка Зялёны Бор. Варта адзначыць, што гэтая работа прызнана лепшай сярод іншых.

Бібліятэкар Усяжскай бібліятэкі В.М. Сабалеўская як краязнаўчую знаходку прэзентавала ўспаміны аб жыцці і творчасці таленавітага літаратара, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Хамутоўскага, з якім аўтарка была асабіста знаёмая.

Усе вышэйпералічаныя работы з’яўляюцца вялікай краязнаўчай каштоўнасцю для бібліятэк і іх чытачоў. Вынікі акцыі “Краязнаўчая знаходка” сведчаць аб невычэрпным патэнцыяле бібліятэк у справе адраджэння нацыянальнай культуры, назапашвання і распаўсюджвання фальклорна-этнаграфічнай спадчыны.

Л.М. ДЗЯРКАЧ, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу
сеткі публічных бібліятэк Смалявіцкага раёна.

Информацию читайте в номере 25 – 28  от 2.02.2013 г.