У сакавіку ў глядзельнай
зале Барсукоўскага сельскага Дома культуры прайшло цудоўнае свята, прысвечанае
25-годдзю народнага фальклорнага калектыву «Жывіца”. На свята завітала шмат гасцей.
Удзельніцы калектыва – галоўныя жнейкі раёна – вельмі хваляваліся, але зал сустрэў
іх бурнымі апладысментамі і цёплымі ўсмешкамі.
На працягу двух з паловай гадзін на сцэнічнай пляцоўцы гучалі песні пад гармонік,
удзельнікаў калектыву са святам віншавалі госці, жадалі доўгіх гадоў існавання,
дарылі падарункі.
У сакавіку ў глядзельнай зале Барсукоўскага сельскага Дома культуры прайшло цудоўнае свята, прысвечанае 25-годдзю народнага фальклорнага калектыву «Жывіца”. На свята завітала шмат гасцей. Удзельніцы калектыва – галоўныя жнейкі раёна – вельмі хваляваліся, але зал сустрэў іх бурнымі апладысментамі і цёплымі ўсмешкамі. На працягу двух з паловай гадзін на сцэнічнай пляцоўцы гучалі песні пад гармонік, удзельнікаў калектыву са святам віншавалі госці, жадалі доўгіх гадоў існавання, дарылі падарункі.
На юбілей «Жывіцы” прыйшлі ўсе кіраўнікі, якія ў той ці іншы час працавалі з калектывам на працягу 25 гадоў. Гэта заснавальнік і першы кіраўнік ансамбля Ларыса Уладзіміраўна Яраш, Сяргей Сцяпанавіч Палякоў, Алена Мікалаеўна Якіменка, Іна Юр’еўна Косарава, Андрэй Вітальевіч Перадзерый. Кожны з іх унес свой уклад і надаў калектыву нешта сваё, асаблівае. Таму і ў праграме святочнага канцэрта гучалі тыя песні, якія калектыў вывучаў на працягу 25 год з кожным кіраўніком.
Рэпертуар ансамбля налічвае шмат народных песен і абрадаў. У мінулым годзе пад кіраўніцтвам Наталлі Шэверноўскай калектыў «Жывіца” зноў падцвердзіў сваё ганаровае найменне «народны”, паказаўшы зажыначны абрад «Добры дзень, ніўка, ядронае жыта!”. У другой палове канцэрта на сцэнічнай пляцоўцы ў выкананні калектыву гучалі акапэльныя песні з зажыначнага абрада. Але ж не толькі манера выканання песен надала гэтай палове абрадавы характар, а і фальклорныя касцюмы, у якія былі апрануты ўдзельніцы калектыву.
Акрамя юбіляраў, у святочным канцэрце прымалі ўдзел і іншыя творчыя калектывы: узорны танцавальны калектыў «Ніка”, танцавальныя калектывы «Задорынка” і «Страла” пад кіраўнітвам Ганны Ракіцкай; дзіцячы ансамбль народнай песні «Зорачка” – кіраўнік Крысціна Мыцько, саліст Барсукоўскага СДК Валерый Кузьміных. Таксама ў госці да калектыву завіталі сапраўдныя сябры – народнае аматарскае аб’днанне «У кругу сяброў” Жодзінскага гарадскога Дома культуры пад кіраўніцтвам Наталлі Зайцавай. Яны не толькі прымалі ўдзел у канцэрце як гледачы, але і падаравалі калектыву сказаныя на дарогу словы і добрыя свае песні.
У гэты дзень гасцей свята сустракалі выставы, якія размяшчаліся ў фае Барсукоўскага СДК: «Працоўныя рукі” майстра па вышыўцы Валянціны Савіцкай; выстава і майстар-клас па шапавальству Людмілы Шчурок «”Зімовае лета”; выстава-калекцыя лялек з розных краёў свету, сабраных Святланай Сцяцэнка.
Народны фальклорны калектыў «Жывіца” выказвае сваю падзяку ўсім, хто прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні святочнага канцэрта, асабліва выканаўцу абавязкаў дырэктара раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Уладзіміру Міхайлавічу Гаўрыкаву і кіраўніку народнага ансамбля народнай песні «Смаляначка” Смалявіцкага ГДК Андрэю Вітальевічу Перадзерыю.
Цудоўнае і яскравае свята падараваў нам у пачатку вясны народны фальклорны калектыў «Жывіца”. Яшчэ раз віншуем кіраўніка і ўдзельнікаў калектыву з юбілеем! Жадаем доўгіх год жыцця, творчых перамог, спеўнага натхнення і моцнага здароўя!
Крысціна МЫЦЬКО, дырэктар Барсукоўскага СДК.
На фота: калектыў «Жывіца»; на выставе.
Информацию читайте в номере 73 – 74 от 01.04.2015 г.