ЯЗЭП СЕМЯЖОН – ПАЭТ І ПЕРАКЛАДЧЫК

Смалявіцкая зямля вельмі багатая на таленты: на вучоных і пісьменнікаў, на спартсменаў і мастакоў. Не выключэнне і Пятровічы – вёска на поўдні Cмалявіччыны. Яе жыхарам таксама ёсць чым ганарыцца. Але асобна ў шэрагу знакамітых людзей пятровіцкай зямлі стаіць імя Язэпа Семяжона.

ЯЗЭП СЕМЯЖОН – ПАЭТ І ПЕРАКЛАДЧЫК

Смалявіцкая зямля вельмі багатая на таленты: на вучоных і пісьменнікаў, на спартсменаў і мастакоў. Не выключэнне і Пятровічы – вёска на поўдні Cмалявіччыны. Яе жыхарам таксама ёсць чым ганарыцца. Але асобна ў шэрагу знакамітых людзей пятровіцкай зямлі стаіць імя Язэпа Семяжона.

Язэп Семяжон – гэта вядомы паэт-перакладчык, член Саюза пісьменнікаў, ветэран вайны, выкладчык замежных моў, публіцыст і фалькларыст, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, уладальнік ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэна Дружбы народаў, ордэна Айчыннай вайны І ступені, двух ордэнаў Чырвонай Зоркі, польскага ордэна, шматлікіх медалёў. Нарадзіўся ён 3 (16) лістапада 1914 года ў вёсцы Пятровічы Ігуменскага павета Мінскай губерніі (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці). Маленства Я. Семяжона было складаным. Старэйшы брат загінуў у час Першай сусветнай вайны, праз год памёр яшчэ адзін брат, а за ім — старэйшая сястра. Каб пазбегнуць голаду, маці забрала Язэпа, яшчэ дваіх сыноў і дачку, і з’ехала да сваіх родных у г. Друю (былая Віцебская губернія). З надзеяй на лепшае жыццё вярнуліся яны ў Пятровічы толькі праз два гады.

Калі ж пачалася дарога сына лесніка ў вялікі свет літаратуры? Можна сказаць, што з самага маленства. Спачатку, акрамя беларускай і рускай, была польская мова, якой Язэпа Семяжона навучыла настаўніца малодшых класаў. Пашанцавала і з вывучэннем нямецкай мовы: ён жыў на кватэры выкладчыцы, калі вучыўся ў Смілавіцкай сярэдняй школе. Пашчасціла Язэпу Семяжону і ў тым, што лёс звёў яго з самім Ул. Галубком. У 1932 – 1934 гг. учарашні вясковы юнак быў акцёрам тагачаснага Трэцяга беларускага дзяржаўнага тэатра. Тут ён заняўся вывучэннем французскай мовы і ў 1934 г. паступіў у Мінскі педагагічны інстытут на філалагічны факультэт. Па словах Язэпа Семяжона, “чатырох гадоў хапіла, каб змог размаўляць па-англійску і па-французску. Ведаючы гэтыя мовы, пакрысе падступіўся і да іншых. Напрыклад, англійская мова дапамагла вывучыць галандскую, нават дацкую, шведскую… Праз французкую прыйшоў да іспанскай. Італьянскую мову вывучаў пазней, калі ў гады вайны быў вайсковым разведчыкам”. У хуткім авалодванні Язэпам Семяжонам замежнымі мовамі паядналіся напорыстасць і, вядома, талент. Бо ўжо напачатку сваёй творчай дарогі ён выступіў з арыгінальнымі вершамі.

Дзякуючы нястомнай працы выдатнага паэта-перакладчыка сёння на нашай роднай мове гучаць многія ўзоры класічнай і сучаснай паэзіі з усіх кантынентаў планеты, прычым гучаць добра, натуральна па-беларуску і праўдзіва ў дачыненні да арыгіналаў, бо Язэп Семяжон сапраўды пазбягаў у сваіх паэтычных перакладах сэнсава-вобразнай “маны”, імкнучыся заўсёды захоўваць вернасць духу арыгінала.

Язэп Семяжон яшчэ ў студэнцкія гады надрукаваў на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” свой першы паэтычны пераклад паэзіі Байрана. З таго часу і пачалася перакладніцкая дзейнасць пісьменніка. Адзін за другім робіць ён пераклады неўміручых твораў Шэкспіра, Бёрнса, Беранжэ, Гейнэ і інш. Семяжон адкрыў беларускаму народу італьянскіх пісьменнікаў Радары, Севярыні, пазнаёміў з хараством паэзіі А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, польскіх, чэшскіх, славацкіх, нямецкіх песняроў.

Далейшым універсітэтам было само жыццё. Прызваны ў кастрычніку 1938 г. у армію Я. Семяжон звольніўся ў саракавым годзе. Праўда, праз месяц-другі зноў апрануў шынель: працаваў у разведаддзеле штаба асобай Беларускай ваеннай акругі перакладчыкам. Удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, у савецка-фінскай вайне, Вялікай Айчыннай… Дэмабілізаваўся толькі ў 1959 г.

Амаль усё, да чаго дакранаўся Язэп Семяжон, пазначана высокай паэтычнасцю. Раскрываючы сакрэты сваёй творчасці, ён зазначыў: “Правільнай лічу такую ўстаноўку – перакладваць не слова ў слова, а паэзію – паэзіяй, вобраз – вобразам”. Асобнае месца ў творчасці Я. Семяжона займае пераклад з лацінскай мовы паэмы выдатнага беларускага паэта эпохі Адраджэння Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Чатыры з паловай стагоддзі аддзяляюць нас ад тых дзён, калі была напісана гэта паэма.

Памёр Іосіф Ігнатавіч Семяжон 16 жніўня 1990 года, пахаваны на Пятровіцкіх могілках. Дзякуючы родным Я.Семяжона – Надзеі Рыгораўне і Валянціне Рыгораўне Мацюк, мы даведаліся шмат цікавага аб яго жыцці.

Сваёй шматграннай творчай дзейнасцю Язэп Семяжон зрабіў значны ўнёсак у развіццё мастацкага перакладу, гісторыю беларускай культуры, нацыянальную культуру Беларусі. Сабраўшы фотаздымкі, копіі рукапісаў, кнігі, успаміны, аўтографы – усяго каля 500 адзінак – створаны куток Язэпа Семяжона ў сельскай бібліятэцы.

Сабраны дакументы і вядзецца хадатайніцтва перад выканаўчым камітэтам і іншымі інстанцыямі, каб устанавіць мемарыяльную дошку Язэпу Семяжону, і, спадзяёмся, што гэта адбудзецца ў 2014 годзе, калі мы будзем адзначаць 100-гадовы юбілей з дня нараджэння славутага земляка. А сёння мы верым, што невялічкі куток хутка перарасце ў музей, і вёска Пятровічы стане месцам, куды, як марыў наш зямляк, “змогуць часта наведвацца экскурсіі адпачываючых і турыстаў з нашай краіны і з-за яе межаў”.

Н.У. ЛУКАШОНАК, бібліятэкар Пятровіцкай сельскай бібліятэкі.

Фота із архіва.

Подробную информацию читайте в номере 141 – 144  от 22.06.2013 г.